Нават акуляры бывае цяжка перадаць. Чаму мы мала ведаем аб здароўі палітвязняў – і што рабіць


Як там Калеснікава пасля лякарні? Ці акажуць належную дапамогу Бабарыку пасля збіцця? Куды зніклі Статкевіч, Лосік, Знак? Рабковай правялі неабходныя абследаванні? Са здароўем Лойкі ўсё нармальна? Прадстаўніца «Вясны» тлумачыць «Белсату», чаму няма адказаў на гэтыя пытанні – і што рабіць, каб адказы з’явіліся.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Беларуская дыяспара Беластоку зладзіла акцыю салідарнасці з усімі беларускімі палітзняволенымі. На адзенні аднаго з дэманстрантаў – партрэт палітвязня Дзяніса Івашына. Беласток, Польшча. 4 снежная 2022 года.
Фота: чытачы / Белсат

Чаму пра здароўе зняволеных вядома так мала?

Праваабаронцы неаднаразова і шмат гадоў падкрэслівалі, што пенітэнцыярная сістэма Беларусі – адна з самых закрытых у свеце, а любая інфармацыя пра людзей за кратамі маладасяжная, кажа прадстаўніца праваабарончага цэнтру «Вясна» Алена Лапцёнак. У цяперашняй сітуацыі інфармацыя практычна не выходзіць за межы ізалятараў і калоніяў праз амаль поўную забарону палітвязням на перапіску, званкі і спатканні, праз ціск на адвакатаў і сваякоў.

Ёсць вядомыя прыклады траплення палітвязняў са штрафных ізалятараў у лякарню, ёсць трагічны выпадак з Вітольдам Ашуркам, які не выйшаў жывым з ШІЗА. У няволі праблемай становяцца нават самыя простыя пытанні, звязаныя са здароўем, тлумачыць Лапцёнак:

«Вось з акулярамі вырашыць даволі складана, таму што патрэбны агляд афтальмолага, каб ён выпісаў рэцэпт, каб гэты рэцэпт перадалі на волю, акуляры трэба замовіць перадаць – добра, калі ў чалавека сваякі ёсць, наладжаныя кантакты. А калі іх няма ці яны не ў Беларусі? У зняволенні ўвогуле абвастраюцца ўсе хранічныя захворванні, якія ёсць у чалавека. Цяпер мы ведаем, што выпадкі з анкалогіяй даволі частыя сталі. Адно з найбольш складана вырашальных пытанняў – стаматалогія, праблема з зубамі каласальная».

А праблемы са зрокам ёсць ці не ва ўсіх зняволеных – такія ўмовы ў месцах утрымання, што зрок псуецца хутка.

Разбор
«Катуюць не палітвязняў, а тых, хто мае «жоўтую бірку». Ці трэба баяцца статуса палітзняволенага?
2023.04.23 08:00

Яна не ведае, ці былі выпадкі, калі да зняволеных у СІЗА атрымалася правесці платнага стаматолага, затое ведае пра выпадкі, калі людзі ў калоніях самі сабе вырывалі зубы – пра гэта расказваюць тыя, хто выйшаў на волю.

«У лістах на сёння фактычна забаронена пісаць пра стан здароўя, таму што гэта адносіцца да ўмоваў утрымання, – адзначае Лапцёнак. – Гэта робіцца з дзвюх прычынаў. Першае – каб паказаць, што там усё добра, такой праблемы не існуе. Другое – дзяржава падтрымлівае атмасферу невядомасці, страху, для яе вельмі важна паказаць сваю сілу, прадэманстраваць перавагу, трымаць людзей у пакоры».

Калі сваякі палітвязняў даведваюцца нешта аб стане здароўя зняволеных, баяцца казаць пра гэта праваабаронцам. І нават тое, што становіцца вядома праваабаронцам, не заўсёды робяць публічным на просьбу сваякоў.

Лапцёнак згадвае такі прыклад. Сваякі паехалі да зняволенага на доўгатэрміновае спатканне, пабачылі, што ў таго на целе сып, што ў яго ўсё свярбіць. Зняволены расказаў, што дэрматолаг прыходзіў, зрабіў саскоб – сказаў, «не кароста», і на гэтым усё. Сваякі самі праз інтэрнэт шукалі па сімптомах, што гэта можа быць, апісвалі сімптомы знаёмым лекарам, шукалі нейкія мазі і пасылалі іх у калонію. А можа быць шмат хваробаў з падобнымі сімптомамі і розным лекаваннем, пры якіх дыстанцыйны дыягназ паставіць складана.

«Сваякі і праваабаронцы лічаць важным найперш не нашкодзіць, – рэзюмуе Лапцёнак. – А сённяшняя пенітэнцыярная сістэма накіраваная на тое, каб чалавек менавіта пакутаваў, каб таксама пакутавалі сваякі – і пры гэтым яны павінны баяцца».

Дылема: калі казаць, пакараюць, а калі не казаць, то «праблемы няма»

Каардынатарка ініцыятывы «Dissidentby» Марына Касінерава давала для «Белсату» парады аб тым, што могуць рабіць сваякі, калі знікае ўсялякая інфармацыя ад зняволеных: запісвацца на прыём да начальства калоніі і Дэпартаменту выканання пакаранняў, пісаць звароты, выпраўляць адваката, шукаць былых зняволеных, якія бачылі, што з іхным родным…

Разбор
Сувязь з палітвязнямі знікае – што рабіць сваякам? Парады «Dissidentby»
2023.04.27 21:43

Але ёсць выпадкі, калі ўсё гэта не дапамагае, прызнае Лапцёнак: з таго, што піша ў сацсетках Марына Адамовіч, жонка палітвязня Міколы Статкевіча, відаць, што яна ўсё рабіла належным чынам – а пра ейнага мужа ўсё роўна нічога не вядома амаль тры месяцы. Ды «не спрацавала» не значыць «не трэба і спрабаваць», падкрэслівае прадстаўніца «Вясны».

Паўплываць на сітуацыю можа толькі апублічванне інфармацыі, міжнародная рэакцыя. Лапцёнак запэўнівае: на апублічванне збіцця і траплення ў лякарню Віктара Бабарыкі рэакцыя будзе. Бацьку Марыі Калеснікавай не пускалі да яе ў лякарню некалькі дзён, але ўрэшце і пусцілі, і выклалі здымак са зняволенай. А можа не паўплываць, за апублічванне інфармацыі могуць і помсціць: так, даўно няма звестак пра Максіма Знака, урыўкі з турэмнай кнігі якога нядаўна чыталі ў Каралеўскім драматычным тэатры ў Стакгольме.

«Нам хочуць прадэманстраваць, што ўсё бессэнсоўна, што любое нашае дзеянне не прынясе станоўчых вынікаў, што мы нічога не можам змяніць, – кажа Лапцёнак. – Калі гуляць паводле іхных правілаў, то атрымліваецца, што так».

Гэта «зачараванае кола», тлумачыць Лапцёнак: калі і сваякі, і грамадства нічога не будуць казаць пра ціск на палітвязняў, дык будзе здавацца, што ціск меншы, што не існуе праблемаў – і праблемы самі сабой не вырашацца. Калі казаць, то ўлады «закручваюць гайкі», бо не ўмеюць іначай, праз тры гады з выбараў-2020 не адчуваюць сябе спакойна і трывала.

Калі казаць аб праблеме канкрэтнага зняволенага, таго могуць кінуць у ШІЗА, могуць пазбавіць права на любыя кантакты, не пускаць нават адваката. Не кожны зняволены і не кожны родны зняволенага гатовыя рызыкаваць такім – Лапцёнак разумее і не асуджае тых, хто да такога не гатовы. Ды калі не казаць, выходзіць, што «чалавека няма», і гэта не толькі не вырашыць праблемы, але і створыць дадатковы ціск на зняволенага. Лапцёнак цытуе нядаўні ліст Валянціна Стэфановіча, у якім ён параўноўваў са смерцю няволю і выкрэсліванне з жыцця.

Яна прыводзіць у прыклад Telegram-канал пра палітвязня Дзяніса Івашына, які вядзе ягоная жонка Вольга Івашына. Той пагражалі, што забароняць перапіску, закрыюць усе каналы сувязі, але Вольга Івашына вырашыла, што «не будзе гуляць па іхных правілах». Вольга і Дзяніс, упэўненая Лапцёнак, усведамляюць пагрозы, але гэта іхны «мужны, сумленны, прынцыповы выбар».

«Пра гэта трэба казаць, бо інакш сітуацыю з вязнямі не вырашыць, – перакананая Лапцёнак. – Чым больш будзе выпадкаў апублічвання, тым больш будзе паказаны пачварны твар гэтай бязлітаснай улады».

Але Лапцёнак згадвае, што ёсць і Дар’я Лосік, якую кінулі за краты за тое, што змагалася за мужа Ігара Лосіка. Дар’я, лічыць яна, не проста змагалася за здароўе мужа, а асабіста кінула выклік сістэме, а сістэма пакарала яе, каб запужаць астатніх. Прадстаўніца «Вясны» кажа, што не можа заклікаць усіх рабіць так, як Дар’я – але ёсць і менш рызыкоўныя, ускосныя шляхі змагання за зняволеных.

Яна раіць рабіць усё магчымае, да чаго гатовыя, у барацьбе за блізкіх, за іхнае здароўе і вызваленне, быць салідарнымі паміж сабой. Праблемы самі сабой не вырашацца і нікуды не дзенуцца, а розгалас і агульныя намаганні могуць спрыяць гэтаму.

Каментар
Аляксандр Кабанаў: Адзінае, што можа зрабіць грамадства, – распавесці пра катаў у турмах
2023.04.27 14:12

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў