«Дзве краіны – адна эканоміка». Новыя планы па інтэграцыі Беларусі і Расеі


Дзяржсакратар Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі Дзмітрый Мезенцаў распавёў у інтэрв’ю тэлеканалу «Беларусь 1», на якім этапе знаходзіцца рэалізацыя інтэграцыйных праграм і што плануецца далей. Размова выйшла напярэдадні паседжання Вышэйшага дзяржаўнага савету Саюзнай дзяржавы, на якое Лукашэнка паляцеў у Расею.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: embassybel / Telegram

Інтэграцыя Беларусі і Расеі ў рамках Саюзнай дзяржавы, па меркаванні Мезенцава, павінна прыйсці да мадэлі «дзве краіны – адна эканоміка» – чыноўнік лічыць, што Беларусь і Расея ўжо значна да яе наблізіліся.

Мезенцаў перакананы, што ў такім збліжэнні не можа быць ніякай пагрозы незалежнасці Беларусі, а інтэграцыю «затармазілі на некаторых этапах» тыя, хто хацеў «папіярыцца больш, чым непакоіцца пра родную Беларусь і пра сваю малую радзіму». Чыноўнік падкрэсліў, што ў Саюзнай дзяржаве «ні нацыянальнаму ўкладу, ні нацыянальнай традыцыі, ні роднай беларускай мове ніхто не пагражае», а наадварот, «праяўляецца неверагодная павага <…> да таго, як Беларусь ставіцца да сваёй вёскі, пасёлку, аграгарадку, як ставіцца на працягу стагоддзяў да імёнаў грамадскіх дзеячаў, прадстаўнікоў літаратурнага, культурнага, пісьменніцкага цэху, асветніцкага цэху, што мы сёння больш і больш пазнаем і прад’явім свету».

Мезенцаў казаў пра «унікальны дакумент» – стратэгію адзінай навукова-тэхналагічнай прасторы Саюзнай дзяржавы да 2035 года, пакліканую «аб’яднаць магчымасці для правядзення навуковых даследаванняў». Плануецца стварыць сеткавы ўніверсітэт Саюзнай дзяржавы высокіх тэхналогіяў, які размесціцца ў Менску.

Hавiны
Лукашэнка паляцеў у Расею размаўляць пра «саюзную дзяржаву»
2024.01.27 12:28

Дзяржсакратар СД распавёў таксама, што да 3 ліпеня 2024 года плануецца выпусціць серыю кніг «Бібліятэка Саюзнай дзяржавы», прысвечаных Сімяёну Полацкаму, Францыску Скарыне, інжынеру ВКЛ Казіміру Семяновічу, Дзмітрыю Мендзялееву.

Таксама Мезенцаў узгадаў пра 28 інтэграцыйных праграм і сказаў, што яны завяршаюць тэрмін сваёй рэалізацыі і амаль выкананыя, а на паседжанні Вышэйшага дзяржсавету Саюзнай дзяржавы будуць прадстаўленыя новыя базавыя палажэнні па рэалізацыі Саюзнай дамовы да 2026 года ўключна.

Аляксандр Лукашэнка 27 студзеня паляцеў у Расею, каб прыняць удзел у паседжанні Вышэйшага дзяржсавету Саюзнай дзяржавы, якое пройдзе 29 студзеня ў Санкт-Пецярбургу.

Каментар
Не паглынанне, але павелічэнне залежнасці: вынікі інтэграцыі Беларусі з РФ у 2023 годзе
2023.12.26 18:18

Палітычны аглядальнік «Радыё Свобада» Валер Карбалевіч лічыць, што Беларусь робіцца ўсё больш залежнай ад Расеі, а ў інтэграцыі цягам апошняга года адбыліся шмат заўважных крокаў. Гэта расейская ядравая зброя ў Беларусі, вагнэраўцы, анансаванне стварэння Наднацыянальнага падатковага камітэту, які будзе сачыць, ці ў час Беларусь аддае дадзеныя сваіх падаткаплацельшчыкаў Расеі, дзве траціны беларускага экспарту, накіраваныя ў Расею.

«Працэс узмацнення залежнасці Беларусі ад Расеі працягваўся ў самых розных сферах: і ў эканамічнай, і палітычнай, і ваеннай, інфармацыйнай. <…>. Беларуская дзяржаўная ідэалогія ўсё больш схіляецца да прыняцця ідэалогіі «рускага міру». Ідзе змаганне з беларускай ідэнтычнасцю», – кажа эксперт.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў