Другую ў Беларусі АЭС могуць пабудаваць на поўдні краіны


Менск і Масква абмяркоўваюць пабудову новых атамных аб’ектаў у нашай краіне. Сярод варыянтаў разглядаецца пляцоўка на поўдні Беларусі, піша расейскае агенцтва «РИА Новости».

БелАЭС. Астравецкі раён, Беларусь. 25 красавіка 2021 года.
Фота: ВК / Белсат

Кіраўнік расейскай карпарацыі «Росатом» Аляксей Ліхачоў паведаміў, што Менск і Масква абмяркоўваюць «будаўніцтва новых атамных магутнасцяў».

«Ёсць опцыя пабудаваць трэці блок у Астраўцы. Ёсць опцыя пабудаваць на поўдні Беларусі двухблочную атамную электрастанцыю. Мы гатовыя і да гэтага, і да іншага варыянту», – сказаў чыноўнік.

Будаўніцтва АЭС у Астраўцы ў Гарадзенскай вобласці афіцыйна завяршылі ў лістападзе летась, калі ўрад зацвердзіў акт прыёму ў эксплуатацыю другога блоку.

Працы там пачаліся яшчэ ў 2011 годзе. Першы блок падлучылі да агульнай энергасістэмы ў лістападзе 2020-га, другі – у траўні 2023-га. Праз недаробкі, збоі і няспраўнасці першы блок АЭС неаднойчы выключалі.

Hавiны
Лукашэнка ў Астраўцы: «Хай бы была другая АЭС. Я прыхільнік гэтага»
2023.11.03 16:16

У эколагаў узніклі пытанні да БелАЭС яшчэ да пачатку будаўніцтва. Таксама занепакоеныя суседнія дзяржавы. Літва неаднойчы заклікала Беларусь прыпыніць працу АЭС праз дэфекты. Электрастанцыю прасілі не эксплуатаваць да таго часу, пакуль не будуць развязаныя ўсе пытанні ядравай бяспекі.

У снежні летась краіны-ўдзельніцы Канвенцыі аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе ў трансмежавым кантэксце пастанавілі, што Беларусь пры эксплуатацыі сваёй АЭС не выконвае абавязальніцтваў канвенцыі і што нацыянальнае заканадаўства не адпавядае гэтаму дакументу. Менск абавязалі належным чынам выконваць патрабаванні канвенцыі.

Hавiны
«сПокойный Островец»: Другі энергаблок БелАЭС здалі з 12 500 дэфектамі. Не ўсе выпраўляюць
2023.07.30 15:09

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў