Тлумачым, чаму інцыдэнт у Берліне – не тое самае, што захоп самалёта ў Беларусі.
Самалёт авіякампаніі «Ryanair» зноў экстрана прызямлілі ў сувязі з ложным паведамленнем пра бомбу на борце: увечары 30 траўня рэйс FR1901 з Дубліну ў Кракаў зрабіў пасадку ў Берліне, пасажыраў эвакуявалі, бомбы не знайшлі, усіх пасажыраў даставілі ў Кракаў на іншым самалёце.
Беларускі дзяржаўны тэлеканал ОНТ пытае: ці будуць адносна гэтага выпадку такія ж санкцыі, якія робяць супраць Беларусі за інцыдэнт у Менску? Тэлеканал заяўляе пра «поўнае адчуванне дэжа-вю» і «гістэрычную рэакцыю Захаду» на менскі інцыдэнт. Падобную пазіцыю заняла афіцыйная прадстаўніца Міністэрства замежных справаў Расеі.
Паводле нямецкага выдання Bild, у нядзелю ўвечары рэйс FR 1901 з Дубліну ў Кракаў зрабіў экстраную пасадку ў аэрапорце «Берлін-Брандэнбург». Афіцыйны прадстаўнік аэрапорту расказаў, што з самалёта паведамілі пра аварыйную сітуацыю, і аэрапорт даў дазвол на пасадку. Пра бомбу невядомы заявіў праз тэлефон, расказалі ў паліцыі, але куды было тое тэлефанаванне, не ўдакладнілі.
160 пасажыраў эвакуявалі з самалёта. Іхны багаж і сам борт праверылі з сабакамі, але бомбы не знайшлі. Усім пасажырам праз сем гадзінаў далі зляцець у Польшчу на запасным самалёце.
Калі сцісла: у берлінскім выпадку самалёт сеў у бліжэйшы аэрапорт, нікога не затрымалі, знішчальнікі не падымалі, ніхто не выказваў сумненняў у афіцыйнай версіі пра паведамленне аб бомбе.
На беларускай тэлевізіі не раз параўноўвалі захоп самалёта «Ryanair» у Менску з іншымі выпадкамі, калі самалёты накіроўвалі на экстраннае прызямленне. Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін на нядаўняй сустрэчы ў Сочы згадвалі два выпадкі прымусовай пасадкі.
Пуцін згадаў тады выпадак з самалётам прэзідэнта Балівіі. 1 ліпеня 2013 года самалёт прэзідэнта Балівіі Эва Маралеса вяртаўся з Масквы, але яго не прапусцілі ў паветраную прастору Італіі, Іспаніі і Францыі і не далі дазаправіцца ў Лісабоне, бо на борце быў абвешчаны ў міжнародны вышук былы супрацоўнік ЦРУ Эдўард Сноўдэн (Лукашэнка пасля інцыдэнту называў Пратасевіча «тэрарыстам», хоць абвінавачанняў у тэрарызме супраць Пратасевіча як не было, так і не з’явілася). Самалёту далі прызямліцца ў Аўстрыі. Аўстрыйскі бок сцвярджаў, што самалёт даглядалі, аднак балівійскі бок адмаўляў гэта. Праз 14 гадзінаў самалёт вылецеў з Аўстрыі і паспяхова даляцеў. Францыя, Іспанія, Італія і Партугалія папрасілі прабачэння перад Балівіяй. У інцыдэнце не фігуравалі фальшывыя паведамленні пра бомбу, у сувязі з інцыдэнтам не ўздымалі самалёты-знішчальнікі, а па выніках нікога не затрымалі.
Лукашэнка згадаў і выпадак, калі ў 2012 годзе Турэччына пасадзіла сірыйскі пасажырскі самалёт пад канвоем вайсковых самалётаў. Інцыдэнт адбываўся падчас абстрэлаў на сірыйска-турэцкай мяжы. Самалёт ляцеў з Масквы – Турэччына западозрыла, што на ім вязуць вайсковыя грузы. У выніку Турэччына заявіла, што сканфіскавала з самалёта вайсковае камунікацыйнае абсталяванне, людзей не затрымлівалі.
Беларускія і расейскія палітыкі згадваюць і інцыдэнт, калі ў 2016 годзе самалёт «Белавіі» развярнулі над Украінай і вярнулі ў Кіеў, дзе затрымалі і дапыталі грамадзяніна Арменіі Армэна Мартырасяна, актывіста прарасейскага «Антымайдану». У тым выпадку перад Лукашэнкам перапрасіў прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка (сярод іншага заяўляў, што вінаватыя пакараныя), але затрыманага вызвалілі пасля допыту, а баявая авіяцыя не ўжывалася – пра яе дыспетчар згадваў адно на словах.
Часам згадваюць і выпадак, калі ў 2010 годзе іранскія вайскоўцы перахапілі над Персідскай затокай і прымусілі да пасадкі пасажырскі самалёт кампаніі «Kyrgyz Airways», затрымалі лідара тэрарыстычнай арганізацыі «Джундала» (таксама вядомай як «Рух народнага супраціву Ірану»), які ляцеў па фальшывым пашпарце. Затрыманага судзілі і пакаралі смерцю. Аднак ні Кыргызстан, ні іншыя краіны тады не выказвалі пратэсту, а тэрарыстычная арганізацыя, якую ўзначальваў затрыманы, была вядомая арганізацыяй шэрагу выбухаў з дзясяткамі чалавечых ахвяраў.
Пра што беларускія і расейскія чыноўнікі і прапагандысты цяпер не згадваюць, дык пра выпадак у студзені 2020 года, калі самалёт «Белавіі» павярнулі назад пасля вылету ў Польшчу. Борт кіраваўся зь Менску на Мюнхен, даляцеў да Ўроцлава, але павярнуўся назад і сеў у Горадні, а на зямлі былі затрыманыя дырэктары Гарадзейскага і Слуцкага камбінатаў Міхаіл Крыштаповіч і Мікалай Пруднік і яшчэ некалькі чалавек. Яны сталі фігурантамі «цукровай справы», звязанай з продажам цукру па заніжаных цэнах. Міжнароднай рэакцыі на той інцыдэнт не было.
АА belsat.eu