«Мы здалёку ўбачылі свабоду». 30 траўня – дзявяты дзень памяці Генадзя Бураўкіна


«Шлях да Беларусі» Ніла Гілевіча і «Малітва» Генадзя Бураўкіна – творы, вельмі блізкія паводле глыбіні зместу і яскравасці пачуццяў. Пры тым, што бездухоўнасць, якая аддаляе нас ад разумення важнасці быцця менавіта на нашай роднай зямлі, існавала і тады, калі гэтыя вершы пісаліся, а цяпер, на жаль, разгарнулася на радзіме з новаю сілай. Але боль і гнеў не замінаюць веры і надзеі. Гэтым прасякнутыя творы Генадзя Бураўкіна – філасофскія, лірычныя, публіцыстычныя.

Беларускі паэт Генадзь Бураўкін. Крыніца: Serge Serebro / Vitebsk Popular News / commons.wikimedia.org, CC BY-SA 3.0

Нарадзінец Расоншчыны, ён далучыўся да сапраўднага беларускага слова, калі яшчэ вучыўся ў Полацкай школе. І тады распачынаў пісаць вершы для мясцовай раёнкі. Магчыма, дзякуючы гэтаму, адразу пасля заканчэння школы (1954) і паступіў у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на філалагічны факультэт, на аддзяленне журналістыкі. Так і прайшоў па жыцці, сумяшчаючы грамадскую і дзяржаўную дзейнасць з працаю ці то на літаратурнай ніве, ці то ў часопісе («Камуніст Беларусі»), альбо на беларускім радыё, пазней – у газеце «Літаратура і мастацтва» (загадчык аддзелу і намеснік галоўнага рэдактара). Працаваў, як кажуць і «у полі», калі быў уласным карэспандэнтам газеты «Правда» у Беларусі (1968 – 1972). Потым, зноў часопіс, «Маладосць» (1972 – 1978), дзе заняў пасаду ўжо галоўнага рэдактара. Ну а напрыканцы сямідзясятых мінулага стагоддзя Пятром Машэравым быў прызначаны старшынём Дзяржаўнага камітэту БССР па тэлебачанні і радыёвяшчанні.

Васьмідзесятыя цалкам былі аддадзеныя шырокай дзяржаўнай і грамадскай дзейнасці на пасадзе дэпутата Вярхоўнага Савету БССР, а адначасова і чальца ЦК КПБ. А з 1990 да 1994-га працаваў пастаянным прадстаўніком Беларусі пры ААН у ЗША. Маючы такое шырокае поле абавязкаў, прычым, вельмі рознабаковых, Генадзь Бураўкін ніколі не забываўся на літаратуру. Не імкнуўся адкладаць вывучэнне яе і ўласную творчасць, як гэта некаторыя робяць, на потым, на пенсію.

«У апошні час, можа быць, таму што састарэў, ці стаў больш дарослым, можа таму, што хваробы прымушалі да сканцэнтравання больш, чым раней, я люблю перачытваць класікаў. І ў нейкім сэнсе прыходжу ў жах ад іх злабадзённасці. Заўсёды хочацца верыць, што прагрэс, у тым ліку і духоўны, ідзе. А атрымліваецца як? Чытаю Гогаля – сённяшні дзень, чытаю Салтыкова-Шчадрына – гэта не проста сённяшні дзень, гэта ў дэталях абсалютна дакладны здымак цяперашняй сітуацыі ў грамадстве. І я не ведаю, ці то цешыцца за класікаў, якія яны былі мудрыя, ці то жахліва пераймацца за грамадства, за прагрэс…», – цытавала Бураўкіна «Звязда».

Генадзь Бураўкін (справа) на адкрыцці персанальнай выставы Аляксея Марачкіна (злева). Менск, Беларусь. 22 лістапада 2013 года. Крыніца: Tatiana Matlina / commons.wikimedia.org, CC BY-SA 3.0

А яшчэ ў яго была і ёсць вялізная бібліятэка, якой ён вельмі ганарыўся. Напрыклад тым, што мае вялікую калекцыю паэтычных кніг і дакументальнай літаратуры пра другую сусветную вайну, жахі якой адчуў на сябе і памятае, як у пяцігадовым узросце ледзь не быў расстраляны, альбо спалены ў лазні разам з іншымі аднавяскоўцамі. Каля паўтысячы асобнікаў сабраў паэт толькі з надпісамі вядомых асобаў. Як узгадвае журналіст Сяргей Шапран, і сёння ў бураўкінскім кабінеце чатыры кнігі з даручымі надпісамі Уладзіміра Караткевіча, пяць – земляка Петруся Броўкі, сем – Пімена Панчанкі, восем – Васіля Быкава, амаль трыццаць – Рыгора Барадуліна, яшчэ больш – Ніла Гілевіча.

Канешне, згадваючы класікаў сусветнай літаратуры, Генадзь Мікалаевіч не ўтойваў, што першаснаю заўсёды была літаратура беларуская і сама родная Беларусь.

«Для тых, хто застанецца, у мяне вялікая просьба: берагчы Беларусь, прадаўжаць тое, што зрабілі і недарабілі яе лепшыя сыны. І спадзявацца, што ўсе мы – і тыя, што былі, і тыя, што будуць, і тыя, што ёсць, – усе мы вечныя. Вечныя ў нашай мове, вечныя ў нашай гісторыі. Вечныя ў беларускай зямлі, у беларускім слове», – казаў паэт.

Былі ў ягонай творчасці, канечне, вершы не толькі сумныя і лірычныя. Словы верша «Конь назацугляны», пакладзеныя на музыку Эдуарда Ханка сталі ці не самым задорным і дынамічным «песняроўскім» хітом у выкананні Уладзіміра Мулявіна. І гэтую кампазіцыю ніхто, акрамя мэтра, не перапяваў.

Песня «Зачараваная мая» увайшла ў шосты студыйны альбом «Песняроў», які быў менавіта так і названы ў 1983 годзе.

Напэўна, Генадзя Бураўкіна нельга назваць паэтам-песеннікам, бо ён не спецыялізаваўся на гэтым. Але як ладна клаліся ягоныя вершы на музыку. Былі «Завіруха», а таксама напоўненая казачнага чаравання «Калыханка». У паэта ёсць нават цэлы зборнік песенных тэкстаў «Табе, Беларусь» (1984). Менавіта сваю, сапраўдную Беларусь вельмі шчыра і сэнсоўна любіў паэт.

Маючы ўжо змучанае сэрца, Генадзь Бураўкін напрыканцы жыцця змагаўся з анкалогіяй. Менавіта змагаўся, з усіх сілаў, бо вельмі хацеў пабачыць сваю, цяпер ужо дакладна апошнюю кніжку. Хаця такой магла стаць і папярэдняя.

Журналіст Сяргей Шапран свае ўспаміны «Генадзь Бураўкін. Апошняе сумоўе» распачынае з лірычнай шчырасці паэта:

Застылі хуткаплынныя гады

Паміж чаканнем першага кахання

І першага расстання назаўжды

А яшчэ Генадзь Бураўкін не паспеў напісаць мемуары, усё адкладваў. І ў апошнія дні, выклікаючы сяброў да свайго ложка ў Лечкамісіі, імкнуўся хоць у выглядзе інтэрв’ю, расповедаў, перадаць ім свае ўспаміны. Хоць і гаварыць было вельмі цяжка, але дужа хацелася, каб нешта засталося яшчэ з таго, што не вымаўлена раней, не надрукавана, не перададзена з ягоных словаў сваякамі і сябрамі.

«Даўнія ягоныя сябры, як узгадвае Сяргей Шапран, – Рыгор Барадулін і Уладзімір Някляеў. А разам з імі – і Аляксандр Фядута ды і я сам не аднойчы спрабавалі пераканаць Бураўкіна ўзяцца за мемуары, але ён не спяшаўся».

Была, усё ж, у гэтай магутнай асобе боязь сурочыць, забабоннасць, маўляў, вялікія сябры Васіль Быкаў, Валянцін Болтач і іншыя напісаўшы ўспаміны хутка пайшлі з гэтага свету. Хаця Генадзь Бураўкін называў гэта «бясспрэчнаю заканамернасцю і наканаванасцю».

Творы Генадзя Бураўкіна.
Фота: Центральная научная библиотека им. Якуба Коласа НАН Беларуси / Facebook

Сяргей Шапран узгадвае: «Ён сказаў мне, што хоча завяршыць працу над новай паэтычнай кнігай «Лісты да запатрабавання», якую бачыў сваёй апошняй кнігай паэзіі, а пасля, спадзяваўся, Бог падорыць яму яшчэ пяць гадоў, каб напісаць успаміны. «Лісты за запатрабавання» выйшлі ў 2010-м. Наперадзе былі яшчэ амаль чатыры з паловаю гады і на мемуары, і на новыя творчыя вышукі. Але цела слабела, слабеў і імпэт. Мемуары ён так і не напісаў, затое знайшоў сілы на яшчэ адзін палітычны зборнік, які назваў «Нагаварыцца з зоркамі», куды ўвайшлі выбраныя вершы апошняга часу (2010-2013 гады), большасць з якіх друкавалася ўпершыню.

Самую кнігу, ці, хаця б, першы і адзіны сігнальны экзэмпляр, Генадзь Бураўкін так і не пабачыў, зусім крыху не дачакаўся ейнага выхаду з друку. Бог забраў раней. Але да пахавання, прыклаўшы вялізныя намаганні, родныя здолелі набыць свежы асобнік і паклалі да паэта ў труну. Сяргей Шапран піша: «На наступны пасля пахавання дзень Уладзімір Някляеў прапанаваў даць такую анатацыю: «Першы асобнік гэтай кнігі быў пахаваны разам з яе аўтарам, паэтам Генадзем Бураўкіным, а 15 гадзіне 31 мая 2014 года на Усходніх могілках Менску. Звычайна лёс так сканчаецца, а ў гэтай кнігі так пачаўся лёс…»

Генадзь Бураўкін пражыў на гэтай зямлі 77 гадоў.

Аляксандр Пуціла belsat.eu

Стужка навінаў