На чацвярых працаўнікоў «Белагра» завялі крымінальныя справы за ўдзел у пратэстах


У праўладных тэлеграм-каналах 30 верасня з’явілася інфармацыя, што на чацвярых працаўнікоў фірмы «Белагра», куды надоечы прыходзілі сілавікі з ператрусам, завялі крымінальныя справы паводле некалькіх артыкулаў, у тым ліку за ўдзел у пратэстах 2020 года. Праваабарончы цэнтр «Вясна» распавёў, каго менавіта будуць судзіць.

Чацвёра супрацоўнікаў фірмы «Белагра», якіх будуць судзіць у крымінальных справах. Фотакалаж: Праваабарончы цэнтр «Вясна»

Паводле беларускіх праваабаронцаў, у крымінальных справах праходзяць наступныя працаўнікі фірмы «Белагра»: Кірыл Малянтовіч, Дзмітрый Левянкоў, Людміла Гецман і Арцём Зубракоў.

Ім закідаюць злачынствы, звязаныя з наркотыкамі, распальваннем нянавісці і варожасці, удзелам у масавых беспарадках 2020 года, спрыяннем дзейнасці экстрэмісцкіх фармаванняў. Іншых працаўнікоў абвінавацілі паводле адміністратыўных артыкулаў за падпіску і рэпосты з рэсурсаў, прызнаных уладамі Беларусі экстрэмісцкімі. Суды над імі пройдуць 30 верасня.

Таксама з’явіліся «пакаянныя» відэа з супрацоўнікамі «Белагра», на якіх яны кажуць, што падтрымлівалі пратэсты і былі падпісаныя на экстрэмісцкія каналы.

Сілавікі – ГУБАЗіК, СОБР і АМАП прыйшлі ў офіс кампаніі «Белагра» раніцай 29 верасня. Спачатку прычынай ператрусу называлі нявыплату падаткаў.

Hавiны
Сілавікі праводзяць ператрус у офісе кампаніі «Белагра»
2022.09.29 13:30

Адзін з супрацоўнікаў «Белагра» – былы вядоўца АНТ і таксама былы кіраўнік пулу журналістаў Лукашэнкі Дзмітрый Семчанка. Яго разам з жонкай Юліяй затрымалі 15 верасня ў адміністратыўнай справе. Юлію аштрафавалі і адпусцілі, а Дзмітрыя арыштавалі на 15 содняў.

Hавiны
Экс-кіраўніка Лукашэнкавага пулу журналістаў арыштавалі на 15 содняў
2022.09.16 18:06

Група кампаніяў «Белагра» – найбуйнейшы пастаўнік сельскагаспадарчай тэхнікі і дэталяў у СНД. Кампанія мае 47 філіялаў з гандлёвымі пунктамі ў Беларусі, РФ, Казахстане і Украіне.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў