Лукашэнка ўступае ў вайну? Што азначае разгортванне рэгіянальнай групоўкі войскаў


Аляксандр Лукашэнка падчас нарады з сілавікамі 10 кастрычніка выступіў з абвінавачаннямі на адрас Украіны і заявіў пра разгортванне рэгіянальнай групоўкі войскаў Беларусі і РФ. Belsat.eu разбіраўся ў гэтых заявах і магчымых наступствах.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Віктар Драчоў / TASS / Forum

Што заявіў Лукашэнка

На нарадзе Аляксандр Лукашэнка заявіў, што падчас сустрэчы з Уладзімірам Пуціным у Санкт-Пецярбурзе яны дамовіліся пра разгортванне рэгіянальнай групоўкі войскаў РФ і Беларусі «ў звязку з абвастрэннем на заходніх межах».

«Гэта ўсё паводле нашых дакументаў. Калі ўзровень пагрозы дасягае цяперашняга ўзроўню, як цяпер, мы пачынаем уводзіць групоўку Саюзнай дзяржавы. Аснова (я заўсёды пра гэта казаў) гэтай групоўкі – войска, Узброеныя сілы Рэспублікі Беларусь.

Павінен вас інфармаваць, што фармаванне гэтай групоўкі пачалося. Яно ідзе ўжо, па-мойму, цягам двух дзён. Аддадзена было маё распараджэнне, каб мы прыступілі да фармавання гэтай групоўкі», – падкрэсліў ён.

Лукашэнка таксама загадаў падрыхтавацца да прыёму і размяшчэння расейскіх вайскоўцаў, якіх будзе «не адна тысяча чалавек».

Хаця фармальна Лукашэнка патлумачыў разгортванне рэгіянальнай групоўкі нейкім «абвастрэннем на заходніх межах», ён пры гэтым заявіў пра пагрозу з боку Украіны. Нібыта яго па неафіцыйных каналах папярэдзілі пра нанясенне ўдараў па Беларусі з тэрыторыі Украіны:

«Я ўжо казаў, што ва Украіне сёння не проста абмяркоўваюць, а плануюць нанясенне ўдараў па тэрыторыі Беларусі. Вядома, украінцам гэта абсалютна не трэба. Ну, навошта ім яшчэ адкрываць другі фронт на нашых паўднёвых межах, у іх – на паўночных? Навошта? Гэта ж вар’яцтва з пункту гледжання вайскоўцаў. Але тым не менш працэс пайшоў».

Лукашэнка заявіў, што на тэрыторыі Беларусі вайны не павінна быць і вайскоўцы мусяць зрабіць усё, каб гэтага не дапусціць.

Абноўлена
У цэнтры Кіева, Львове і іншых украінскіх гарадах выбухі, ёсць загінулыя
2022.10.10 09:50

Акрамя таго, аддадзены загадаў КДБ «зрабіць усе неабходныя захады контртэрарыстычнага характару»:

«Я даручыў Міністэрству абароны і Камітэту дзяржаўнай бяспекі прапрацаваць магчымы комплекс захадаў для кантролю за сітуацыяй і рэагавання на яе. Але яшчэ раз папярэджваю вас: мы дастойна адкажам любому праціўніку. Мы да гэтага рыхтаваліся не адзін дзясятак гадоў».

Што гэта азначае

Фармальна Лукашэнка не абвесціў вайны і не заявіў пра намер накіраваць беларускае войска супраць Украіны. А нават паспрабаваў супакоіць людзей, заклікаўшы іх «займацца сваймі справамі»: «Сітуацыя сёння не настолькі абвостраная, каб мы пачалі ўжо нешта рабіць. Для гэтага ёсць вайскоўцы, якія прадэманструюць на гэтым этапе сваю рашучасць бараніць сваю краіну. І тады ніводзін нягоднік сюды не сунецца».

Але ўсё, што Лукашэнка цяпер робіць, выглядае менавіта як рыхтаванне да вайны: як на практычным, так і на рытарычным узроўні. Фэйкавая заява пра планы Украіны нанесці ўдар па Беларусі – гэта класічнае перакладанне адказнасці за агрэсію, такі прыём заўсёды выкарыстоўваюць для апраўдання вайны.

Пры гэтым не зусім ясна, што Лукашэнка канкрэтна мае на ўвазе пад тэрмінам «разгортванне» і тым больш «фармаванне». Рэгіянальная групоўка войскаў Беларусі і Расеі была створаная яшчэ ў 1999 годзе, яе аснову складае беларуская армія ў поўным складзе, дадаткова «фармаваць» яе патрэбы няма.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Ваеннаслужачыя войскаў сувязі Паўднёвага ваеннай акругі падчас маштабнай трэніроўкі.
Фота: mod.mil.rus / Facebook

Магчыма, мелася на ўвазе, што некаторыя беларускія падраздзяленні цяпер пакінуць месцы пастаяннай дыслакацыі і будуць накіраваныя да заходняй або да ўкраінскай мяжы для фармавання ўдарнай групоўкі і выканання канкрэтных задачаў. Але сам Лукашэнка пра гэта нічога не сказаў, адпаведных звестак у публічнай прасторы пакуль не з’яўлялася.

Магчыма таксама, што за тэрмінам «разгортванне» хаваецца проста перакідванне расейскіх войскаў у Беларусь. Да 2022 года ў рэгіянальную групоўку войскаў, акрамя беларускай арміі, уваходзіла 1-ая танкавая армія РФ, штаб якой дыслакаваўся ў Смаленску. Аднак вядома, што 1-ая танкавая армія брала ўдзел ва ўварванні ва Украіну, зазнала значныя страты і цалкам адноўленая не была. Таму зусім не факт, што менавіта 1-ую танкавую перакінуць у Беларусь.

Не выключана, што асноўную масу расейскіх сілаў, перакінутых у Беларусь, складуць мабілізаваныя. Раней намесніца міністра абароны Украіны Ганна Маляр, спасылаючыся на выведку, паведамляла, што ў Беларусі плануюць размясціць 20 тысячаў мабілізаваных з Расеі. Яны павінны папоўніць дыслакаваныя ў Беларусі падраздзяленні войска РФ. Паводле Маляр, суадносіны байцоў з досведам і мабілізаваных павінны скласці 1 да 5.

Газета «Наша ніва» яшчэ ў канцы верасня паведамляла, што ўлады рыхтуюцца прыняць расейскіх мабілізаваных на беларускіх палігонах, у навучальных цэнтрах і вайсковых частках. Імаверна, навучанне часткі мабілізаваных расейскіх вайскоўцаў будуць праводзіць беларускія сілавікі, адзначала выданне.

Што гэтаму папярэднічала

Трывожныя сігналы наконт магчымага ўступлення Беларусі ў вайну сталі паступаць неўзабаве пасля таго, як Крэмль пастанавіў пайсці на эскалацыю канфлікту з Украінаю: спачатку абвесціў мабілізацыю, а потым афіцыйна аформіў анексію акупаваных тэрыторыяў.

26 і 27 верасня Пуцін і Лукашэнка правялі перамовы ў Сочы. Падчас сустрэчы, паводле звестак украінскай выведкі, расейскі прэзідэнт намагаўся дамагчыся ад Лукашэнкі ўступлення ў вайну. 

У дзень пачатку сочынскіх перамоваў Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі апублікавала інфармацыю пра рыхтаванне Беларускай чыгункі да прыёму вайсковых эшалонаў з боку РФ. Пры гэтым сцвярджалася, што работнікаў і кіраўнікоў чыгункі прымушаюць «падпісаць абавязак не разгалошваць службовай інфармацыі канфідэнцыйнага характару».

Аналітыка
Гібрыдная мабілізацыя ўжо ідзе? Спыталі экспертаў, да чаго рыхтуюць беларускіх сілавікоў
2022.10.10 13:36

28 верасня Міністэрства абароны Беларусі абвесціла раптоўнае правяранне баявой і мабілізацыйнай гатовасці вайсковай часткі № 06752, што ў Мачулішчах каля Менску. Заяўлялася, што падчас правярання, што будзе трываць цягам месяца, плануюць прызваць рэзервістаў і зняць з захоўвання вайсковую тэхніку.

4 кастрычніка Лукашэнка правёў нараду аб вайсковай бяспецы. Там ён заявіў, што ў Беларусі мабілізацыі не будзе, але пры гэтым загадаў праверыць працу мабілізацыйнай сістэмы:

«Скончыцца ўборачная кампанія, акуратна трэба заклікаць у раёне людзей, паглядзець наяўнасць і ўдакладніць усе нашыя матэрыялы, спісы і дакументы ў ваенкаматах».

На гэтай нарадзе нелегітымны кіраўнік абвінаваціў Украіну ва ўмацаванні пазіцыяў на мяжы, трыманні там войскаў і нібыта рэгулярных правакацыях.

8 кастрычніка ўкраінскага амбасадара Ігара Кізіма выклікалі ў беларускае МЗС, дзе ўручылі дыпламатычную ноту. У ёй сцвярджалася, што Украіна нібыта плануе ўдару па тэрыторыі Беларусі. У МЗС Украіны заявілі, што гэтыя абвінавачанні не адпавядаюць рэчаіснасці, і выказалі меркаванне, што ўручэнне дыпламатычнай ноты можа быць часткаю плану Расейскай Федэрацыі ажыццявіць правакацыі ды абвінаваціць у гэтым Украіну.

Што будзе далей

Заявы Лукашэнкі на нарадзе 10 кастрычніка сведчаць пра тое, што ён узяў курс на эскалацыю. Але як далёка яна зойдзе, пакуль сказаць цяжка. Тэарэтычна магчымыя тры варыянты развіцця падзеяў:

  • беспасярэдні ўдзел беларускай арміі ва ўварванні ва Украіну, што, хутчэй за ўсё, пацягне за сабою мабілізацыю ў Беларусі;
  • паўтор сцэнара лютага – сакавіка 2022 года, калі расейскае войска наступала на Кіеў з тэрыторыі Беларусі, але беларускія жаўнеры заставаліся на сваіх месцах;
  • размяшчэнне мабілізаваных з Расеі ў Беларусі ды іхнае рыхтаванне беларускімі сілавікамі, але без наступу на Кіеў або Заходнюю Украіну. З аднаго боку, такім чынам РФ атрымае ад Лукашэнкі неабходную дапамогу ў мабілізацыі, з другога – гэта будзе адцягваць увагу ЗСУ і прымусіць трымаць на беларускай мяжы істотныя сілы.

Супраць версіі, што беларуская армія сама рыхтуецца адкрыць другі фронт, сведчыць інфармацыя, якая з’явілася адначасова з заявамі Лукашэнкі пра разгортванне рэгіянальнай групоўкі. Паводле звестак суполкі «Беларускі Гаюн» і тэлеграм-каналу беларускіх чыгуначнікаў, Беларусь пачала адпраўляць сваю бранятэхніку, знятую з кансервацыі, у Расею. Імаверна, гэтыя танкі будуць выкарыстоўвацца на Данбасе. Калі ў найбліжэйшых планах Лукашэнкі – паўнавартасны ўдзел у вайне і мабілізацыя, то такі крок выглядаў бы нелагічна.

Аднак нават калі курс на эскалацыю не прадугледжвае беспасярэдняга ўдзелу беларускіх вайскоўцаў у вайне, гэта не значыць, што ў выніку Беларусь не будзе ў яе ўцягнутая. У пачатку расейскага ўварвання ў кіраўніцтва Украіны не было ні сілаў, ні рашучасці для нанясення контрудараў па беларускай тэрыторыі. Цяпер сітуацыя змянілася.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Па-першае, ЗСУ мае тэхнічныя магчымасці наносіць удары ўглыб беларускай тэрыторыі. Амерыканскія РСЗА HIMERS здольныя біць як мінімум на адлегласць 80 км, а з выкарыстаннем ракетаў ATACMS – на ўсе 300 км. Дакладна невядома, ці сапраўды ЗША перадалі Украіне ракеты ATACMS, але ЗСУ ў любым выпадку прадэманстравалі здольнасць наносіць удары на вялікай адлегласці: у жніўні ўкраінцы знішчылі расейскі вайсковы аэрадром «Сакі» за 200 км ад лініі фронту.

Па-другое, прадстаўнікі ўкраінскага кіраўніцтва самі кажуць пра гатовасць дзеяць адносна Беларусі больш рашуча. Дарадца Офісу прэзідэнта Аляксей Арэстовіч папярэджваў, што новага наступлення з боку Беларусі Украіна трываць не будзе. Пра гэта казаў і сакратар РНБА Аляксей Данілаў:

«Калі з боку Беларусі будуць ісці войскі, як гэта было 24 лютага, яны атрымаюць такі адказ, на які не разлічвалі».

Belsat.eu ў пачатку вайны ўжо пісаў, што галоўнаю мішэнню магчымых украінскіх контрудараў могуць стаць найперш вайсковыя аб’екты ды інфраструктура, што выкарыстоўваюцца расейскай арміяй у вайне супраць Украіны.

Аналітыка
Што трэба ведаць пра магчымы контрудар Украіны па тэрыторыі Беларусі
2022.03.02 15:56

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў