У Стакгольме пакажуць спектакль паводле твораў Алеся Бяляцкага і Максіма Знака


У Швецыі адбудзецца спектакль-чытка паводле твораў палітвязняў Алеся Бяляцкага і Максіма Знака. Аб гэтым паведамляе Каралеўскі драматычны тэатр у Стакгольме.

Афіша спектаклю паводле твораў Алеся Бяляцкага і Максіма Знака. Скрыншот з сайту Каралеўскага драматычнага тэатру ў Стакгольме, Швецыя: dramaten.se

20 красавіка ў Каралеўскім драматычным тэатры ў Стакгольме пакажуць спектакль «Бяляцкі, прасі літасці!», пастаўлены паводле твораў беларускіх палітвязняў Алеся Бяляцкага і Максіма Знака. Сцэнічная адаптацыя зробленая ў межах праекту «DRAMATEN.DOC» пад мастацкім кіраўніцтвам беларуска-шведскага пісьменніка і рэжысёра Дзмітрыя Плакса.

У спектаклі ўдзельнічаюць Ніна Фекс (Nina Fex), Гуннель Фрэд (Gunnel Fred), Дункан Грын (Duncan Green) і Сігам Шурафа (Siham Shurafa). Спектакль уяўляе сабой сцэнічную пастаноўку паводле матываў апавядання Алеся Бяляцкага «Бяляцкі, прасі літасці!» і кнігі Максіма Знака «Зэкамерон». Пастаноўка ў супрацы са шведскім ПЭН-клубам і выдавецтвам «Ersatz».

Тэатр таксама расказвае сваім гледачам пра аўтараў твораў, якія будуць чытацца са сцэны: «3 сакавіка ў Менску вынеслі прысуд: лаўрэат Нобэлеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі асуджаны на 10 гадоў пазбаўлення волі на радзіме ў Беларусі. «Злачынства» яго і ягоных калегаў вельмі распаўсюджанае ўва ўсіх дыктатурах і выразна сфармуляванае: абарона свабоды слова і правоў чалавека. Юрыст Максім Знак атрымаў 10 гадоў пазбаўлення волі яшчэ 6 верасня 2021 года. Тое ж «злачынства», тое ж пакаранне. Але, у адрозненне ад Бяляцкага, Знак трапіў у турму ўпершыню. Абʼядноўвае іх абодвух яшчэ і стаўленне да пісьмовага слова – і Алесь, і Максім пісьменнікі, паэты».

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў