Міністр абароны Турцыі: Вываз украінскага збожжа працягнецца пад турэцкім сцягам


Судны пад турэцкім сцягам працягнуць вывозіць украінскае збожжа з партоў пасля заявы Расеі аб выхадзе са збожжавай здзелкі. Аб гэтым заявіў міністр абароны Турцыі Хулусі Акар, паведамляецца на афіцыйным сайце турэцкага вайсковага ведамства. 

Міністр абароны Турцыі Хулусі Акар.
Фота: міністэрства абароны Турцыі / msb.gov.tr

Паводле заявы міністра абароны Турцыі Хулусі Акара, якую ён зрабіў увечары 1 лістапада, Турцыя працягне вывозіць украінскае збожжа пасля выхаду Расейскай Федэрацыі з пагаднення. Па дамове Масква гарантавала бяспечны праход суднаў са збожжавымі грузамі з раней заблакаваных чарнаморскіх партоў.

«Мы лічым, што падпісанае пагадненне выгаднае для ўсіх бакоў і яго парушэнне будзе праблемай для кожнага з бакоў. Мы хочам прадоўжыць транспарціроўку збожжа, і мы будзем укладваць у гэта сваю частку», – адзначыў Хулусі Акар.

Турэцкі міністр таксама паведаміў, што Стамбул меў адпаведныя размовы з Украінай і Расеяй. Расейскі міністр абароны Сяргей Шайгу, у сваю чаргу, паабяцаў перадаць прадстаўленую інфармацыю свайму кіраўніцтву.

«Мы нагадалі нашым суразмоўцам, што выхаду з пагаднення быць не можа. Рух у гэтым напрамку працягваецца. Мы ацэньваем наяўныя дадзеныя таго, што пагадненне будзе працягвацца», – падкрэсліў Акар, адзначыўшы, што спадзяецца на беспраблемны экспарт украінскага збожжа.

Адказваючы 1 лістапада на ​​​​пытанне журналіста аб апошнім стане судоў, загружаных пасля таго, як Расея заявіла аб прыпыненні збожжавага калідору, міністр абароны Турцыі сказаў:

«Па стане на ўчорашні дзень караблі, якія выйшлі з украінскіх партоў і рухаюцца па моры, працягваюць свой шлях. Праблем выхаду судоў пад турэцкім сцягам няма. Яны і надалей будуць выходзіць».

Акар таксама паведаміў, што з пачатку рэалізацыі збожжавай дамовы больш за 10 мільёнаў тон украінскага збожжа «было адпраўлена тым, хто мае патрэбу». Паводле яго ацэнкі, спыненне транспарціроўкі збожжа выклікае «сурʼёзныя праблемы голаду ў краінах, якія развіваюцца, рост коштаў і ў выніку пагаршэнне палітычнай стабільнасці». Адразу пасля падпісання пагаднення адбылося сурʼёзнае зніжэнне і палягчэнне коштаў на збожжа.

Раней паведамлялася, што 29 кастрычніка Расея заявіла аб прыпыненні збожжавай дамовы, а 31 кастрычніка – аб прыпыненні праходу суднаў са збожжам.

Hавiны
Расея заявіла пра прыпыненне праходу судоў са збожжам з Украіны
2022.10.31 21:41

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў