Анджэй Пачобут адмовіўся ад дэпартацыі. Цяпер яму не перадаюць лекі ў СІЗА


Анджэй Пачобут.
Фота: Анджей Почобут / Facebook

Палітзняволенаму журналісту, чальцу незалежнага Саюзу палякаў Беларусі Анджэю Пачобуту не перадаюць лекі ад сэрца.

Як паведаміла жонка журналіста Аксана Пачобут, на мінулым тыдні Анджэй праз адваката папрасіў перадаць яму лекі. У чацвер, 27 траўня, іх даставілі ў СІЗА Жодзіна. Аднак у гэты панядзелак, 31 траўня, ён зноўку перадаў сваю просьбу. Аксана хвалюецца, ці дойдуць лекі да мужа, бо ён мае праблемы з сэрцам: збіваецца рытм, таму лекі жыццёва неабходныя.

Анджэй Пачобут – адзін з пяці лідараў польскай меншасці ў Беларусі, арыштаваных у сакавіку беларускімі спецслужбамі паводле так званай «справы палякаў».

Артыкулы
Трох фігурантак «справы Саюзу палякаў» прымусова вывезлі з Беларусі
2021.06.02 13:23

Сёння стала вядома, што трох палітзняволеных актывістак СПБ – Ірэну Бярнацкую, Марыю Цішкоўскую і Ганну Панішаву – вывезлі з СІЗА ў Польшчу. Польскае МЗС заявіла, што гэта адбылося яшчэ 25 траўня, але сваякі затрыманых нічога не ведалі. Вярнуцца ў Беларусь жанчыны не змогуць.

Паводле інфармацыі дырэктаркі «Белсату» Агнешкі Рамашэўскай-Гузы, Анджэю Пачобуту таксама прапаноўвалі дэпартацыю, аднак ён катэгарычна адмовіўся і застаецца за кратамі. У сваіх лістах да жонкі ён піша, што вытрымае ўсё, што яго чакае. Дзе зараз знаходзіцца Анджаліка Борыс – пакуль дакладна невядома.

Аб’ектыў
Улады Беларусі атакуюць саюз палякаў
2021.03.25 22:04

У сакавіку Генеральная пракуратура распачала крымінальную справу супраць старшыні Саюзу палякаў у Беларусі Анджэлікі Борыс ды іншых лідараў польскай меншасці, сярод якіх журналіст Анджэй Пачобут, дырэктарка грамадскай школы пры СПБ у Ваўкавыску Марыя Цішкоўская, заснавальніца і дырэктарка «Форуму польскіх лакальных ініцыятыў» Ганна Панішава, кіраўніца лідскай філіі СПБ Ірэна Бярнацкая.

Іх абвінавацілі ў распальванні нацыянальнай варожасці. Падставаю сталі гістарычныя і культурніцкія імпрэзы, якія ладзіліся цягам апошніх трох гадоў. Санкцыя крымінальнага артыкула, паводле якіх іх абвінавачваюць, прадугледжвае ад 5 да 12 гадоў пазбаўлення волі. Усіх пяцёх арыштаваных паводле «справе палякаў» праваабаронцы прызналі палітычнымі зняволенымі. Яны знаходзіліся пад вартай: спачатку ў СІЗА на Валадарскага ў Менску, затым – у СІЗА Жодзіна.

ВК, “Белсат”

Стужка навінаў