Кнігі па-беларуску за мяжою. Расказваем, дзе іх шукаць


Пошук кніг на беларускай мове часта робіцца балючым пытаннем для беларусаў, якія апынуліся за мяжой. Мы зрабілі падбор карысных рэсурсаў: інтэрнэт-крамаў, кнігарняў і не толькі, — дзе можна знайсці беларускія выданні, каб працягваць чытаць сваё.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Заказаць папяровую кнігу праз інтэрнэт: інтэрнэт-крамы і выдавецтвы

Allegro

Стары добры сайт, дзе ёсць шырокі выбар кніг на беларускай мове. Тут можна знайсці і набыць класічную літаратуру і навінкі – напрыклад, кнігі Альгерда Бахарэвіча, якія ў Беларусі прызнаныя экстрэмісцкімі, кнігу пра беларускага нобэлеўскага лаўрэата Алеся Бяляцкага ды іншыя.

Alfavit.eu

Інтэрнэт-кнігарня ў Польшчы. Тут можна набыць кнігі Янкі Купалы, Уладзіміра Караткевіча, Якуба Коласа, а таксама замежныя кнігі, перакладзеныя на беларускую мову.

Viedy

Кніжная онлайн-крама для беларусаў у Польшчы, якая дастаўляе кнігі па ўсёй Еўропе.

«Мы маладая кнігарня ў Варшаве. Наша мэта — распаўсюджанне беларускай літаратуры, каб кожны меў магчымасць чытаць на роднай мове, нават знаходзячыся па-за межамі сваёй краіны» — так пра сябе піша інтэрнэт-крама. У каталозе можна знайсці і класічную літаратуру, і дзіцячую, і нават перакладзенага на беларускую мову Гары Потэра ці «Ведзьмара» Анджэя Сапкоўскага.

«Вясна», або Vesna Books

Паспрабаваць замовіць кнігу можна, непасрэдна звярнуўшыся да беларускіх выдавецтваў, якія працуюць за мяжой і друкуюць беларускія кнігі. Так, напрыклад, беларускае сямейнае выдавецтва «Вясна», якое размяшчаецца ў Празе, адпраўляе кнігіт па ўсім свеце ў паўтара дзясятка краінаў. Каб замовіць выданне, трэба напісаць ім на пошту vesnav@seznam.cz.

Гісторыя выдавецтва пачалася 4 гады таму з выдання раману Мойшэ Кульбака «Панядзелак» у перакладзе на беларускую Сяргея Шупы. За гэты час выйшла больш за дзясятак кніг, уключна з «Сабакамі Еўропы» Альгерда Бахарэвіча.

Выдавецтва «Гутэнберг»

Маладое, але амбітнае выдавецтва, заснаванае беларусамі, якія вымушана з’ехалі з радзімы ў 2022 годзе і зараз жывуць у Кракаве. Першы іх нашумелы прадукт — адрыўны каляндар «Мова вольных» на 2023 год: па-беларуску, з каларытнымі выявамі і гісторыямі на кожны дзень. У далейшых планах «Гутэнберга» — выданні па-беларуску.

«Прадмова» у Варшаве
Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

«Мы беларусы, што вымушана пакінулі радзіму і знайшліся ў Кракаве. Тут, у вольным свеце, мы заснавалі новае, еўрапейскае беларускае выдавецтва «Гутэнберг». Мы ўжо рыхтуем для вас папулярныя і навукова-папулярныя кнігі ды настольныя гульні па-беларуску, а таксама пераклады беларускіх кніг на замежныя мовы, а замежных – на беларускую», – гаворыцца на старонцы праекту.

Для тых, хто не шукае лёгкіх шляхоў

Можна набыць беларускія кнігі праз кнігарні, якія яшчэ працуюць у Беларусі і арганізуюць дастаўку кніг за мяжу. Аднак трэба ўлічваць, што кошт кнігі з перасылкай вырасце ў разы.

KNIGANOSHA.BY

Інтэрнэт-кнігарня «Кніганоша» прапаноўвае шырокі выбар кніг па беларускай гісторыі і культуры. Тут можна знайсці беларускую мастацкую літаратуру — класічную і сучасную, а таксама пераклады на беларускую мову з іншых моваў. Калі верыць сайту крамы, яе адметнасць у тым, што тут можна набыць старыя выданні.

RAGNA.BY

«Рагна» — этнакрама з рэчамі, створанымі ў беларускім стылі. Кніг у «Рагне» не так шмат, але гэта па-свойму незвычайныя выданні. Напрыклад, тут можна знайсці «Смак беларускай кухні» — яскравы зборнік рэцэптаў на беларускай, расейскай і англійскай мовах, кнігі аб астраноміі ў Вялікім Княстве Літоўскім, зборнік фотаздымкаў Беларусі, зробленых нямецкім салдатам падчас Першай сусветнай, ды іншыя.

BELKNIGA.BY

Гэтая дзяржаўная сетка кнігарань мае вялікі выбар літаратуры, ад несмяротнай беларускай класікі да менш звыклых рэчаў (напрыклад, мастацкі твор «Бог кахання Марс» ад гомельскага пісьменніка Сяргея Балахонава).

Спампаваць электронную кнігу

Kamunikat.org

Беларуская інтэрнэт-бібліятэка, у якой каля трох тысяч кніг! Тут можна бясплатна спампаваць кнігі ў фармаце PDF. Калі любіце аўдыёкнігі – вам таксама сюды.

Уражвае багацце тэматыкі – ад мастацкай літаратуры да экалогіі і геаграфіі. Ёсць на «Камунікаце» і запісы радыёпраграмаў, перыёдыка, музыка і відэа – і ўсё па-беларуску.

«Камунікат» займаецца таксама і выданнем папяровых кніг. У мінулым годзе выйшлі такія выданні: кнігі Уладзіміра Някляева, Віктара Марціновіча, Ганны Янкуты, зборнік «Нерасстраляныя», пяць кніг Уладзіміра Арлова ды іншыя. Дакладнай інфармацыі аб дастаўцы на сайце крамы няма, для гэтага трэба напісаць на пошту яе супрацоўнікам.

Беларуская Палічка

Найбуйная і найстарая беларуская электронная бібліятэка. Тут добры выбар твораў, перакладзеных з іншых моваў на беларускую: і знакамітыя Рамэн Гары, і Чак Паланік, і менш вядомыя шырокаму чытачу Гінтарас Бераснявічус, і Яраслаў Гжэндовіч.

Тут прапануюць таксама і дзіцячыя кнігі па-беларуску. Напрыклад, можна знайсці творы беларускіх дзіцячых аўтараў, а таксама пераклады класічных дзіцячых твораў ад Астрыд Ліндгрэн да гісторыі пра Пітэра Пэна.

audiobooks.by

Навігатар па аўдыякнігах на беларускай мове і беларускіх аўтараў. Тут вы можаце знайсці як аўдыякнігі сучасных аўтараў, так і дзіцячыя альбо класічныя кнігі. Сайт не змяшчае кніг, а дае спасылкі на пляцоўкі, дзе іх можна паслухаць альбо набыць.

Артефакт

У бібліятэцы захоўваецца больш за дзевяць тысяч кніг, сярод якіх ёсць кнігі па-беларуску. Кнігі можна спампаваць у розных фарматах.

Бібліятэкі, дзе можна ўзяць кнігу на беларускай мове

Беларуская кніга ў Варшаве

Беларуска Аляксандра Гушча пасля пачатку вайны ва Украіне абвясціла збор беларускіх кніг, каб адкрыць бібліятэку. Выбар кніг можна глянуць у Instagram кнігазбору. Фізічна паліца з кнігамі размяшчаецца ў бібліятэцы ў Варшаве на адрасе Marszałkowska 55/73.

«Прадмова» у Варшаве
Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

І, вядома, ніхто не адмяняў буккросінгу: абменьвайцеся кнігамі па-беларуску з тымі, хто жыве ў вашым горадзе ці краіне.

Прыйсці, пагартаць і набыць

Беларускія кнігі за мяжой можна набыць і фізічна – на кніжных кірмашах, фестывалях ды прэзентацыях у розных гарадах, напрыклад, Варшаве, Празе, Вільні. Кніжны фестываль «Прадмова», які шмат гадоў праходзіў у Менску, сёлета ладзіўся ў Кракаве, Варшаве, Вільні, Тбілісі. На імпрэзе можна было набыць кнігі, выдадзеныя раней у Беларусі і вывезеныя на Захад, а таксама тое, што ўжо выйшла за мяжой.

Можна таксама паспытаць шчасця ў беларускіх згуртаваннях і хабах у вашай краіне. Так, напрыклад, кнігі на беларускай мове можна набыць у Беларускім моладзевым хабе ў Варшаве на пляцы Канстытуцыі 6 (pl. Konstytucji 6).

Саша Гоман belsat.eu

Стужка навінаў