Беларусы замежжа выкупілі эскізы роспісаў Чырвонага касцёлу на аўкцыёне ў Нямеччыне


Беларусы хутка выкупілі на інтэрнэт-аўкцыёне ў Нямеччыне эскізы-праекты алтарных роспісаў касцёлу Святых Сымона і Алены ў Менску, паведамляе Telegram-канал «Спадчына».

Адзін з эскізаў роспісаў Чырвонага касцёлу. Крыніца: irrgangfinearts.de

Працы мастака Юзафа Тэафіла Смалінскага (1865–1927) заўважылі на аўкцыёне 27 лістапада. Тады «Спадчына» заклікала беларусаў як мага хутчэй набыць творы мастацтва, звязаныя з Чырвоным касцёлам.

28 лістапада канал паведаміў, што менавіта беларусы, якія цяпер за межамі краіны, паспелі выкупіць усе эскізы.

«У цэнтры ў нябёсах намаляваны Хрыстос, пад ім – выява Чырвонага касцёлу. Хлопчык з дзедам – гэта Сямён Вайніловіч і ягоны заступнік святы Сымон. Насупраць укленчаная дзяўчына – гэта Алена Вайніловіч. Шматлікія партрэты жанчыны ў масіўнай кароне – гэта пошук вобразу святой Алены, маці імператара Канстанціна, якая адшукала Труну Божую і Жыватворны Крыж, які трымае ў руках. Сярод падборкі малюнкаў мастака ёсць «мужчынскі партрэт», які, калі паглядзець на іншыя эскізы, насамрэч партрэт Алены Вайніловіч», – расказвае «Спадчына» пра эскізы.

Адзін з эскізаў роспісаў Чырвонага касцёлу. Крыніца: irrgangfinearts.de
Адзін з эскізаў роспісаў Чырвонага касцёлу. Крыніца: irrgangfinearts.de
Адзін з эскізаў роспісаў Чырвонага касцёлу. Крыніца: irrgangfinearts.de

«Яны [эскізы. – Заўв. рэд.] – рэдкі прыклад мадэрнавага мастацтва на Беларусі. Знойдзем ці не мы гэтыя роспісы калісьці ў самім касцёле – пакуль не вядома, а так хоць будзе нейкае сведчанне той эпохі», – піша «Спадчына».

Непакой «Спадчыны» небеспадстаўны, бо ў верасні 2022 года ўлады закрылі касцёл для вернікаў. Гэта адбылося пасля невялікага пажару. Чыноўнікі вырашылі, што Чырвонаму касцёлу патрэбная рэканструкцыя, але толькі нядаўна абвесцілі, што праца пачнецца ў першым квартале 2024 года.

Увесь гэты час у касцёл не пускалі нават святароў. У кастрычніку 2022 года спрабавалі затрымаць ксяндза Уладзіслава Завальнюка, які маліўся на падворку каля замкнёных дзвярэй Чырвонага касцёлу.

Hавiны
Каля Чырвонага касцёлу спрабавалі затрымаць ксяндза Завальнюка. Вернікі звярнуліся ў СК і да Лукашэнкі
2022.10.12 12:09

Арсен Рудэнка belsat.eu

Стужка навінаў