Беларускія авіякампаніі назвалі галоўным саюзнікам сербскіх гандляроў зброяй


Сербская расследавальніцкая супольнасць BIRN разам з беларускімі калегамі прааналізавала больш за сотню рэйсаў беларускіх авіякампаніяў з сербскай зброяй і заявіла: зброя часта аказвалася ў краінах пад санкцыямі або проста ў руках баевікоў.

Cамалёт Іл-62 беларускай кампаніі «Rada Airlines»
Cамалёт Іл-62 беларускай кампаніі «Rada Airlines» узлятае з аэрапорту ў Нішы, Сербія. 17 ліпеня 2020 года. Скрыншот: msaviator22 / Youtube

Расследавальнікі выявілі, што беларускія авіякампаніі часта выкарыстоўваліся для дастаўкі сербскай зброі і боепрыпасаў па ўсім свеце, больш за сотню выяўленых рэйсаў дастаўлялі ў розныя месцы тысячы тонаў зброі і боепрыпасаў.

Да інцыдэнту з захопам рэйсу «Ryanair» беларускімі сілавікамі найчасцей у аэрапортах Сербіі працавалі беларускія авіякампаніі «ТрансАвіяэкспарт» і «Рада». Пасля таго, як на беларускіх авіяперавознікаў наклалі санкцыі Еўразвязу, такія палёты сталі практычна немагчымымі. Але да таго з дапамогай беларускіх авіякампаніяў сербскую зброю пастаўлялі ў Азербайджан, Арменію, Ліберыю, Малі, М’янму, Нігерыю, Танзанію, Уганду.

Інфаграфіка
Хто Лукашэнку сябра, а хто не. Мапа
2023.10.27 15:27

Пастаўкі сербскай зброі ў М’янму асудзіў спецыяльны дакладчык Арганізацыі аб’яднаных нацыяў – ваенная хунта выкарыстоўвала зброю супраць мірнага насельніцтва. Паводле расследавальнікаў, беларускія авіякампаніі былі асноўным транспартам гэтай зброі. Пастаўкі сербскай зброі адначасова Азербайджану і Арменіі, якія канфліктуюць між сабой за Нагорны Карабах, выклікалі буйны дыпламатычны скандал у 2020 годзе – і ў гэтых пастаўках таксама бралі ўдзел беларускія авіякампаніі. Яшчэ з 2015 года з дапамогай беларускіх авіякампаніяў сербская зброя трапляла ў Сірыю і Емен, з 2014 года – у Лівію.

«Беларускія грузавыя авіяперавознікі размаляваныя ва ўсе колеры і ведаюць усе тонкасці і падводныя камяні перавозкі зброі і боепрыпасаў. Калі справа даходзіць да схемаў кантрабанды, ім няма роўных. Мне падабаецца з імі працаваць», – цытуюць расследавальнікі аднаго з сербскіх гандляроў зброяй.

Адным з асноўных карыстальнікаў беларускіх авіякампаніяў быў, паводле расследавальнікаў, Слабодан Тэшыч, які быў пад санкцыямі Злучаных Штатаў яшчэ з 2017 года, але ўмудраўся экспартаваць сотні тонаў боепрыпасаў нават у ЗША.

Анонс
Узбекістан дапамог «Горадня Азоту» абысці санкцыі Еўразвязу – Беларускі расследавальніцкі цэнтр
2023.09.27 19:35

Беларускі самалёт нядаўна заўважылі ў яшчэ больш дзіўным месцы. Нядаўна выбраны прэзідэнт Аргентыны Хавіер Мілей лятаў на самалёце, у інтэр’еры якога – пазнавальны лагатып «Белавія». Як аказалася, гэта быў спецыяльна выпушчаны для «Белавіі» самалёт «Boeing 737 MAX», але яго не паспелі перадаць у Беларусь з прычыны санкцыяў – давялося шукаць іншых пакупнікоў. Самалёт перадалі «Aerolíneas Argentinas», тая яго перафарбавала, але, як выявілася, не цалкам прыбрала лагатыпы «Белавіі».

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў