Каля Чырвонага касцёлу спрабавалі затрымаць ксяндза Завальнюка. Вернікі звярнуліся ў СК і да Лукашэнкі


11 кастрычніка міліцыянты спрабавалі затрымаць ксяндза Уладзіслава Завальнюка, які ёсць пробашчам каталіцкай парафіі Святых Сымона і Алены ў Менску. Пра гэта паведамляе «Хрысціянская візія».

Ксёндз Уладзіслаў Завальнюк моліцца перад Чырвоным касцёлам.
Фота: Парафія Св. Сымона і Св. Алены – Мінск / Facebook

Ксёндз Уладзіслаў Завальнюк, які ўжо больш за тыдзень трымае чысты пост, маліўся на падворку каля зачыненых дзвераў Чырвонага касцёлу, калі да яго падышлі міліцыянты ў форме і паспрабавалі адцягнуць з патрабаваннем: «Прайдзёмце!» Але святар папрасіў іх не кранаць яго, і яны адышлі.

Таксама паведамляецца пра перашкоды з боку міліцыі і асобаў у чорным у дачыненні парафіянаў, якія маліліся ля сценаў касцёлу на ружанцы. Міліцыянты казалі, што «болей за два чалавекі тут збірацца нельга, інакш – масавае мерапрыемства». Вернікам казалі адысці маліцца на плошчу Незалежнасці, а каля касцёлу маліцца было нельга, бо «паступіў загад зверху».

Тым не менш, людзей не затрымлівалі і не ўжывалі фізічнай сілы, але запалохвалі групу жанчын сталага веку пагрозай прыезду АМАПу.

Вернікі звярнуліся да ўладаў

Між тым сайт Чырвонага касцёлу паведамляе, што ў касцёл, закрыты для вернікаў і святароў з 26 верасня, дагэтуль няма доступу. Прадстаўнікі парафіі просяць «Менскую спадчыну» дапусціць прадстаўнікоў парафіі да абследавання пашкоджаных канструкцыяў, вопісу маёмасці і стварэння супольнай камісіі для вызначэння нанесенай пажарам шкоды.

Таксама парафіяне звярнуліся ў Следчы камітэт, каб ён падаў інфармацыю па выніках праведзеных следчых дзеянняў адносна інцыдэнту 26 верасня, у выніку якога і быў закрыты касцёл.

Міліцыянты замінаюць маліцца ксяндзу Уладзіславу Завальнюку.
Фота: Viktar Vedzen / Facebook

Апроч таго, накіраваны адкрыты ліст Аляксандру Лукашэнку. У ім адзначаецца, што інцыдэнт 26 верасня быў «вынікам неправамоцных дзеянняў нявыяўленых асобаў».

«Узгаранне, што адбылося ў ізаляваным памяшканні, не можа і не павінна пацягнуць прыпынення дзейнасці ўсяго аб’екту, настолькі святога і значнага для ўсіх Чырвонага касцёлу», – гаворыцца ў лісце.

Ксёндз Уладзіслаў Завальнюк адзначае, што каталікі нават не могуць ацаніць наступстваў здарэння, але «ва ўльтыматыўнай форме» змушаныя да 12 кастрычніка забраць з касцёлу ўсю рухомую маёмасць. Ён просіць Лукашэнку паспрыяць аднаўленню дзейнасці парафіі і працы святыні.

Абнаўляецца
«Гэта скандал». Чырвоны касцёл у Менску высяляюць. Што адбываецца?
2022.10.06 12:14

26 верасня ў Чырвоным касцёле здарыўся пажар, пасля чаго ўлады зачынілі бажніцу і не пускалі туды нават святароў. Паводле афіцыйнай версіі Міністэрства надзвычайных сітуацыяў, уночы ў МНС паступіла паведамленне пра тое, што ў касцёле Святых Сымона і Алены спрацавала пажарная сігналізацыя.

«Высветлілася, што адбылося загаранне электраправодкі ў будынку. У выніку здарэння пашкоджаная маёмасць на плошчы каля 20 кв. м. Ніхто не пацярпеў», – заявілі ў ведамстве.

Але неўзабаве камісія надзвычайных сітуацыяў пры адміністрацыі Маскоўскага раёну Менску пастанавіла «часова забараніць эксплуатацыю будынку».

Гісторыі
Чырвоны касцёл: як зачынялі раней і як забівалі яго святароў
2022.10.06 17:50

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў