Вайна і інтэграцыя. Што адбывалася ў стасунках Беларусі і РФ у 2022 годзе


Стасункі Масквы і Менску ў 2022 годзе адзначыліся агрэсіяй супраць Украіны, надзвычайнай актывізацыяй кантактаў на найвышэйшым узроўні і паступоваю рэалізацыяй інтэграцыйных праграмаў. Belsat.eu распавядае пра найбольш важныя падзеі гэтага года ў беларуска-расейскіх дачыненнях.

Хаўрус агрэсараў

Тэндэнцыя да актывізацыі кантактаў на найвышэйшым узроўні назначылася яшчэ пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года ў Беларусі, але сёлета дачыненні дасягнулі рэкорднай інтэнсіўнасці. Толькі за першыя паўгода Уладзімір Пуцін і Аляксандр Лукашэнка сустрэліся тэт-а-тэт 6 разоў – столькі ж, колькі за ўвесь 2021-ы. Цяперашняя сустрэча ў Менску будзе дзявятая, прычым упершыню за тры гады яна адбудзецца на тэрыторыі Беларусі. Акрамя таго, Лукашэнка і Пуцін мінімум двойчы за апошнія месяцы бачыліся на імпрэзах у пашыраным фармаце – на самітах АДКБ і СНД.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Markus Schreiber / AP Photo / EastNews

Найбольш знакаваю можна лічыць першую сустрэчу двух кіраўнікоў у 2022 годзе. Яна адбылася 18–19 лютага ў Крамлі на фоне рэзкай эскалацыі сітуацыі на Данбасе. Падчас выніковай прэс-канферэнцыі большая частка прамоваў была прысвечаная менавіта ваеннай тэме, прычым рыторыка была даволі жорсткая. «Мы не жадаем вайны, але, калі камусьці не сядзіцца, адказ будзе цалкам асіметрычны», – заявіў тады Лукашэнка.

Імаверна, падчас гэтых перамоваў абмяркоўваліся дэталі поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну і роля ў гэтых падзеях Беларусі. Пуцін тады распавёў журналістам, што яны дамовіліся «надалей калектыўна рабіць усе неабходныя захады для запэўнівання бяспекі дзвюх краінаў у святле нарастальнай вайсковай актыўнасці краінаў NATO». На другі дзень перамоваў у Маскве Пуцін і Лукашэнка разам назіралі за вучэннямі сілаў стратэгічнага стрымлівання, на якіх адпрацоўвалася выкарыстанне ядравай зброі. Фактычна гэта была дэманстратыўная салідарызацыя Лукашэнкі з агрэсіўнымі планамі Крамля.

24 лютага з тэрыторыі Беларусі ў бок Украіны паляцелі расейскія ракеты і самалёты, адсюль пачаў разгортвацца наземны наступ на Кіеў. Ужо ў першыя гадзіны вайны Лукашэнка сабраў нараду з сілавікамі, дзе наўпрост заявіў, што ад выніку гэтага канфлікту залежыць будучыня ягонага рэжыму:

«Уявіце сабе, што заўтра няма Расеі – зазнала паражэнне, крах ды іншае. У гэтую варонку каго зацягне? Нас не будзе назаўтра імгненна».

У канцы сакавіка наземнае наступленне з тэрыторыі Беларусі канчаткова пацярпела крах, пасля чаго большасць расейскіх войскаў былі перакінутыя на Данбас. Але цягам года Расея працягвала выкарыстоўваць беларускую тэрыторыю і паветраную прастору для бамбавання Украіны. Таксама беларускі бок перадаваў расейцам браняваную тэхніку і боепрыпасы.

Тэма вайны была ў прыярытэце на ўсіх перамовах Пуціна і Лукашэнкі ў 2022 годзе. На некаторых сустрэчах яны афіцыйна пазначылі Украіну ў якасці пытання № 1, на некаторых акцэнт рабіўся на эканамічнай супрацы, але менавіта ў кантэксце вайны і санкцыяў. Лукашэнка заўсёды падчас такіх перамоваў дэманстраваў сваю адданасць Расеі і выступаў адвакатам Пуціна. У сакавіку ён заявіў, што «не мы развязалі гэтай вайны» і паказваў, «адкуль на Беларусь рыхтаваўся напад». У красавіку Лукашэнка назваў разню ў Бучы «фэйкам», «псіхалагічнай аперацыяй англічанаў» і нават паабяцаў перадаць ФСБ адпаведныя «выведныя дакументы». У траўні казаў Пуціну, што «справа нашая справядлівая, і рана ці позна мы ўсё роўна пераможам».

Рыторыка Лукашэнкі часам станавілася больш агрэсіўнаю, часам меней, а часам тэма вайны наагул амаль што знікала з ягоных выступаў (напрыклад, так было з сярэдзіны ліпеня да сярэдзіны верасня). Усе заявы і дзеянні рэжыму ў гэты час успрымаліся ў кантэксце пагрозы ўступлення беларускай арміі ў вайну. Імаверна, Пуцін неаднаразова падымаў гэтае пытанне на перамовах. Час ад часу хадзілі чуткі, што расейскі лідар паставіў перад Лукашэнкам канчатковы ўльтыматум на гэты конт. Аднак па факце на працягу 10 месяцаў роля Беларусі ў вайне істотна не змянялася: усебаковае падтрыманне расейскай агрэсіі, але пакуль без беспасярэдняга ўдзелу беларускага войска.

Разгортванне РГВ і таемны пратакол

Увосень ціск Крамля на афіцыйны Менск, імаверна, істотна вырас. Сустрэча Пуціна і Лукашэнкі ў Сочы 26 верасня выглядала вельмі дзіўна: амаль на двое содняў самаабвешчаны кіраўнік Беларусі знік з публічнай прасторы, а потым з’явіўся ў самаабвешчанай Абхазіі, што справакавала дыпламатычны скандал паміж Менскам і Тбілісі. Учынак Лукашэнкі выглядаў як вымушаная дэманстрацыя вернасці свайму «старэйшаму брату».

Але гэта быў толькі пачатак. 10 кастрычніка на нарадзе з сілавікамі Лукашэнка абвесціў, што яны з Пуціным у Санкт-Пецярбурзе пастанавілі разгарнуць Рэгіянальную групоўку войскаў Беларусі і РФ. Было заяўлена, што Украіна нібыта плануе ўдарыць па тэрыторыі Беларусі, а сітуацыя на заходніх межах «абвастраецца».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Leonid Shcheglov / TASS / Forum

Неўзабаве ў Беларусь пачалі прыбываць механізаваныя злучэнні Заходняй вайсковай акругі РФ, укамплектаваныя мабілізаванымі. Колькасць расейскай групоўкі ў Беларусі на канец лістапада ўкраінская выведка ацэньвала на 9 тысячаў чалавек. За апошнія тыдні з Расеі ў Беларусь стала дадаткова прыбываць вайсковая тэхніка – перакінутыя мінімум 110 адзінак.

Мабілізаваныя расейцы на беларускіх палігонах актыўна рыхтуюцца, адпрацоўваюць штурм умацаваных раёнаў і баі ў горадзе. Лукашэнка дэ-факта прызнаў, што трэнуюць расейцаў у тым ліку беларускія інструктары.

«Мушу сказаць, што мы сур’ёзна да гэтага падышлі. І нашыя, і вашыя афіцэры рыхтуюць хлопцаў. І беларускіх, і расейцаў рыхтуюць», – заявіў ён 3 снежня.

У той дзень Беларусь нечакана наведаў міністр абароны РФ Сяргей Шайгу. У Менску ён са сваім беларускім калегам Віктарам Хрэніным падпісаў пратакол аб унясенні зменаў у пагадненне пра супольнае запэўніванне рэгіянальнай бяспекі, пасля чаго расейскі міністр правёў перамовы з самаабвешчаным кіраўніком Беларусі. Лукашэнка запэўніў Шайгу, што беларусы зробяць усё, што павінны зрабіць «па дамове адкрытай і рэальнай»:

«Вы ў гэтым не сумнявайцеся. Мы тут у кусты не хаваемся».

Пры гэтым змест падпісанага 3 снежня пратаколу застаецца таямніцаю.

Інтэграцыя прасоўваецца, умовы Лукашэнкі не выконваюцца

У 2022 годзе ў публічнай прасторы ваенная тэматыка адсунула на другі план традыцыйна важныя для расейска-беларускіх стасункаў тэмы: інтэграцыю і крэдыты. Але з парадку дня гэтыя пытанні не былі знятыя. Рэалізацыя 28 саюзных праграмаў, падпісаных увосень 2021-га, ішла ўвесь год – ціха, паступова, без гучных заяваў.

Саюзныя праграмаў, нагадаем, плануецца завершыць да канца 2023 года. Вынікам гэтых працэсаў мусіць стаць прынцып «дзве краіны – адна эканоміка». Складана аб’ектыўна ацаніць, наколькі тэмпы цяперашніх інтэграцыйных працэсаў адпавядаюць зацверджаным летась планам. Аднак, калі верыць заявам афіцыйных асобаў, бакі збольшага пакуль не выбіваюцца з графіку. Амбасадар Беларусі ў РФ Дзмітрый Крутой 7 снежня распавёў, што «беспрэцэдэнтны паводле сваёй глыбіні інтэграцыйны пакет дакументаў» зрэалізаваны ўжо на 55 %.

«Падпісаны шэраг сістэмных дакументаў, – адзначыў амбасадар. – Па гэтым годзе я, напэўна, назаву дамову ў мытнай сферы, дамову аб ускосных падатках, міжурадавае пагадненне аб прызнанні тэхналагічных аперацыяў у машынабудаванні і дамоваў аб супрацы ў галіне мікраэлектронікі».

Лукашэнка на нарадзе 16 снежня заявіў, што інтэграцыйныя праграмы рэалізаваныя на 60 % і гэта «някепскія тэмпы».

«Але, рэалізоўваючы тыя ці іншыя праграмы, нашыя ўрады сутыкнуліся з пытаннямі, якіх яны развязаць не могуць. Не таму, што яны дрэнныя спецыялісты, а таму, што гэта пытанні прэзідэнтаў. Паводле канстытуцыяў Расеі і Беларусі, гэта нашыя пытанні з Пуціным. І мы дамовіліся паўгода таму з Уладзімірам Уладзіміравічам, што ў канцы года сустрэнемся і развяжам усе пытанні, якія назапасіліся», – адзначыў ён, анансуючы сустрэчу 19 снежня.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Dmitri Lovetsky / AP Photo / EastNews

То бок фактычна Лукашэнка кажа пра тое, што інтэграцыйныя працэсы дайшлі да такога ўзроўню, калі яны пачалі наўпрост закранаць нормы Канстытуцыі. Ён дадаў, што пасля маштабных перамоваў 19 снежня «ўсе будуць казаць, што ўсё, ужо ў Беларусі няма ўлады, тут ужо расейцы пешшу ходзяць і кіруюць краінаю». Разам з тым Лукашэнка падкрэсліў, што «гэтыя праграмы ні ў якім разе не закранаюць незалежнасці, суверэнітэту ні Беларусі, ні Расеі».

Агучыў Лукашэнка і пажаданні да Расеі: роўныя ўмовы для працы суб’ектаў гаспадарання ды роўныя цэны на энергарэсурсы для Беларусі і РФ. Прычым, як ён заявіў на нарадзе 16 снежня, тэрміны рэалізацыі праграмы для фармавання аб’яднанага рынку газу былі сарваныя: «Хто нясе за гэта адказнасць і як будзем выпраўляць сітуацыю?»

Нагадаем, што, пачынаючы з канца 2018 года, калі быў агучаны «ўльтыматум Крамля», цэны на газ на ўзроўні Смаленскай вобласці Лукашэнка называў адною з галоўных умоваў для далейшай інтэграцыі. Атрымліваецца, што прасунуцца ў развязанні гэтага пытання афіцыйны Менск не здолеў дасюль.

Крэдыты: імпартазамяшчэнне і адтэрмінаванне

Санкцыі ў дачыненні Расеі ў звязку з вайною супраць Украіны падштурхнулі Маскву і Менск да рэалізацыі супольных праектаў у сферы імпартазамяшчэння. Яшчэ ў чэрвені Лукашэнка заявіў, што «расейцы вылучаюць каля паўтара мільярда долараў на гэтыя праграмы толькі на тэрыторыі Беларусі».

Прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка 2 лістапада тлумачыў, што прыкладна $ 1,2 млрд пойдуць на цывільныя праекты, яшчэ $ 200 млн – на вайсковыя:

«Гэта будзе мікраэлектроніка ў асноўным. Практычна ўсе праекты – гэта машынабудаванне».

Пры гэтым толькі два праекты на той момант былі ўжо канчаткова зацверджаныя: адзін з іх – БелАЗ (колараскатная вытворчасць), а другога прэм’ер не назваў.

Угоду аб вылучэнні крэдыту падпісалі 16 лістапада. Канчатковая сума склала 105 мільярдаў расейскіх рублёў, што прыкладна адпавядае $ 1,7 млрд (але грошы будуць вылучаныя менавіта ў рублях). Рэалізацыя гэтых праграмаў, паводле Лукашэнкі, дазволіць Беларусі заявіць пра сябе як пра «надзвычай эфектыўную дзяржаву».

Пры гэтым важна разумець, што 105 мільярд расейскіх рублёў – гэта менавіта сродкі на рэалізацыю патрэбных для РФ праектаў, а не грошы, якімі Лукашэнка можа распараджацца на сваё меркаванне. Такіх свабодных крэдытаў афіцыйны Менск сёлета не атрымліваў. Але Расея дала адтэрмінаванне для выплаты старых крэдытаў на суму больш за $ 1 млрд. «Гэта нестандартны ход. Стандартны – рэфінансаванне. Цяпер стаўкі дастаткова высокія, таму мы дамовіліся пра вось такую схему», – тлумачыў у красавіку міністр фінансаў Юрый Селіверстаў.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў