Расея атакуе Украіну з розных кірункаў. Выбухі ў Кіеве і Харкаве, Львоў – без святла


Зранку 29 снежня расейскія войскі атакавалі Украіну з розных кірункаў крылатымі ракетамі. Выбухі гучаць у Кіеве, Харкаве ды іншых гарадах, паведамляюць украінскія крыніцы.

Дарадца кіраўніка Офісу прэзідэнта Украіны Міхайла Падаляк напісаў, што 29 снежня расейскія войскі выпусцілі па Украіне 120 ракетаў.

Паводле папярэдніх звестак, у Кіеве прагрымела некалькі выбухаў. Абломкі збітай ракеты ўпалі на жылы дом, пачаўся пажар. У гарадской вайсковай адміністрацыі Кіева ўдакладнілі, што абломкамі збітай ракеты пашкоджаны прыватны будынак у Дарніцкім раёне і прыпаркаваны побач аўтамабіль. Таксама пашкоджанае прамысловае прадпрыемства і дзіцячая пляцоўка ў Пячэрскім раёне сталіцы. Інфармацыя аб ахвярах удакладняецца.

Аб ракетнай атацы заявіў таксама мэр Харкава Ігар Тэрэхаў.

«У горадзе – серыя выбухаў. Папярэдне – прылёты ў Слабадскі раён. Па якіх аб’ектах білі і ці ёсць пацярпелыя, інфармацыя ўдакладняецца», – напісаў ён у сваім Telegram-канале.

СМІ паведамляюць, што ў Адэскай і Днепрапятроўскай вобласцях праз ракетныя пагрозы тэрмінова адключылі электраэнергію.

Мэр Львова Андрэй Садавы паведамляе, што «90 % Львова – без святла, трамваі і тралейбусы па горадзе не курсуюць». Мэр папярэджвае аб магчымых перабоях з водазабеспячэннем.

Вайсковыя эксперты і ЗСУ ўпэўненыя, што Расея плануе нанесці ўдары па Украіне напярэдадні навагодніх святаў або ў самыя святы. Пра гэта казала раней і кіраўніца Абʼяднанага каардынацыйнага прэс-цэнтру Сілаў абароны поўдня Наталля Гумянюк.

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў