Праводзім 2022 год. Не хаваем галаву ў пясок ад вайны. І не ўпадаем у адчай. Смяёмся нягодам у твар. Спяваем песні вольных людзей. Набліжаем вызваленне Беларусі.
А 20:25 вынікі года падвядзе Яўген Валошын у «самым непрадказальным навагоднім шоу ў гісторыі» – у «Плане: Б». Дастанецца і Расеі, і Лукашэнку, і Аб’яднанаму пераходнаму кабінету. Рыхтуйцеся да жорсткіх палітычных дэбатаў.
Вечар працягнуць сатырычныя і забаўляльныя праграмы, пародыі і гумарыстычныя скетчы.
Міхась Зуй, Кацярына Ваданосава і Дзяніс Дудзінскі разам з камандаю «Хай так TV» пракраліся ў васямнаццатую, самую сакрэтную рэзідэнцыю Лукашэнкі, каб абмеркаваць абсурдныя навіны Беларусі проста там. Што атрымалася – пабачыце а 21:20.
А 21:55 – «Жэстачайшы мульт», карыкатура на рэжымы дзядоў Аляксандра Рыгорыча і Уладзіміра Уладзіміравіча, якая выцвельвае іх і прагназуе развіццё падзеяў. І што важна – прагнозы спраўджваюцца! Магчыма, дзяды чэрпаюць ідэі з «Мульта»?
А 22:20 – вострасатырычнае шоу «Вечаровы шпіль», дзе Алесь Карніенка пракаментуе падзеі апошняга тыдня 2022 года.
А 22:45 – навагодні канцэрт, але незвычайны. У ім героі меліся сустрэць новы 2008 год, але здарыўся цуд. Яны чароўным чынам перанесліся ў часе і пабачылі сучасную Беларусь. Успамінаем, якімі мы былі і што з намі сталася, пад музыку «Naviband», «РСП», «Kriwi», Юрыя Стыльскага, Лявона Вольскага, Аляксандра Памідорава, Ілоны Карпюк, Вольнага хору, Кацярыны Ваданосавай, AnaMova, Маргарыты Ляўчук і «J:Mors».
А 23:50 да беларусаў звернецца Святлана Ціханоўская.
Новы 2023 год «Белсат» распачне музычна. Пасля гімну «Мы выйдзем шчыльнымі радамі» прагучыць легендарны «Народны альбом», найлепшыя выступы беларускіх музыкаў у праграме «Belsat Music Live», канцэрт іранічна-вясёлага і гераічна-патрыятычнага гурту «Крамбамбуля» ды шыкоўная нарэзка разнастайных кліпаў «Партызанскі новы год».
А самых трывалых гледачоў а 7:30 чакае музычны фільм «Вяртанне дадому», пра беларусаў, якія нарэшце вяртаюцца ў вызваленую Беларусь.
Дзякуем, што 15 гадоў былі з намі! Зычым шчаслівага новага года! Заставайцеся з намі.
Глядзець нас можна праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва – «Sirius4») у эфіры, онлайн, на YouTube, а таксама ў прыкладанні Belsat Smart для мабільных тэлефонаў (iOS і Android) і смарт-тэлевізараў.