Фізік-ядравік Андрэй Ажароўскі: Крызіс радыеактыўных адкідаў ад АЭС непазбежны


Кожная гадзіна працы атамнай станцыі павялічвае рызыкі і нагрузку на будучыя пакаленні. Ужо цяпер пра сумны досвед у гэтым плане могуць расказаць немцы, якія разграбаюць памылкі сваіх дзядоў з 1970-х. Беларусь пакуль на пачатку гэтага шляху. Акрамя гэтага, сёння атамныя аб’екты ствараюць дадатковыя сурʼёзныя ўразлівасці ў выпадку ўзброеных канфліктаў.

Андрэй Ажароўскі, фізік-ядравік. Крыніца: greenbelarus.info

Такую думку ў інтэрвʼю «Белсату» выказаў фізік-ядравік Андрэй Ажароўскі. Да 37-й гадавіны аварыі на Чарнобыльскай АЭС мы пагаварылі з ім пра тое, якую небяспеку нясуць у сабе абʼекты атамнай энергетыкі ў новых геапалітычных рэаліях, што ўяўляюць з сябе могільнікі для ядравых адкідаў, чаму ўсе варыянты для іх размяшчэння ў Беларусі дрэнныя, з якімі адкідамі будуць мець справу беларусы і каму будзе належаць плутоній, атрыманы з адпрацаванага ядравага паліва БелАЭС.

«Любая краіна, на тэрыторыі якой месціцца АЭС, больш уразлівая для тэрарыстычнай атакі і ваеннай пагрозы»

– Захоп украінскіх АЭС расейскімі вайскоўцамі і правядзенне паблізу іх баявых дзеянняў востра паставілі пытанне аб бяспецы і магчымасці ядравага шантажу з боку дзяржавы-агрэсара. Як не дапусціць ядравай катастрофы? Ці ў гэткім выпадку «сіла ў сіле» і мы асуджаныя на дыктат дзяржавы з «ядравай дубінкай»?

– Свет дагэтуль у шоку: ніколі раней не было такога, што ваенныя дзеянні не проста праходзяць побач з дзейнай атамнай станцыяй, а сама АЭС, якая працуе на ўсю магутнасць, у выніку сілавога захопу з ужываннем цяжкай зброі пераходзіць з-пад кантролю адной краіны да іншай. Крызіс Запарожскай АЭС паказаў, што атамная энергетыка стварае дадатковыя ўразлівасці, не звязаныя з аварыямі, радыеактыўнымі адкідамі, а іншага тыпу: любая краіна, на тэрыторыі якой месціцца АЭС, больш уразлівая для тэрарыстычнай атакі і ваеннай пагрозы. Таму вайсковае кіраўніцтва такіх краінаў павінна настойваць на іх закрыцці.

Возьмем краіны, дзе станцыі месцяцца на беразе мора: Францыя, Швецыя, Фінляндыя. Добра падрыхтаваная група тэрарыстаў, дыверсантаў, высадзіўшыся з мора, бярэ небяспечны абʼект пад свой кантроль і можа дыктаваць свае ўмовы. Нямеччына свае атамныя станцыі закрыла, Літва сваю Ігналінскую станцыю закрыла і новай не будавала – там няма такой уразлівасці. Гэтыя краіны даказалі сваім прыкладам, што гэта тэхнічна магчыма. Бязʼядравая Нямеччына прадае электрычнасць у ядравую Францыю. Цана на электрычнасць там не вышэйшая, чым у суседніх краінах. Найлепшым падарункам да чарговай гадавіны аварыі на Чарнобыльскай АЭС стала б адмова ад ядравай энергетыкі.

Работнікі Чарнобыльскай АЭС ускладаюць кветкі да помніка ахвярам чарнобыльскай трагедыі падчас мемарыяльнай цырымоніі каля ЧАЭС. Кіеўская вобласць, Украіна. 26 красавіка 2023 года.
Фота: Уладзіслаў Мусіенка / AP Photo / East News

«Ідэя «закапаць і забыцца» папулярная ў шмат якіх краінах». Чаму гэта кепска?

– Цяпер адпрацаваныя ядравыя адкіды з БелАЭС захоўваюцца на тэрыторыі станцыі. Актыўна вядуцца размовы аб будаўніцтве сховішча для пахавання ядравых адкідаў на тэрыторыі Беларусі. Якія выклікі і пагрозы гэта цягне за сабой?

– Дзякуй Богу, рассыпалася ў пух і прах казка, якой кармілі беларусаў: маўляў, Расея пабудуе ў Беларусі атамную станцыю і забярэ ўсе адкіды. Беларусі давядзецца шукаць месца для доўгачасовага размяшчэння радыеактыўных адкідаў. Як гэта будзе выглядаць, мы пакуль не ведаем. Могуць пачаць будаваць глыбіннае сховішча – гэта дрэннае рашэнне. Могуць пабудаваць павярхоўнае сховішча – гэта таксама кепскае рашэнне. А якое добрае? Яго няма.

БелАЭС пабудаваў «Росатом», паглядзім, як у Расеі з пахаваннем адкідаў. Старыя сховішчы радыеактыўных адкідаў, пабудаваныя ў 1950–1960-я гады, працякаюць. Хоць ёсць тыя, хто кажа, што яны прастаяць сотні гадоў. Напрыклад, горад Обнінск, дзе размяшчаецца сховішча самай першай савецкай атамнай станцыі. У горадзе Электрасталь ёсць завод фабрыкацыі паліва, дзе робяць ядравае паліва ў тым ліку для БелАЭС. І там велізарная тэрыторыя забруджаная. З тэрыторыі прадпрыемства побач з могільнікам працякае ручай, які забруджаны на некалькі кіламетраў. Лічбы забруджвання параўнальныя з чарнобыльскімі. Новасібірск, Кіравачапецк, Белаярская АЭС – пералік гарадоў з працякальнымі старымі могільнікамі можна працягваць. Таму калі беларусам будуць казаць, што ў «Росатому» ёсць станоўчы досвед у гэтым пытанні, трэба ўспомніць хоць бы гэтыя прыклады. Хоць ёсць могільнікі, якія не працякаюць.

Добра, што ў Беларусі пачаліся абмеркаванні, што рабіць з адкідамі, дзе мусіць размяшчацца пляцоўка для іх захоўвання. Першы блок БелАЭС працаваў толькі 50 % часу, але за гэты перыяд паспеў напрацаваць тоны небяспечных рэчываў. Пошук месца для размяшчэння, самога спосабу доўгатэрміновага абыходжання з радыеактыўнымі адкідамі – рэч даволі канфліктная. У Расеі такія пошукі сутыкаліся нават з экалагічнымі бунтамі: ніхто не хоча жыць побач з могільнікамі.

Вытворчасць ядравых паліўных таблетак для расейскіх і замежных АЭС на машынабудаўнічым заводзе ў горадзе Электрасталь, Маскоўская вобласць, Расея. 25 сакавіка 2015 года.
Фота: Fadeichev Sergei / TASS / Forum

Я бачыў абмеркаванні ў медыях наконт таго, каб будаваць беларускі могільнік на тэрыторыі чарнобыльскай зоны адчужэння. Гэта дрэнная ідэя, але я разумею, чаму атамнікі з ёй носяцца: там людзей ужо адсялілі, няма жыхароў, якія маглі б абурацца. Імаверна, менавіта такое рашэнне і будзе прынятае. Чаму гэта кепска? Людзі, якія будуць будаваць могільнік у чарнобыльскай зоне, будуць на небяспечнай тэрыторыі, будуць апрамяняцца. Цяпер радыенукліды, якія выйшлі 37 гадоў таму з аварыйнага рэактару ЧАЭС, у больш-менш звязаным стане ў глебах. Калі гэта ўсё пачаць варушыць, прыгнаць цяжкую тэхніку, будаваць проста на забруджаных тэрыторыях, гэта прывядзе да рухомасці небяспечных рэчываў. Зменіцца карта забруджвання тэрыторыі, радыенукліды могуць трапіць у рэкі. Любое будаўніцтва ў зоне адчужэння прывядзе да дадатковага апрамянення людзей, павышэння старых чарнобыльскіх рызыкаў. Згадаем таксама рызыкі, звязаныя з транспартаваннем радыеактыўных адкідаў да месца пахавання – у практыцы здараліся аварыі.

Другое рашэнне, пра якое менш гавораць, – пляцоўка каля БелАЭС, у Астравецкім раёне. Гэта таксама дрэннае рашэнне. Якое добрае? Наогул гэтых адкідаў не вырабляць. Любая кропка не будзе даваць 100 % гарантыі, любая геалагічная структура нестабільная, калі мы гаворым пра сотні, тысячы гадоў. Для любой структуры – граніт, соль – ёсць фактары рызыкі. Такім чынам, кожная гадзіна працы атамнай станцыі сёння павялічвае рызыкі і нагрузку на будучыя пакаленні.

– Што з сябе ўяўляюць могільнікі?

– «Росатом» будуе могільнікі ў Азёрску для адкідаў камбінату «Маяк» і ва Уральску для адкідаў прадпрыемства для ўзбагачэння ўрану. Гэта паверхневыя пункты пахавання: 4 метры глыбінёй і 4 метры над зямлёй, бетонныя збудаванні, якія засыпаюцца пяском і глінай, зверху кладзецца яшчэ адзін бетонны маналіт, які таксама засыпаецца зямлёй, – ствараецца пагорак. Гаворыцца, што гэта прастаіць 300 гадоў. Разам з тым у дакументах «Росатому» пазначана, што пры неспрыяльным збегу абставінаў працёкі могуць пачацца ўжо праз 100 гадоў.

Ствараючы радыеактыўныя адкіды і не маючы інжынерна пацверджанага ўстойлівага развязання гэтай праблемы, мы перакладаем яе на будучыя пакаленні. Калі нават могільнік працячэ не праз 5–10 гадоў, а праз 150, хто будзе несці за гэта адказнасць? Ідэя «закапаць і забыцца» папулярная ў шмат якіх краінах. Аднак гэта не гарантуе ізаляцыі адкідаў ад навакольнага асяроддзя на ўвесь тэрмін, які яны ўяўляюць небяспеку.

Аэрафотаздымак праекту «Moab UMTRA» для выдалення радыеактыўных хвастоў з тэрыторыі былога заводу для перапрацоўвання ўрану ў горадзе Моўаб, штат Юта, ЗША.
Фота: Jon G. Fuller / VW PICS / Science Photo Library / East News

Атамнікі не хочуць пакідаць адкідаў на паверхні, бо яны бачныя, іх трэба ахоўваць, і гэта яшчэ адна кропка ўразлівасці ў выпадку ваенных канфліктаў і тэрарыстычных нападаў. І галоўнае – гэта дорага.

– Як іншыя краіны развязваюць такую праблему?

– На пачатку атамнай энергетыкі здавалася, што адкідаў мала, былі малазразумелыя іх уласцівасці, бо яшчэ не адбыліся аварыі на могільніках. У 1970-х была ўпэўненасць, што ў будучыні, у 2000-х, праблема адкідаў ужо сапраўды будзе развязаная. Тады існавала варварская практыка выліваць вадкія радыеактыўныя адкіды і затапляць цвёрдыя ў моры. Былі вылучаныя, агавораныя месцы пахавання ў Атлантычным, Ціхім акіянах, ядравыя дзяржавы мелі права затапляць там свае ядравыя адкіды. Пазней у свеце забаранілі размяшчаць у морах і акіянах любыя адкіды, якія выгружаюцца з суднаў.

Ад такой практыкі адмовіліся і пачалі думаць, што рабіць. Усе варыянты былі кепскія. Варыянт адправіць у космас не працуе, бо занадта дорага і нельга выключыць рызыку аварыі пры ўзлёце ракеты. Разглядалі для пахавання Антарктыду як кантынент, дзе ніхто не жыве. Але, дзякуй Богу, Дамова аб Антарктыдзе гэта забараняе. У выніку сусветная атамная прамысловасць выйшла з лозунгам «закапаць і забыцца». Але навуковыя даследаванні паказалі, што гэта не працуе.

У свеце няма згоды: калі закапаць, то ў якую пароду? Фінляндыя, Швецыя і Расея кажуць: лепш граніту ніякая іншая парода для гэтых мэтаў не падыдзе. З побытавага пункту гледжання закапаць у гранітную скалу – гэта добра, граніт трывалы. З геалагічнага пункту гледжання ў выпадку землятрусу скала можа разламацца. Як высветлілася, любая гранітная скала памерам больш за 2 км працятая расколінамі. Цяпер дзве краіны, Фінляндыя і Швецыя, надумалі будаваць могільнікі ў граніце, і для іх велізарнай праблемай было знайсці кропкі без расколінаў у гранітных блоках, каб туды забурыць кантэйнеры з адкідамі.

Іншыя краіны, напрыклад, Нямеччына, выбралі для пахавання адкідаў саляныя пласты. Нямецкі могільнік «Asse-2», які цяпер працякае, быў зроблены на глыбіні 700–900 метраў у старой саляной шахце. У немцаў у 1970-х было лагічна няправільнае перакананне: калі соль за мільёны гадоў не размылася, то і за наступныя мільёны гадоў не размыецца. Але гэта няправільна. Клімат мяняецца паскоранымі тэмпамі, мяняюцца рэжымы ападкаў, плыні наземных і падземных рэк, і немцы сёння сутыкнуліся з праблемай – іхнае сховішча ў аварыйным стане. ФРГ выдаткоўвае каласальныя сродкі, каб развязаць гэтую праблему, якую ў 1960–1970-я гады заклалі іхныя дзяды.

Кантраляваны знос градзірні атамнай электрастанцыі ў нямецкім горадзе Бібліс. АЭС «Бібліс» была закрытая пасля палітычнага рашэння аб паэтапнай адмове ад атамнай энергетыкі пасля ядравай катастрофы ў Фукусіме ў 2011 годзе. Бібліс, Нямеччына.
Фота: Daniel Roland / AFP / East News

Трэці варыянт – гліны. Яго выбіраюць Бельгія і Францыя. Гліна пластычная, гідратрывалая, нібыта добра. Але геолагі вам скажуць, што не бывае вялікіх участкаў глінаў без пясчаных праслоек, а значыць, ёсць рызыка іх абваднення. Кантэйнеры з ядравымі адкідамі мусяць захоўваць герметычнасць цягам стагоддзяў і нават тысячагоддзяў. Нават нержавейная сталь за гэты час заржавее, гэта любому хіміку зразумела.

Такім чынам, не знайшлося такой геалагічнай структуры, пароды, якая не выклікала б пытанняў у спецыялістаў. Закапаць – гэта кароткатэрміновае рашэнне, якое перадае праблему будучым пакаленням. Нават у ЗША не развязанае гэтае пытанне ў доўгатэрміновай перспектыве. Крызіс радыеактыўных адкідаў ад АЭС непазбежны, у адрозненне ад магчымасці аварыі. Так, рэактары нясуць небяспеку, але рэктар можа працаваць і не выбухнуць. Але любая атамная станцыя пры працы вырабляе радыеактыўныя адкіды, з якімі трэба нешта рабіць.

Перспектывы простыя: трэба рушыць услед за досведам Нямеччыны, Літвы, Італіі і адключаць атамныя станцыі. Цяпер эксперты кажуць аб скарачэнні атамнай энергетыкі ў свеце – да 5 % да 2050 года. Застануцца краіны, у якіх ёсць АЭС: у асноўным тыя, хто валодае ядравай зброяй.

БелАЭС як катастрофа сама па сабе

– З якімі адкідамі давядзецца мець справу беларусам?

– Найперш з адкідамі атамнай станцыі. Тут будзе вялікая колькасць штатных радыеактыўных адкідаў. Дарэчы, для газападобных радыеактыўных адкідаў могільнікаў няма. Ёсць трубы, праз якія яны выкідваюцца, яны добра ачышчаныя, але не на 100 %, таму што дорага. «Росатом» не хоча павышаць ступені іх ачысткі. Гэта небяспечна, бо людзі, якія стаяць за 50 метрах і бліжэй, будуць атрымліваць дадатковае выпраменьванне праз удыхальнае паветра. Цвёрдыя сярэдне- і нізкаактыўныя адкіды – ад іх звычайна адмахваюцца, кажуць, што яны менш небяспечныя. Але гэта не так. Нізкаактыўныя адкіды самыя небяспечныя, таму што іх шмат. Высокаактыўныя адкіды можна спакаваць, размясціць у пабудаваным сховішчы і сачыць, каб кантэйнеры не працякалі цягам сотняў і тысячаў гадоў. З нізка- і сярэднеактыўнымі адкідамі так не выходзіць. Для іх, хутчэй за ўсё, будуць прапаноўваць курганныя могільнікі.

Беларуская АЭС. Астравецкі раён, Беларусь. 25 красавіка 2021 года.
Фота: Белсат

Адпрацаванае ядравае паліва – адзін з самых небяспечных радыеактыўных адкідаў. Яно змяшчае вялікую колькасць урану, які не дагарэў, і плутоній, які ў ім утварыўся. Рыхтуецца міжурадавае пагадненне паміж Расеяй і Беларуссю аб тым, каб гэтыя небяспечныя радыеактыўныя адкіды прыехалі на нейкі час у Расею, каб расейская атамная прамысловасць выняла з яго ўран і плутоній. Фармальна ўран і плутоній будуць належаць Беларусі. Плутоній мае вайсковае значэнне. Хімічнае выманне плутонію з адпрацаванага ядравага паліва – складаная, але цалкам вырашальная задача і для Беларусі. Таму што будзе з адпрацаваным ядравым палівам – пакуль незразумела.

«Перапрацоўванне» адпрацаванага ядравага паліва – няправільнае слова. Правільней казаць «выманне ўрану і плутонію» з паліва, у працэсе якога аб’ём радыеактыўных адкідаў павялічваецца. Напрыклад, у Фінляндыі ці Швецыі выманне плутонію забароненае. Адкіды БелАЭС ад такога перапрацоўвання абавязаныя будуць вярнуцца ў Беларусь паводле дзейнага расейскага заканадаўства.

БелАЭС сёння – гэта небяспечны радыяцыйны абʼект, які вырабляе радыеактыўныя адкіды. Беларусі ў наступныя дзесяцігоддзі непазбежна прыйдзецца ўкладваць мільярды ў будаўніцтва абʼектаў для абыходжання з радыеактыўнымі адкідамі. Ці не будаваць такіх абʼектаў і атрымліваць забруджаныя рэкі і азёры. З эканамічнага гледзішча гэта катастрофа разам з неабходнасцю выплачваць Расеі крэдыт. З палітычнага гледзішча АЭС яшчэ больш прывязвае Беларусь да Расеі: залежнасць ад расейскага ўранавага паліва, расейскіх спецыялістаў, без якіх падтрымлівацца ў працоўным стане АЭС у Астраўцы не можа. «Росатом» любіць шолах грошай, і сваю выгаду ад станцыі ён атрымаў. Усе грошы асвойваў «Росатом» (праўда, дзяліліся нечым з беларусамі, так што хтосьці зарабіў на гэтым). А вось усе астатнія атрымалі дамоклаў меч над галавой, які вісіць на нітачцы.

СП /MM belsat.eu

Стужка навінаў