На што дамовіліся Лукашэнка і Пуцін: на паглынанне Беларусі ці ні на што?


Аляксандр Лукашэнка 27 студзеня паляцеў да Уладзіміра Пуціна ў Санкт-Пецярбург і падпісаў новыя планы інтэграцыі, правёў з Пуціным увесь дзень 28-га (нават пасядзеў з Пуціным на відэаканферэнцыі пра адкрыццё часткі расейскай станцыі ў Антарктыдзе), працягнуў хадзіць за Пуціным 29-га, з’ехаў толькі вечарам. Якія вынікі меў візіт, «Белсат» спытаў у трох аналітыкаў.

На галоўныя пытанні не было канкрэтных адказаў

Аляксандр Лукашэнка яшчэ з 1999 года марыў пра расейскія энерганосьбіты па расейскіх цэнах, згадвае ў каментары «Белсату» рэдактар «Беларускага штогодніка» Вадзім Мажэйка. Але гэта дасюль не рэалізавана, бо Лукашэнка не мае рычагоў уплыву. На сустрэчы з Уладзімірам Пуціным Лукашэнка зноў узняў гэтую тэму, але канкрэтнага адказу не атрымаў, таму не выпадае чакаць хуткай рэалізацыі.

Таксама не новая тэма доступу да расейскага рынку, аб якой Лукашэнка казаў Пуціну, але і па ёй не было адказаў, заўважае Мажэйка. У гэтым, лічыць ён, і ёсць спецыфіка паездкі: столькі дзён разам з Пуціным, столькі падзеяў і паседжанняў, а няма канкрэтных адказаў на самыя даўнія пытанні.

Лукашэнка і Пуцін таксама падпісалі праграмы інтэграцыі на наступныя тры гады, але што ў іх, дакладна не вядома. Мажэйка кажа, што само падпісанне такіх папераў – «рытуальная і бюракратычная з’ява», бо скончылася адна праграма, дык пачалі іншыя. А галоўныя справы пераходзяць з праграмы ў праграму. І пакуль невядома, ці ёсць палітычная воля на выкананне сапраўды складаных ці супярэчлівых пунктаў.

«Не дзіва, што шмат рытуальных заяваў, дзе папляжылі і Польшчу, і краіны Балтыі, і Украіну, – адзначае Мажэйка. – Але я б звярнуў увагу на тое, як Лукашэнка сказаў, што „вось Украіна, гэта іх выбар, у іх іншы шлях, ну што рабіць“. Гэта вельмі вялікі кантраст да Пуціна, бо Пуцін не задаецца рытарычным пытаннем, што рабіць, раз ва Украіны іншы шлях».

Пуцін, лічыць Мажэйка, не дапускае для Украіны «іншага шляху», а ўводзіць туды танкі, каб Украіна ішла па такім жа шляху, як Беларусь, каб была ў сферы расейскага ўплыву. Гэткае супярэчанне Пуціну – частка агульнага «настрою ўзаемных падколак»

Канкрэтыка ўсё ж была: Беларусь трапляе ў большую залежнасць ад Расеі

Палітычны аналітык інфармацыйнага агенцтва «Позірк» Аляксандр Класкоўскі расказвае ў размове з «Белсату», што пэўная канкрэтыка ў сустрэчы ўсё ж была. Было паседжанне вышэйшага савету «саюзнай дзяржавы», было падпісанне чарговай інтэграцыйнай праграмы на тры гады.

Класкоўскі нагадвае, што «дарожныя мапы» інтэграцыі Лукашэнка адрынаў у 2019 годзе, а ў 2021-м пагадзіўся тыя мапы, пераробленыя ў «саюзныя праграмы», збольшага тыя праграмы выкананыя. Цяперашнія праграмы інтэграцыі – праграмы ўсё мацнейшай прывязкі Беларусі да Масквы, лічыць аналітык.

«Расея, Крэмль робяць так, як ім зручней, – кажа Класкоўскі. – А разам з тым трымаюць хаўрусніка на кручку.

Напрыклад, у сферы стварэння агульных рынкаў нафты, газу і нафтапрадуктаў Расея насустрач не ідзе. З аднаго боку глядзіце: нібыта і грэх скардзіцца Лукашэнку, бо па добрых, па нізкіх, па боскіх такіх коштах энерганосьбіты ідуць. Але гэта ўсё не прапісана ў выглядзе нейкага такога вось закону ці эканамічнага закону.

Калі рынак, то гэта рынак. А тут, як кажуць рускія, па паняццях усё гэта робіцца. Сёння мы даем, пакуль ты добры хаўруснік, а вось нешта не так зробіш – і мы задзярэм кошты да неба. Так што гэта толькі на словах раўнапраўная інтэграцыя, а насамрэч Лукашэнка на кручку».

Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін
Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін на відэаканферэнцыі з нагоды ўводу ў эксплуатацыю зімовачнага комплексу станцыі «Усход» у Антарктыдзе. Санкт-Пецярбург, Расея. 28 студзеня 2024 года.
Фота: Константин Завражин / Kremlin.ru

Лукашэнка, нагадвае Класкоўскі, некалі казаў, што «нельга з Расеяй ляцець на адным крыле», і хацеў, каб экспарт быў раскладзены па-роўнаму: траціна ў Расею, траціна ў Еўразвяз, траціна ў іншыя краіны. І некалі гэтага амаль дасягнулі, але цяпер зноў «дзікі перакос» у бок Расеі, што, на думку Класкоўскага, «пастка і залежнасць ад імперыі». Але Лукашэнка цяпер не «ўздымаецца на дыбкі», а толькі асцярожна прагаворвае праблему – хоць і разумее пагрозы, але не мае куды падзецца.

Можа, Лукашэнка ездзіў да Пуціна спытаць пра свае выбары?

Лукашэнка чамусьці вырашыў адсправаздачыцца перад Пуціным аб тым, што парламенцкія выбары пройдуць у Беларусі спакойна, а разам з тым Лукашэнка кажа пра незалежнасць Беларусі. Ці не значыць гэта, што сапраўднай тэмай візіту былі выбары і захаванне ўлады Лукашэнкі?

Палітолаг і былы працаўнік адміністрацыі Лукашэнкі Анатоль Котаў кажа «Белсату», што сустрэча была «ў большай ступені пра лёс самога Лукашэнкі»: патрэбныя грошы і падтрымка падчас палітычных кампаніяў. Патрэбныя грошы, каб рэфінансаваць запазычанасць перад Расеяй, трэба вырашыць пытанне дэфолту па беларускіх еўрааблігацыях, аб якім заявілі расейскія інвестары. Але трэба было і ведаць, як Расея будзе паводзіць сябе падчас прызначэння дэпутатаў у Палату прадстаўнікоў і потым – ва Усебеларускі сход.

«Лукашэнка перадусім ездзіў у Санкт-Пецярбург вырашаць свае ўласныя пытанні, – лічыць Котаў. – Гэта было відавочна з таго, што ён два дні фактычна за Пуціным як на ланцужку бегаў і ўдзельнічаў у мерапрыемствах, якія для Беларусі маюць вельмі ўскоснае значэнне, як Скарына для Піцера».

Котаў таксама згадвае, што размовы пра адзіны рынак нафты і газу ідзе больш за дваццаць гадоў, але за апошнія два гады Беларусь і Расея ўсё ж наблізіліся да гэтага. Адбылося гэта, лічыць суразмоўца, таму, што Беларусь пераходзіць на тыя ж прынцыпы абкладання падаткамі, уцягваецца ў расейскую сістэму, а не таму, што бакі робяць нешта новае для гэтага рынку энерганосьбітаў.

Гэта цяжка назваць інтэграцыяй, а больш падобна да паглынання Беларусі Расеяй, лічыць Котаў. Вынік ранейшых «дарожных мапаў» і «інтэграцыйных праграмаў» не ў тым, што было выпрацавана нешта новае і агульнае, а ў тым, што Беларусь перайшла на расейскія нормы, паглыбіла залежнасць ад Расеі. Расею засталося «дашліфаваць» культурна-асветніцкую сферу Беларусі. Лукашэнка ж гатовы аддаць што заўгодна, каб захаваць асабістую ўладу ў Беларусі хоць бы ў тым выглядзе, што ў Чачэніі.

Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін
Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін на перамовах. Санкт-Пецярбург, Расея. 28 студзеня 2024 года.
Фота: president.gov.by

Класкоўскі ж адзначае, што разважанні кшталту «вось зараз Пуцін выкруціць Лукашэнку рукі», «спіхне з пасады» ці «прымусіць да транзіту», «прасуне сваю пятую калону» – гэта толькі спекуляцыі. Лукашэнка кантралюе ўнутраную палітыку ў Беларусі, пад ягоным наглядам фільтруюцца кандыдаты ў дэпутаты.

Ды і калі б Пуцін «выкручваў рукі», сустрэчы не былі б такімі доўгімі – хутчэй, працягласць сустрэчаў значыць, што Лукашэнка з Пуціным «адзін аднаго знайшлі», Пуцін рады хоць аднаму хаўрусніку.

Hавiны
«Дзве краіны – адна эканоміка». Новыя планы па інтэграцыі Беларусі і Расеі
2024.01.27 21:19

belsat.eu

Стужка навінаў