Лукашэнка паляцеў у Расею размаўляць пра «саюзную дзяржаву»


Днём 27 студзеня Аляксандр Лукашэнка выправіўся ў расейскі Санкт-Пецярбург, дзе мае ўзяць удзел у імпрэзах з нагоды 80-годдзя вызвалення Ленінграду ад нацысцкай блакады і ў паседжанні Вышэйшага дзяржаўнага савету «саюзнай дзяржавы», піша «БелТА».

Аляксандр Лукашэнка перад вылетам у Расею
Аляксандр Лукашэнка перад вылетам у Расею цісне руку пілоту. Беларусь. 27 студзеня 2024 года.
Фота: Пул первого / Telegram

Ананімны Telegram-канал «Пул первого», які выконвае функцыі прэс-службы Аляксандра Лукашэнкі, паведаміў пра вылет каля 12 дня паводле беларускага часу. Канал таксама анансаваў праграму, якая пазней з’явілася ў дзяржаўных медыях.

Лукашэнка мае ўзяць удзел у паседжанні Вышэйшага дзяржаўнага савету «саюзнай дзяржавы». Той савет мае зацвердзіць праект рэалізацыі ранейшай дамовы аб планах «саюзнай дзяржавы» на 2024–26 гады, абмеркаваць вынікі 28 «саюзных праграмаў» у 2021–23 гадах. Абмяркоўваць будуць таксама супольную вонкавую палітыку Беларусі і Расеі, прамысловую і навукова-тэхнічную палітыку, мадэрнізацыю чыгункі і развіццё «саюзных» медыяў. Анансаваныя асабістыя перамовы Лукашэнкі з Уладзімірам Пуціным.

У пачатку тыдня Лукашэнка казаў, што хоча абмеркаваць з Пуціным «прынцыповыя пытанні» перад паседжаннем савету. Пуцін, імаверна, ужо ў Санкт-Пецярбурзе: вечарам мінулага дня ён сустракаўся, як сцвярджалася, з піцерскімі студэнтамі, якія ўдзельнічаюць у вайне ва Украіне.

Каментар
Не паглынанне, але павелічэнне залежнасці: вынікі інтэграцыі Беларусі з РФ у 2023 годзе
2023.12.26 18:18

Раней паведамлялася, што 28 саюзных праграмаў, зацверджаных у 2021 годзе, выкананыя на 95 %. Цяпер жа гатовы новы інтэграцыйны пакет на 2024–2026 гады. Ён уключае 120 мерапрыемстваў, пры гэтым акцэнт зроблены на культурна-гуманітарную сферу.

Апошні раз Лукашэнка і Пуцін бачыліся 26 снежня 2023 года на сустрэчы кіраўнікоў краінаў Садружнасці незалежных дзяржаваў (у гэты час ён заўважна захварэў), да таго 23 лістапада Пуцін прылятаў у Менск. Агулам за год яны бачыліся не менш за 10 разоў.

Агляд
Хворы Лукашэнка зноў знік амаль на тыдзень. Згадалі, як ён «паміраў» у 2023 годзе
2024.01.03 14:27

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў