Фатографу Аляксандру Зянкову прысудзілі 3 гады калоніі


У Менскім гарадскім судзе абвесцілі прысуд фатографу-фрылансеру Аляксандру Зянкову. Яго засудзілі на 3 гады калоніі.

Аляксандр Зянкоў.
Фота: spring96.org

Судовы працэс над Аляксандрам пачаўся 12 студзеня, агулам адбылося тры пасяджэнні, паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў.

Працэс вяла суддзя Жанна Брысіна. 30 студзеня яна прызнала фатографа вінаватым згодна з ч. 3 арт. 361-1 Крымінальнага кодэксу РБ («Удзел у экстрэмісцкім фармаванні»).

Аляксандру Зянкову прысудзілі 3 гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Вядома, што Зянкова затрымалі 22 чэрвеня 2023 года недалёка ад дому ў Барысаве. Пасля ператрусу ў фатографа забралі камп’ютарную тэхніку, а самога Зянкова павезлі ў Менск, дзе пэўны час трымалі ў ІЧУ на Акрэсціна, а потым этапавалі на Валадарку.

«У камеры, разлічанай на двух чалавек, нас было значна болей, ад 8 да 10 у розныя дні, – прыводзіць словы былога сукамерніка Аляксандра Зянкова, з якім яны разам апынуліся ў ІЧУ, Беларуская асацыяцыя журналістаў. – Прыкметаў збіцця – гематом або драпінаў – на ім, здаецца, не было. Аляксандр быў спакойны, распавядаў, што свае віны ні ў чым не прызнае, што ў яго патрабавалі пароль ад тэлефона, але ён адмовіўся яго назваць. Адмовіўся таксама і ад паслуг дзяржаўнага адваката.

Прыблізна на пяты-шосты дзень яго забралі на допыт да следчага, і вярнуўся ён толькі праз пяць гадзінаў. Вярнуўшыся, распавёў, што яму інкрымінуюць крымінальны артыкул за спрыянне дзейнасці экстрэмісцкага фармавання, і што абвінавачанне датычыць ягоных відэаздымак, паказаных на «экстрэмісцкім» інтэрнэт-рэсурсе. Доказы гэтага нібыта знайшлі ў абсталяванні, якое забралі з дому, бо сам ён нічога следчым прынцыпова не распавядаў».

Аляксандр Зянкоў працуе фатографам-фрылансерам з 1998 года. Супрацоўнічаў з мясцовымі незалежнымі выданнямі. Потым захапіўся відэаздыманнем, рабіў у тым ліку і дакументальныя стужкі, якія атрымлівалі ўзнагароды на фестывалях хрысціянскіх фільмаў і тэлепраграмаў «Магніфікат».

Апошнім часам Зянкоў шмат падарожнічаў і займаўся творчасцю – фатаграфаваў краявіды, прыродныя з’явы, птушак і помнікі архітэктуры. У снежні 2022 года ў яго адбылася персанальная фотавыстава.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў