Марыю Калеснікаву перавялі з медсанчасткі ў атрад і накіравалі на працу


Адна з лідарак пратэстаў Марыя Калеснікава вярнулася ў атрад з медсанчасткі, дзе заставалася пасля шпіталізацыі і хірургічнай аперацыі. Пра гэта паведамляе тэлеграм-канал Віктара Бабарыкі.

Марыя Калеснікава пасля аперацыі.
Фота: ЖС Premium / Telegram

Як стала вядома 16 студзеня, палітзняволеную Марыю Калеснікаву вярнулі на месца адбывання пакарання і накіравалі на працу, бо палічылі, што яна ўжо дастаткова рэабілітавалася пасля хірургічнай аперацыі.

«Вестка пра стан Марыі Калеснікавай пасля аперацыі: перавялі ў атрад з медчасткі, выйшла на працу, але стамляецца пасля змены, пачынае набіраць патроху вагу, пачуваецца нармальна», – напісана ў паведамленні.

Крызіс са здароўем у палітзняволенай пачаўся 28 лістапада, калі «да праблемаў з ціскам, млосцю і стратаю прытомнасці дадаўся пакутлівы боль у страўніку». Калеснікаву тэрмінова шпіталізавалі ў Гомлі з прабадзеннем язвы і зрабілі аперацыю. Пазней яе перавялі ў медсанчастку калоніі, дзе дазволілі пабачыцца з бацькам.

Незадоўга да шпіталізацыі Калеснікава адбывала 10 содняў у штрафным ізалятары, дзе было вельмі холадна, праз што палітзняволеная амаль не спала. Некалькі разоў яна траціла прытомнасць, мела павышаны ціск і млосць. Сярод іншага яна страціла прытомнасць у душы і пры падзенні падрапала ногі.

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў