У Горадні знікла маці палітвязня, 5 гадоў калоніі за данаты і новыя затрыманні. Хроніка рэпрэсіяў


Водгаласы рэйду сілавікоў па сваяках палітвязняў, новыя затрыманні на шклозаводзе «Нёман», жорсткія прысуды за невялікія данаты палку Каліноўскага – працягваем фіксаваць факты рэпрэсіяў беларускага рэжыму.

Выстава былой палітзняволенай Асі Булыбенкі «Пазнака» у Цэнтры беларускай супольнасці і культуры ў Вільні, Літва. 17 кастрычніка 2023 года.
Фота: Белсат

У Горадні знікла маці палітзняволенага Андрэя Сачэўкі. Як паведамілі праваабаронцам з Mayday team знаёмыя Наталлі Сачэўкі, жанчына ўжо цэлы тыдзень не выходзіць на сувязь, дома таксама яе няма. Вядома, што падчас масавай аблавы 23 студзеня ў Беларусі супрацоўнікі КДБ прыходзілі і да Наталлі Сачэўкі. Верагодна, цяпер жанчына ў руках у сілавікоў.

Наталля Сачэўка – маці палітвязня Андрэя Сачэўкі, які адбывае свой тэрмін у турме №4 Магілёва. Андрэй Сачэўка быў асуджаны нібыта за «заклікі да беспарадкаў» (арт. 293 КК РБ) і «распальванне сацыяльнай варожасці» (арт. 130 КК РБ) за каментары ў адным з гарадзенскіх тэлеграм-каналаў. Вядома, што Андрэй іх напісаў у ноч з 11 на 12 жніўня 2020 года, калі ішлі жорсткія разгоны пратэстоўцаў. Мужчына мае псіхічнае захворванне.

Абласны суд Горадні пакараў маладога чалавека 6 гадамі пазбаўлення волі. Палітвязень быў уключаны ў спіс асоб, якія маюць дачыненне да «тэрарыстычнай» дзейнасці.

Двух беларусаў асудзілі на 5 гадоў калоніі за невялікія данаты палку Каліноўскага. 55-гадовага Георгія Чараваку засудзілі на 5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму за данат 21,29 долара, які ён адправіў са свайго акаўнта PayPal для падтрымання палка Каліноўскага.

Такі самы прысуд, 5 гадоў зняволення, за данат палку Каліноўскага 26 снежня 2023 года вынеслі Аляксею Швяцову. Першы данат складаў 13,63 еўраў, другі – 35 еўраў. Агульная сума, якую перавёў мужчына, склала 133 рублі 30 капеек. Данат быў зроблены з карткі беларускага банку.

Супраць палітзняволенага анархіста Дзмітрыя Разановіча распачалі новую крымінальную справу паводле артыкулу аб злосным непадпарадкаванні адміністрацыі калоніі. Дата суда над Дзмітрыем Разановічам пакуль не вядомая.

Тры гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму прысудзіў Менскі гарадскі суд фатографу з Барысава Аляксандру Зянкову. Справу разглядала суддзя Жанна Брысіна. Зянкова прызналі вінаватым ва «удзеле ў экстрэмісцкім фармаванні».

Сёння стала вядома, што больш за 200 чалавек трапілі пад пераслед падчас масавага рэйду сілавікоў на сваякоў палітвязняў. Некалькі дзясяткаў чалавек асудзілі паводле адміністрацыйных спраў, некалькі чалавек былі затрыманыя ў межах крымінальных. Папярэдне, людзям інкрымінуюць арт. 361-1 («Удзел у экстрэмісцкім фармаванні») і арт. 361-4 («Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»).

Тым часам у Беларусі сёння стала на 15 палітвязняў больш. Гэта Раман Шчарбакоў, Дзмітрый Жунусаў, Сяргей Зайцаў, Дзмітрый Гулін, Міхаіл Бабошка, Павел Кучынскі, Уладзімір Мазураў, Ігар Казубаў, Надзея Лапцёнак, Алег Кацапаў, Яўген Емяльянаў, Дзмітрый Сінюта, Аляксандр Яшкін, Павел Яраш, каталіцкі святар Генрых (Генадзь) Акалатовіч. Колькасць палітвязняў, афіцыйна прызнаных праваабаронцамі, дасягнула 1433 чалавек.

Сілавікі правялі чарговы рэйд на шклозаводзе «Нёман» у Бярозаўцы ў Лідскім раёне. Было затрымана 5 чалавек. Іх вінавацяць у «распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў».

Падобныя рэйды на прадпрыемстве неаднаразова адбываліся ў мінулым годзе, былі затрыманыя дзясяткі чалавек. У жніўні людзей выводзілі «паказальна ў кайданках». Мэтай было запалохаць іншых. Але, як бачым, выніку ў сілавікоў няма, паколькі ім даводзіцца прыязджаць на шклозавод зноў і зноў.

Адміністрацыя магілёўскай папраўчай калоніі № 15 працягвае ціск на палітвязня, старшыню пазбаўленай рэгістрацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі (АГП) Мікалая Казлова. Яму плануюць павялічыць тэрмін зняволення.

Справу палітзняволенай Марыі Калеснікавай разгледзіць Працоўная група ААН па гвалтоўных знікненнях, паведамляе праваабарончая арганізацыя Respect-Protect-Fulfill.

Як адзначаюць праваабаронцы, 30 студзеня «ідзе 350-ы дзень, калі аб стане палітзняволенай Марыі Калеснікавай няма ніякіх звестак», а зварот з просьбай «прыняць тэрміновыя меры» і «запытаць у Беларусі інфармацыю аб стане здароўя і месцазнаходжанні Марыі» у Працоўную групу ААН накіраваны ў сярэдзіне лістапада 2023 года.

«Цалкам верагодна, што ўлады выкарыстоўваюць прымусовую ізаляцыю, каб схаваць катаванні і бесчалавечнае абыходжанне. Акрамя гэтага, і сам гвалтоўны змест чалавека без сувязі са знешнім светам, так званае інкамунікада – гэта катаванне, якое Марыя церпіць на працягу года», – заявілі ў арганізацыі.

Адзначаецца, што разгляд справы адбудзецца «найбліжэйшымі днямі», а рашэнне будзе накіравана беларускаму ўраду.

Ася Саковіч belsat.eu

 

Стужка навінаў