Новая стратэгія рэпрэсіяў, новыя выракі і новы рэйд сілавікоў. Рэпрэсіі 31 студзеня


У Магілёве затрымалі жонку палітвязня Максіма Сергяенкі Алесю. Яна ў СІЗА. У чым яе абвінавачваюць, пакуль не вядома. Пра гэты і іншыя факты палітычнага пераследу ў Беларусі – у аглядзе «Белсату».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Daniel Abbatt / pexels.com

Цэнтр новых ідэяў прэзентаваў даследаванне «Барометр рэпрэсіяў у Беларусі» за мінулы год. Сацыёлаг Генадзь Коршунаў прааналізаваў статыстычныя і колькасныя звесткі рэпрэсіўна-карнай сістэмы ў нашай краіне і выявіў пэўныя тэндэнцыі:

  • Рэжым працягвае нарошчваць ціск у бок знішчэння магчымасцяў для самаарганізацыі і самакіравання ў грамадстве;
  • Адбываецца «дазачыстка» інфармацыйнай прасторы, цяпер – на ўзроўні рэгіянальных медыяў і незалежных блогераў;
  • Беларускі рэжым усё больш дакладна і паслядоўна праводзіць размежаванне паміж лаяльнымі і нелаяльнымі яму грамадзянамі з дыскрымінацыяй апошніх;
  • Улады актывізавалі свае намаганні ў нагнятанні трывогі і страху ў грамадстве, выкарыстаўшы зараз не столькі персаналізаваныя механізмы, колькі інструменты «масавага ахопу» (прызнанне інфармацыйных крыніц экстрэмісцкімі матэрыяламі і хапуны);
  • Улічваючы кірунак самых масавых хапуноў, можна меркаваць, што такая дынаміка шмат у чым стымуляваная набліжэннем электаральнай кампаніі 2024–2025 гадоў;
  • Цягам апошняга квартала 2023 года асаблівага росту рэпрэсіўнага ціску ў Беларусі не было. Лік затрыманых і асуджаных паводле крымінальных артыкулаў быў ніжэйшы за сярэднегадавы паказнік, а колькасць адміністратыўных прысудаў – вышэйшая;
  • Улады пераразмеркавалі высілкі ў бок запужвання грамадства, а не яго гвалтавання. Новыя акцэнты рабіліся на пашырэнне рэпрэсіўных захадаў у рэгіёнах і на сістэматызацыю дыскрымінацыйных захадаў супраць дыяспары.
Разбор
«Улада ў Беларусі падобная да акупацыйнай адміністрацыі». Эксперт – пра беларускае грамадства і тое, ці магчымы дыялог
2024.01.16 07:00

У пацверджанне высновы пра інструменты «масавага ахопу» праваабаронцы паведамілі пра рэйды сілавікоў сярод сваякоў эмігрантаў. Людзей просяць угаворваць сваіх родных вярнуцца ў Беларусь праз камісію.

У Магілёве, тым часам, затрымалі жонку палітвязня Максіма Сергяенкі Алесю. Паводле папярэдніх звестак, яна ў СІЗА, аднак пакуль не вядома, у чым яе абвінавачваюць. Максім мае вызваліцца праз месяц. У сям’і двое дзяцей 3 і 16 гадоў. Іхны лёс невядомы. Максім Сергяенка адбывае тэрмін у 3 гады зняволення паводле «справы лялек»: роставыя фігуры «з цынічнымі надпісамі і выявамі вышэйшых службовых асобаў» з’явіліся на пуцеправодах у Магілёўскім раёне ў 2020 годзе.

Рэйд сілавікоў адбыўся на шклозаводзе «Нёман» у Бярозаўцы. За «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» былі затрыманыя 5 асобаў. У жніўні на шклозаводзе затрымалі як найменей 9 чалавек, у лістападзе – 10, у снежні – 8, нагадваюць праваабаронцы «Вясны».

У Віцебскай вобласці затрымалі жанчыну за «экстрэмісцкія» ролікі ў сацсетцы «Одноклассники». Вольга Сачыўка атрымала штраф.

Суддзя суда Ленінскага раёну Менску Юлія Шчоткіна прызначыла 2,5 гады абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу прадпрымальніку з Маладзечанскага раёну Уладзіславу Мялешку. Яго абвінавацілі паводле «народнага» артыкула аб групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак. Мужчына нібыта ўдзельнічаў у адным з нядзельных маршаў у Менску ў 2020 годзе.

Іншую справу, заведзеную паводле гэтага ж артыкула, разгледзелі ў судзе Савецкага раёну сталіцы. Суддзя Вольга Емяльянчанка прызначыла 2,5 гады «хатняй хіміі» Мікіту Кавалеўскаму, які нібыта ўзяў удзел у дэманстрацыі ў 2020 годзе. Сцвярджаецца, што яго апазналі на відэа з акцыі пратэсту на ягоным тэлефоне і паводле дадзеных аб месцазнаходжанні ад мабільнага аператара.

Hавiны
Жыхара Віцебску пакаралі 1,5 гадамі калоніі за тры каментары, напісаныя ў 2021 годзе
2024.01.31 13:10

У Віцебску вынеслі вырак 43-гадоваму Дзмітрыю Палякову, якога абвінавацілі ў абразе міліцыянтаў. Суддзя суда Першамайскага раёну Міхаіл Юрчанка прызначыў 1,5 гады калоніі. Следства сцвярджае, што ў 2021 годзе Палякоў, калі знаходзіўся ў Нямеччыне, апублікаваў «абразлівыя каментары» у Telegram.

Супраць палітвязня Дзмітрыя Рэзановіча завялі новую крымінальную справу. Ініцыятарам выступіла адміністрацыя івацэвіцкай калоніі №22. Артыкул – злоснае непадпарадкаванне патрабаванням турэмшчыкам. Дата суда пакуль не вядомая. Рэзановіч – фігурант справы анархістаў аб «падпале службовых аўтамабіляў, будынку ДАІ і дзяржаўнага камітэту экспертыз у Гомельскай вобласці». Яму прызначылі 19 гадоў калоніі. Разам з ім тады судзілі Ігара Аліневіча, Сяргея Раманава і Дзмітрыя Дубоўскага.

Hавiны
СК распавёў пра крымінальную справу за «спробу сарваць рэферэндум»
2024.01.31 12:08

Следчы камітэт адсправаздачыўся, што за «спробу зрыву» рэферэндуму ў 2022 годзе былі асуджаныя 7 асобаў. Ім прызначылі ад 2 да 3 гадоў калоніі. Як заявілі ў ведамстве, фігуранты рассылалі ад імя суддзяў, пракурораў і прадстаўнікоў праваахоўных органаў лісты «са своеасаблівымі пагрозамі» чальцам ЦВК і выбарчых камісіяў.

Сёння ж СК завяршыў расследаванне і перадаў у Генпракуратуру справу «у дачыненні распрацоўнікаў і ідэйных натхняльнікаў злачыннага плану» для «зрыву рэферэндуму 2022 года». Алене Жываглод, Аляксандру Дабравольскаму, Паўлу Ліберу і Паўлу Марынічу (усе яны за мяжою) выстаўленыя абвінавачанні паводле крымінальнага артыкула «Перашкода працы ЦВК і выбарчых камісіяў».

Hавiны
У Горадні знікла маці палітвязня, 5 гадоў калоніі за данаты і новыя затрыманні. Хроніка рэпрэсіяў
2024.01.30 23:09

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў