«Абмяркуем прынцыповыя пытанні». Лукашэнка хоча сустрэцца з Пуціным сам-насам


Аляксандр Лукашэнка хоча сустрэцца з Уладзімірам Пуціным у фармаце сам-насам перад правядзеннем паседжання Найвышэйшага дзяржаўнага савету Саюзнай дзяржавы (НДС). Аб гэтым ён заявіў падчас сустрэчы з дзяржсакратаром Саюзнай дзяржавы Дзмітрыем Мезенцавым, перадае прэс-служба Лукашэнкі. 

Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін на саміце Шанхайскай арганізацыі супрацы. Бішкек, Кыргызстан. 14 чэрвеня 2019 года.
Фота: kremlin.ru

«Абмяркуем прынцыповыя пытанні. Калі будуць нейкія дапаўненні да таго парадку дня, які прапанаваны, мы проста на паседжанні Найвышэйшага дзяржсавету занясём такія прапановы», – перадае словы Лукашэнкі ягоная прэс-служба.

Ён адзначыў, што сустрэча плануецца напярэдадні паседжання Найвышэйшага дзяржсавету (найвышэйшы орган Саюзнай дзяржавы). Праўда, дата яшчэ невядомая. Асноўны ж парадак дня паседжання будзе датычыць інтэграцыйных пытанняў.

«Паседжанне НДС – парадак дня прыкладны ёсць, скажам так. Ніхто нікому не забараняе ўносіць прапановы і змены аж да разгляду і зацвярджэння яго ў тым ліку на паседжанні НДС. Прыярытэтнае пытанне – выкананне саюзных праграмаў. Мы заўсёды канстатавалі, што мы тут добра працуем. Размова будзе сур’ёзная, прынцыповая», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Раней паведамлялася, што 28 саюзных праграмаў, зацверджаных у 2021 годзе, выкананыя на 95 %. Цяпер жа гатовы новы інтэграцыйны пакет на 2024–2026 гады. Ён уключае 120 мерапрыемстваў, пры гэтым акцэнт зроблены на культурна-гуманітарную сферу.

Прэс-сакратар Крамля Дзмітрый Пяскоў пацвердзіў будучую сустрэчу Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна, аднак яе даты не назваў.

«Сапраўды, такія кантакты найбліжэйшым часам плануюцца. Мы своечасова паведамім аб даце і месцы», – перадае словы Пяскова ТАСС.

Ася Саковіч belsat.eu

Стужка навінаў