Лукашэнка і Пуцін правялі разам усю нядзелю. Абмяркоўвалі Антарктыду, Украіну і ВПК


Напярэдадні Найвышэйшага дзяржаўнага савету Саюзнай дзяржавы Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін амаль увесь дзень 28 студзеня правялі разам, яны шмат размаўлялі тэт-а-тэт. Пры гэтым ніводнай важнай публічнай заявы цягам дня не прагучала.

Лукашэнка і Пуцін прынялі ўдзел у мерапрыемстве па тэме Антарктыды.
Фота: president.gov.by

Спачатку Лукашэнка і Пуцін дыстанцыйна прынялі ўдзел у мерапрыемстве па ўводзе ў эксплуатацыю новага зімовачнага комплексу на станцыі «Усход» у Антарктыдзе. Падчас абмеркавання самаабвешчаны кіраўнік Беларусі прапанаваў расейскаму прэзідэнту разам наведаць Антарктыду. «Можа, калі-небудзь махнем? Цікава», – спытаў Лукашэнка. «Так, добра», – адказаў яму Пуцін.

Пасля гэтага Лукашэнка і Пуцін размаўлялі тэт-а-тэт у нефармальнай абстаноўцы, як адзначае «Пул Первого».

Потым на адным аўтамабілю паехалі на іншае мерапрыемства: яны наведалі спартовы комплекс «СКА-Арэна», пагутарылі з хакеістамі і паглядзелі іх трэнаванне.

Лукашэнка і Пуцін назіраюць за трэнаваннем хакеістаў.
Фота: president.gov.by

Пасля палітыкі накіраваліся ў Канстанцінаўскі палац у Санкт-Пецярбургу. Увечары Лукашэнка і Пуцін працягнулі перамовы за вячэрай у фармаце тэт-а-тэт.

Лукашэнка і Пуцін вячэраюць.
Фота: RIAKremlinpool / Telegram

Перад пачаткам вечаровых перамоваў Лукашэнка заявіў журналістам, што на працягу дня яны з Пуціным «вельмі сурʼёзна пагрузіліся ў эканоміку і пытанні вайскова-прамысловых комплексаў».

«Мы абмяркоўвалі многія праблемы, думалі аб тым, як далей развівацца, і якія сістэмы мы будзем развіваць з улікам гэтага горкага досведу спецыяльнай ваеннай аперацыі», – заявіў ён.

Расейскі лідар у сваю чаргу паабяцаў падрабязна праінфармаваць Лукашэнку пра ход вайны ва Украіне.

Лукашэнка выказаў упэўненасць, што Украіна аднойчы вернецца да супрацы з Расеяй і Беларуссю. «Думаю, што яны вернуцца да нас. Дзявацца няма куды», – дадаў ён.

Лукашэнка і Пуцін у Канстанцінаўскім палацы ў Санкт-Пецярбургу.
Фота: president.gov.by

Пагаварылі палітыкі і аб заўтрашняй Найвышэйшым дзяржаўным савеце: паводле Лукашэнкі, на ёй плануецца абмеркаваць саюзныя праграмы і «фармалізаваць многія нашы рухі».

Пуцін у сваю чаргу адзначыў, што Лукашэнка дзеля візіту ў Санкт-Пецярбург змяніў свой графік, і падзякаваў яму за гэта. Паводле расейскага прэзідэнта, стасункі дзвюх краінаў цяпер развіваюцца «вельмі энергічна». «Усе хуткімі, добрымі тэмпамі расце», – падкрэсліў ён.

Hавiны
«Абмяркуем прынцыповыя пытанні». Лукашэнка хоча сустрэцца з Пуціным сам-насам
2024.01.22 14:57

Глеб Нержын belsat.eu

 

Стужка навінаў