Памежнікі затрымалі 75-гадовага віцябляніна Барыса Хамайду


Затрыманы 75-гадовы віцебскі актывіст Барыс Хамайда, паведамляе «Наша Ніва». Вядома, што мужчыну затрымалі памежнікі пасля таго, як пабачылі ягоны пашпарт з выявай Пагоні на вокладцы.

Віцебскі актывіст Барыс Хамайда.
Фота: Белсат

Паведамляецца, што Барыс Хамайда 28 ліпеня ехаў у Бігосава, дзе хацеў далучыцца да пешай пілігрымкі ў Росіцы (вёска ў Верхнядзвінскім раёне, якая знаходзіцца недалёка ад латвійскай мяжы). Там праходзяць урачыстасці да 80-й гадавіны мучанікаў Другой сусветнай вайны.

Бігосава – гэта апошні чыгуначны прыпынак на беларускім памежжы з Латвіяй, побач знаходзіцца пункт пропуску «Грыгароўшчына – Патэрніекі».

Памежнікі хадзілі па цягніку і правяралі пашпарты. Тады яны ўбачылі, што ў Хамайды вокладка з выявай Пагоні. Спачатку памежнікі паразмаўлялі з ім на агульныя тэмы, а як ён выйшаў у Бігосаве на перон, дагналі і затрымалі.

Мужчыну завезлі ў Верхнядзвінск.

Мінулы раз найстарэйшага віцебскага апазіцыянера Хамайду затрымлівалі ў жніўні мінулага года, на яго склалі пратакол за несанкцыянаванае пікетаванне. Падставаю стаўся медальён з Пагоняй, які спадар Хамайда адмовіўся зняць, калі на гэтым пачалі настойваць міліцыянты. Мужчыну затрымалі ў будынку суду Кастрычніцкага раёну Віцебску, куды той прыйшоў падтрымаць журналістку Таццяну Мацвееву. Яго адпусцілі пасля ночы ў ІЧУ.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў