ЕГУ пачаў прыём на магістарскую праграму «Гендарныя даследаванні»


ЕГУ. Вільнюс, Літва.
Фота: ru.ehu.lt

Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт у межах праграмы «Women in Tech» прапаноўвае стыпендыю на поўнае пакрыццё кошту навучання.

Стыпендыяльная праграма «Women in Tech» арыентаваная на студэнтак і студэнтаў, якія паступаюць на магістарскую праграму «Гендарныя даследаванні» ЕГУ і чые навуковыя інтарэсы ляжаць на скрыжаванні тэхналогіяў, навуковай веды, лічбавай сферы і гендарнай праблематыкі ў Беларусі, постсавецкай і ўсходнееўрапейскай прасторы.

Удзельнічаць у конкурсе могуць абітурыенты магістарскай праграмы «Гендарныя даследаванні» ЕГУ, чыя даследчая праца карэлюе з адным з чатырох тэматычных кірункаў стыпендыі:

Тэорыя: даследаванні, якія звязаныя з вывучэннем эмансіпатарных практык тэхналагічнай сферы, а таксама новымі падыходамі ў гендарных даследаваннях, звязанымі з вывучэннем кіберпрасторы, інтэрнэту і інфармацыйных тэхналогіяў.

Сярод такіх тэарэтычных падыходаў можна вылучыць кіберфемінізм, аб’ектна-арыентаваную анталогію, постгуманізм і іншыя.

Сацыялогія: даследаванні, якія прысвечаныя аналізу гендарнага дысбалансу ў сферы IT, кіберспорце, тэхнічных навуках з фокусам на даследаванне дадзенай праблемы ў Беларусі і Усходняй Еўропе. Адмысловую цікавасць уяўляюць сабой сацыялагічны аналіз IT сферы, вывучэнне працэсаў стварэння механізмаў выключэння, «ліпкай падлогі» і «шкляной столі», вывучэнне праблемы лічбавага прэкарыяту і салідарнасці.

Актывізм: пандэмія і сацыяльна-палітычная турбулентнасць у многіх краінах Усходняй Еўропы і постсавецкай прасторы прывялі да актывізацыі так званага «лічбавага актывізму», дзе жанчыны гуляюць не апошнюю ролю, аднак не заўсёды іхныя галасы чуваць. У гэтым кірунку цікавыя даследаванні, якія вывучаюць «нябачны жаночы актывізм» і тое, якім чынам лічбавае асяроддзе мяняе ці, наадварот, прайгравае патрыярхальную сістэму дачыненняў у актывісцкай дзейнасці.

Культура: даследаванні, якія сканцэнтраваныя на аналізе інструментара мастацтва, візуальных кодах, трансфармацыі мовы, які нараджаецца на скрыжаванні тэхналагічнага асяроддзя і гендарных даследаванняў. Адмысловую цікавасць уяўляе аналіз канкрэтных культурных практык і практык сучаснага мастацтва, якія працуюць на сутыку «традыцыйна жаночых» матэрыялаў і тэхнік, злучаючы іх з лічбавым асяроддзем, адкрытым кодам, і накіраваныя на трансфармацыю існых гендарных і ўладных іерархіяў.

Патрабаванні да кандыдатаў: прэтэндаваць на стыпендыю могуць кандыдат_кі, якія паступаюць на магістарскую праграму «Гендарныя даследаванні» і чыя магістарская даследчая праца карэлюе з адным з чатырох тэматычных кірункаў стыпендыі.

Для ўдзелу ў конкурсе да 10 лютага разам з уступнымі дакументамі пры запаўненні онлайн-анкеты трэба даслаць матывацыйнае эсэ, у якім будуць указаныя:

  • тэма будучай магістарскай працы, яе асноўная ідэя;
  • актуальнасць даследавання і яго адпаведнасць аднаму з 4 заяўленых тэматычных кірункаў;
  • кола даследчых і актывісцкіх інтарэсаў абітурыенткі, дасягненні і публікацыі (калі такія ёсць);
  • якім чынам даследаванне і навучанне ў магістратуры дапаможа павялічыць ваш уплыў або будзе садзейнічаць развіццю мясцовых супольнасцяў, гендарнай роўнасці і г.д.

Памер матывацыйнага эсэ не павінен перавышаць 1200 словаў. Мова матывацыйнага эсэ – расейская або англійская. Дакументы прымаюцца да 10 лютага 2022 года.

Мэта стыпендыі – стымуляваць цікавасць маладых даследчыкаў да праблемы гендарнай няроўнасці ў IT і навуцы ў цэлым у Беларусі і Усходняй Еўропе, а таксама сфакусавацца на міждысцыплінарных падыходаў – такіх, як кіберфемінізм, абʼектна-арыентаваная анталогія і іншых, для фармавання новых тэарэтычных оптык у полі гендарных даследаванняў.

Праграма «Women in Tech» – гэта інфраструктурны адукацыйны і даследчы праект, накіраваны на падтрыманне жанчын у IT-сферы, стымуляванне даследаванняў на скрыжаванні тэхналогіі і фемінізму, стымуляванне гендарнай роўнасці ў галіне высокіх тэхналогіяў.

Праект запушчаны ў межах Цэнтру гендарных даследаванняў пры падтрыманні Еўрапейскага Звязу.

Нагадваем, што 3 студзеня стартаваў прыём онлайн-анкет ахвотных паступіць на магістарскую праграму «Гендарныя даследаванні» Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэту.

Падаць дакументы можна да 10 лютага, а вучоба па праграме пачнецца ў вясновым семестры 2021/2022 акадэмічнага года. Навучанне будзе доўжыцца паўтара года і ажыццяўляцца на англійскай мове ў змяшанай форме. Усе падрабязнасці аб умовах паступленні па спасылцы.

МГМ, belsat.eu

Стужка навінаў