Месцазнаходжанне Віктара Бабарыкі і ягоны стан невядомыя


Ні супрацоўнікі наваполацкай лякарні, ні прадстаўнікі калоніі не могуць пацвердзіць, што Віктар Бабарыка знаходзіцца ў іх, паведамляе тэлеграм-канал палітвязня і былога прэтэндэнта ў кандыдаты на пост прэзідэнта Беларусі ў 2020 годзе.

Віктар Бабарыка.
Фота: viktar_babaryka / Instagram

На канец дня 27 красавіка было вядома, што Віктар Бабарыка знаходзіцца ў хірургічным аддзяленні Наваполацкай лякарні ў стане сярэдняй цяжкасці. Лекары падкрэслівалі, што ягоная транспартыроўка можа быць небяспечная для здароўя. Інфармацыі пра месцазнаходжанне Бабарыкі па стане на вечар пятніцы, 28 красавіка, няма.

«Відавочна адзінае – жыццё і здароўе Віктара Бабарыкі ў небяспецы! – піша каманда Бабарыкі ў тэлеграме. – Мы яшчэ раз настойліва заклікаем асобаў, адказных за тое, што адбываецца, прадставіць вычарпальную інфармацыю пра ягонае месцазнаходжанне і фізічны стан, а таксама дапусціць да яго сваякоў і адвакатаў! Мы таксама заклікаем міжнародную супольнасць выкарыстоўваць усе дасяжныя сродкі для атрымання ад дзейнай улады адказаў на пастаўленыя пытанні».

Увечары 26 красавіка тэлеграм-канал «Рабочы Рух» напісаў, што Бабарыка шпіталізаваны ў хірургічнае аддзяленне наваполацкай больніцы ў стане сярэдняй цяжкасці з пнеўматораксам (гэта назапашванне паветра паміж грудной сценкай і лёгкім). Пнеўматоракс можа з’яўляцца ў выніку траўмы грудной клеткі. Таксама, са звестак крыніцы, Бабарыка быў так збіты, што дактары адразу яго нават не пазналі, пакуль не пабачылі прозвішча. Гэта адбылося ў ноч з 24 на 25 красавіка.

Абноўлена
У Віктара Бабарыкі стаіць дрэнажная прылада, ён ходзіць сам
2023.04.27 16:39

Раніцай 27 красавіка каманда Віктара Бабарыкі пацвердзіла, што ён быў шпіталізаваны ў лякарню Наваполацку.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў