Расейскі пасол: У хуткім часе будзе зацверджаны новы інтэграцыйны пакет паміж Расеяй і Беларуссю


Беларусь і Расея маюць зацвердзіць у хуткім часе новы інтэграцыйны пакет. У яго ўвойдуць каля 120 захадаў, запланаваных на 2024–2026 гады. Акцэнт – на ўмацаванні культурна-гуманітарных сувязяў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Российская газета

Пра гэта напярэдадні новага года зявіў пасол Расеі ў Беларусі Барыс Грызлоў. Расейскі дыпламат адзначыў, што практычна завершаная маштабная трохгадовая праца для рэалізацыі 28 саюзных праграмаў:

«Бліжэйшым часам будзе зацверджаны новы інтэграцыйны пакет на 2024–2026 гады. Ён залучае ў сябе ўжо 120 захадаў, якія ахопліваюць значна больш шырокі спектр кірункаў супрацы. Асаблівы ўпор будзе на ўмацаванні культурна-гуманітарных сувязяў. Вядома, нам трэба будзе развязаць яшчэ нямала задачаў. Аднак, як паказаў 2023 год, іх пастаноўка ўсё менш вызначаецца вонкавымі ўмовамі і ўсё больш – нашым агульным усвядомленым выбарам. Мы ўступаем у новы год з упэўненасцю, што дасягнём пастаўленых мэтаў», – сказаў Барыс Грызлоў.

Нагадаем: у канцы лістапада прэм’ер-міністр РФ Міхаіл Мішусцін заявіў, што Расея і Беларусь выканалі больш за 90 % інтэграцыйных захадаў, узгодненых у межах Саюзнай дзяржавы, а таксама анансаваў, што неўзабаве трэба будзе вызначыць «новыя арыенціры на перспектыву 2024–2026 гадоў».

Цікава, што ў пачатку 2023 года ў рукі журналістаў трапіў дакумент «Стратэгічныя мэты Расейскай Федэрацыі на беларускім кірунку» з адміністрацыі прэзідэнта РФ, згодна з якім Масква плануе ўзяць пад поўны кантроль Беларусь да 2030 года.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў