Інтэграцыя ў кадры, Украіна за кадрам. Падводзім вынікі трохдзённага візіту Лукашэнкі ў РФ


Трохдзённы візіт Аляксандра Лукашэнкі ў Расею завяршыўся досыць кароткім паседжаннем Найвышэйшага дзяржаўнага савету Саюзнай дзяржавы, на якім былі зацверджаныя новыя інтэграцыйныя планы. Вонкава падзея адбылася ў амаль ідылічнай атмасферы поўнай згоды. Аднак найбольш важныя пытанні, імаверна, абмяркоўваліся з Уладзімірам Пуціным напярэдадні і датычылі яны не толькі інтэграцыі.

Аляксандр Лукашэнка прыбыў з працоўным візітам у Санкт-Пецярбург, Расея. 27 студзеня 2024 года.
Фота: president.gov.by

Што адбылося на паседжанні НДС

Падчас паседжання Найвышэйшага дзяржаўнага савету былі зацверджаныя два дэкрэты: першы падсумоўваў вынікі рэалізацыі інтэграцыйных праграмаў у 2021–2023 гг., другі вызначаў асноўныя кірункі інтэграцыі на 2024–2026 гг.

Выкананне 28 саюзных праграмаў, якія прадугледжвалі ўніфікацыю заканадаўства і арганізацыйных асноваў агульнай эканамічнай прасторы, Уладзімір Пуцін ацаніў як паспяховае.

Віцэ-прэм’ер РФ Аляксей Авярчук пасля паседжання нагадаў журналістам, што летась быў створаны нацнацыянальны орган – падатковы камітэт, а таксама супольная група ў мытных пытаннях. Запушчаныя пяць інфармацыйных сістэмаў, якія дазваляюць абменьвацца звесткамі ў розных сферах паміж беларускімі і расейскімі дзяржаўнымі органамі. Паводле Авярчука, цяпер, у 2024–2026 гг., плануецца зрэалізаваць 11 вялікіх задачаў дзеля развіцця тых вынікаў, якія былі дасягнутыя ў 28 саюзных праграмах.

Тэкст дэкрэту, які вызначае асноўныя кірункі інтэграцыі ў наступныя два гады, не быў апублікаваны. Публічныя выказванні афіцыйных асобаў на гэты конт былі не надта змястоўныя – з іх немагчыма зрабіць высновы, якія канкрэтна крокі будуць зробленыя бліжэйшым часам. Пры гэтым дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы Дзмітрый Мезенцаў падкрэсліў, што новыя рашэнні будуць прадугледжваць «прынцыпова іншы ўзровень інтэграцыі ў цэлым спектры кірункаў на перыяд да 2026 года». Раней ва ўрадзе РФ неаднаразова заяўлялі, што іх канчатковая мэта – рэалізацыя формулы «дзве краіны – адна эканоміка».

Hавiны
«Дзве краіны – адна эканоміка». Новыя планы па інтэграцыі Беларусі і Расеі
2024.01.27 21:19

Таксама падчас НДС было ўхваленае рашэнне аб стварэнні медыякампаніі Саюзнай дзяржавы. Як вынікае са словаў міністра лічбавага развіцця Максута Шадаева, новая медыякампанія аб’яднае чатыры выданні Саюзнай дзяржавы: газеты «Саюзнае Веча», «Саюз. Беларусь – Расея», часопіс «Саюзная дзяржава» і тэлеканал «БелРос». Улічваючы, наколькі малавядомыя медыі туды ўвайшлі, наўрад ці стварэнне медыякампаніі будзе мець сур’ёзны ўплыў на інфармацыйную прастору Беларусі і тым больш РФ.

У будзённым фармаце і без энерганосьбітаў

Ніякіх сюрпрызаў сустрэча ў рамках Найвышэйшага дзяржаўнага савету не прынесла. «Пасяджэнне Найвышэйшага дзяржсавету ў гонар 25-годдзя Саюзнай дзяржавы аказалася кароткім, і, як заўсёды, з яго вынікаў ніхто не зможа дакладна сказаць, што ж гэта было», – з іроніяй напісала газета «Коммерсант».

Фактычна, на паседжанні бакі проста планава зацвердзілі тыя рашэнні, якія былі прынятыя загадзя, і ніякіх карэктываў у парадак дня не ўносілі (хаця Лукашэнка раней карэктывы дапускаў). Будзённасць была заўважная і з агульнай атмасферы, і з працягласці мерапрыемства: яно заняло ўсяго каля дзвюх гадзінаў.

Цырымонія адкрыцця мемарыялу ахвярам Вялікай Айчыннай вайны. Санкт-Пецярбург, Расея. 27 студзеня 2024 года.
Фота: president.gov.by

Напярэдадні Лукашэнка з Пуціным размаўлялі ў чатыры разы даўжэй. Але паседжанне Найвышэйшага дзяржсавету наўрад ці было галоўнай тэмай іхных перамоваў. Як зазначыў Лукашэнка ўвечары 28 студзеня, гэта раней падобныя дні правядзення НДС і двухбаковых перамоваў былі напоўненыя абмеркаваннем пытанняў, якія трэба было б вырашыць на ўзроўні ўрадаў. А цяпер усё вырашаецца на ўзроўні ўрадаў, а яны з Пуціным толькі «шліфуюць» парадак дня. «Заўтра ў нас такі дзень, калі мы ў рамках Найвышэйшага дзяржсавету фармалізуем шматлікія нашыя рухі», – зазначыў ён. Безумоўна, ключавое слова тут менавіта «фармалізуем».

Палітычны аналітык інфармацыйнага агенцтва «Позірк» Аляксандр Класкоўскі ў размове з «Белсатам» адзначыў, што цяперашнія праграмы інтэграцыі – праграмы ўсё мацнейшай прывязкі Беларусі да Масквы.

«Расея, Крэмль робяць так, як ім зручней, – кажа Класкоўскі. – А разам з тым трымаюць хаўрусніка на кручку. Напрыклад, у сферы стварэння агульных рынкаў нафты, газу і нафтапрадуктаў Расея насустрач не ідзе».

Сітуацыя, якая склалася вакол пытанняў нафты і газу, сапраўды вельмі добра ілюструе эвалюцыю стасункаў Менску і Масквы. Роўныя ўмовы для працы суб’ектаў гаспадарання і роўныя цэны на энергарэсурсы для Беларусі і РФ Лукашэнка заўсёды вызначаў у якасці галоўнай умовы далейшай інтэграцыі. Праз гэта ён дэманстратыўна тармазіў падпісанне новых інтэграцыйных пагадненняў у 2018–2020 гг. Перыядычна ён абураўся нявырашанасцю гэтага пытання і пасля ўхвалення саюзных праграмаў. «Хто нясе за гэта адказнасць і як будзем выпраўляць сітуацыю?» – наракаў у снежні 2022 года Лукашэнка.

Падчас паседжання Найвышэйшага дзяржаўнага савету 29 студзеня Лукашэнка таксама закрануў адпаведную тэму.

«Асабліва адзначу, што мы пакуль цалкам не вызначыліся ў самых галоўных пытаннях. Гэта датычыць стварэння адзіных рынкаў газу, нафты, нафтапрадуктаў», – заўважыў ён.

Аднак Лукашэнка не акцэнтаваў на гэтым увагі: ягоныя словы не выглядалі папрокам ні ўрадам, ні тым больш Пуціну асабіста. Наадварот самаабвешчаны кіраўнік Беларусі падкрэсліў, што гэтыя «прынцыпова важныя тэмы» ён рэгулярна з расейскім прэзідэнтам абмяркоўвае, і ў іх «дасягнутыя дамоўленасці». Праўда, зместу гэтых дамоўленасцяў ён не раскрыў, а таксама не патлумачыў, калі яны былі дасягнутыя і за які тэрмін іх нарэшце плануецца зрэалізаваць.

Каментар
На што дамовіліся Лукашэнка і Пуцін: на паглынанне Беларусі ці ні на што?
2024.01.29 22:40

Саюзная ідылія

Стасункі Пуціна і Лукашэнкі ў гэтыя дні выглядалі амаль што ідылічна.

Распачаўся трохдзённы візіт з супольнага ўдзелу ў цырымоніі адкрыцця мемарыялу ахвярам Вялікай Айчыннай вайны і ва ўрачыстым вечары, прысвечаным 80-годдзю поўнага зняцця блакады Ленінграду. Амаль увесь наступны дзень, 28 студзеня, Лукашэнка і Пуцін правялі разам.

Спачатку Лукашэнка і Пуцін дыстанцыйна прынялі ўдзел у мерапрыемстве ўводу ў эксплуатацыю новага зімовачнага комплексу на станцыі «Усход» у Антарктыдзе.

Пасля гэтага Лукашэнка і Пуцін размаўлялі тэт-а-тэт у нефармальнай абстаноўцы. Потым на адным аўтамабілі паехалі на іншае мерапрыемства: яны наведалі спартовы комплекс «СКА-Арэна», пагутарылі з хакеістамі і паглядзелі іх трэнаванне. Пазней палітыкі накіраваліся ў Канстанцінаўскі палац у Санкт-Пецярбургу. Увечары Лукашэнка і Пуцін працягнулі перамовы сам-насам за вячэрай. Потым пілі каву ў бібліятэцы. Агулам яны правялі разам больш за восем гадзінаў.

Супольны графік Лукашэнкі і Пуціна выглядаў падкрэслена нефармальна, па-сяброўску. Самаабвешчаны кіраўнік Беларусі перасоўваўся па горадзе выключна ў адным аўтамабілі з расейскім прэзідэнтам, прычым удваіх, без кіроўцы – паводле «Пула Первого», за стырном быў Пуцін.

То бок складаецца ўражанне, што ў Лукашэнкі і Пуціна было шмат тэмаў для абмеркавання ў фармаце тэт-а-тэт, прычым нагаварыцца яны ніяк не маглі. «Коммерсант» звярнуў увагу на тое, што нават у дзень Найвышэйшага дзяржсавету Лукашэнка і Пуцін, накіроўваючыся да залы паседжанняў, зайшлі ў пусты пакой, «дзе адразу вырашылі адасобіцца». У выніку іншыя ўдзельнікі паседжання чакалі іх яшчэ паўтары гадзіны.

Што яны абмяркоўвалі?

Палітолаг і былы працаўнік адміністрацыі Лукашэнкі Анатоль Котаў заявіў «Белсату», што сустрэча была «ў большай ступені пра лёс самога Лукашэнкі»: патрэбныя грошы і падтрыманне падчас электаральных кампаніяў. «Лукашэнка перадусім ездзіў у Санкт-Пецярбург вырашаць свае ўласныя пытанні, – лічыць Котаў. – Гэта было відавочна з таго, што ён два дні фактычна за Пуціным як на ланцужку бегаў і ўдзельнічаў у мерапрыемствах, якія для Беларусі маюць вельмі ўскоснае значэнне, як Скарына для Піцеру».

Паседжанне Найвышэйшага дзяржаўнага савету Саюзнай дзяржавы. Санкт-Пецярбург, Расея. 29 студзеня 2024 года.
Фота: president.gov.by

Версія Котава выглядае досыць пераканаўча. Аднак наўрад ці Пуцін бы праводзіў столькі часу з Лукашэнкам, калі б сам не меў у гэтым зацікаўленасці. Усё-такі варта зазначыць, што самаабвешчаны кіраўнік Беларусі прыбыў у Санкт-Пецярбург за два дні да паседжання НДС на запрашэнне Пуціна, прычым дзеля гэтага візіту Лукашэнку прыйшлося змяняць свой графік (пра гэта распавёў расейскі прэзідэнт).

Дык што яны абмяркоўвалі столькі часу? Увечары 28 студзеня Лукашэнка заявіў журналістам, што на працягу дня яны з Пуціным «вельмі сур’ёзна пагрузіліся ў эканоміку і пытанні вайскова-прамысловых комплексаў».

«Мы нічога не хаваем. Мы абмяркоўвалі многія праблемы, думалі аб тым, як далей развівацца, і якія сістэмы мы будзем развіваць з улікам гэтага горкага досведу спецыяльнай ваеннай аперацыі», – заявіў ён.

Расейскі лідар паабяцаў падрабязна паінфармаваць Лукашэнку пра ход вайны ва Украіне. Лукашэнка ў сваю чаргу вырашыў зрабіць Пуціну прыемнае і выказаў упэўненасць, што Украіна аднойчы вернецца да супрацы з Расеяй і Беларуссю. «Думаю, што яны вернуцца да нас. Падзецца няма куды», – дадаў ён.

Імаверна, Пуцін прысвяціў столькі часу Лукашэнку менавіта таму, што яму было важна абмеркаваць тэму Украіны. Адштурхоўваючыся ад словаў Лукашэнкі пра развіццё вайскова-прамысловых комплексаў, можна выказаць здагадку, што расейскі прэзідэнт як мінімум хацеў дамагчыся больш актыўнага зацягвання беларускага ВПК у абслугоўванне патрэбаў расейскай арміі. А ўлічваючы, у якім падкрэслена сяброўскім фармаце прайшла сустрэча, Лукашэнка наўрад ці супраціўляўся прапановам Пуціна.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў