Краіны-удзельніцы Канвенцыі Эспа: Беларусь не выконвае свае абавязальніцтвы пры эксплуатацыі БелАЭС


У пятніцу 15 снежня ў Жэневе завяршылася 9-я сустрэча бакоў Канвенцыі аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе ў трансмежавым кантэксце (Канвенцыя Эспа). Па выніках было прынятае рашэнне па БелАЭС.

БелАЭС. Крыніца: Minenergo_by / Telegram

У сустрэчы прынялі ўдзел 300 удзельнікаў: прадстаўнікі дзяржаўных установаў з 46 краінаў свету, міжнародных і няўрадавых арганізацыяў. Па агульнай згодзе бакоў Канвенцыі Эспа былі ўхваленыя важныя для экалагічнай супольнасці рашэнні, звязаныя з паспяховым далейшым дзеяннем Канвенцыі Эспа.

Для Літвы найбольш важнымі рашэннямі, зацверджанымі падчас гэтай сустрэчы, сталі: рашэнне аб невыкананні Беларуссю абавязальніцтваў па Канвенцыі Эспа пры эксплуатацыі Беларускай АЭС у Астраўцы і рашэнне аб неадпаведнасці беларускага нацыянальнага заканадаўства Канвенцыі Эспа.

Hавiны
Першы энергаблок БелАЭС уключылі ў сетку пасля 2 месяцаў рамонту
2023.12.16 13:12

Рашэннем па БелАЭС бакі Канвенцыі Эспа аднагалосна пацвердзілі парушэнні Беларусі пры распрацоўцы гэтага праекту, абавязалі Беларусь у далейшым належным чынам прымяняць патрабаванні Канвенцыі і адзначылі недастатковы прагрэс у выкананні рэкамендацыі Камітэту па выкананні Канвенцыі Эспа.

Рашэнне аб неадпаведнасці беларускаму заканадаўству не толькі выявіла парушэнні, але і дало рэкамендацыі аб тым, якія дзеянні павінна зрабіць Беларусь, каб належным чынам увесці патрабаванні Канвенцыі Эспа ў нацыянальнае заканадаўства.

«Літва, як суседняя з Беларуссю краіна, вітае гэтыя рашэнні бакоў Канвенцыі Эспа, накіраваныя на забеспячэнне належнага выканання трансмежавай ацэнкі ўздзеяння на навакольнае асяроддзе, празрыстых працэдур і належнага інфармавання грамадства і інстытутаў суседніх краінаў і забеспячэнне іх правоў падчас рэалізацыі праектаў, якія могуць мець трансмежавыы ўплыў на суседнія краіны», – кажа Рамінта Радавічэне, намесніца міністра навакольнага асяроддзя, якая ўдзельнічала ў гэтай сустрэчы.

Hавiны
Лукашэнка ў Астраўцы: «Хай бы была другая АЭС. Я прыхільнік гэтага»
2023.11.03 16:16

Канвенцыя аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе ў трансмежавым кантэксце (Канвенцыя Эспа) – міжнароднае пагадненне, ініцыяванае Еўрапейскай эканамічнай камісіяй ААН, падпісанае ў Эспа ў Фінляндыі ў 1991 годзе. У сілу ўступіла ў 1997 годзе. Згодна з канвенцыяй, працэдура ацэнкі ўздзеяння на навакольнае асяроддзе (якая ўключае публічныя абмеркаванні), патэнцыйна небяспечных праектаў павінна праводзіцца не толькі ўнутры дзяржавы, але і ў суседніх краінах, якія могуць быць закранутыя ўздзеяннем гэтых аб’ектаў. У адпаведнасці з канвенцыяй, працэдура ацэнкі павінна праводзіцца на ранніх стадыях планавання. Канвенцыя ратыфікаваная 45 дзяржавамі, у тым ліку Беларуссю ў 2005 годзе.

Першы энергаблок БелАЭС быў уведзены ў прамысловую эксплуатацыю 10 чэрвеня 2021 года. З моманту яго ўключэння на ім не раз праводзілі рамонт. 29 верасня на БелАЭС пачалося комплекснае выпрабаванне абсталявання другога энергаблоку. 24 кастрычніка станцыя атрымала ліцэнзію на эксплуатацыю другога энергаблоку.

У эколагаў з самага пачатку працы БелАЭС узнікаюць пытанні наконт яе бяспекі. Занепакоеныя і суседнія дзяржавы.

Так, улады Літвы неаднойчы заклікалі Менск прыпыніць эксплуатацыю АЭС праз дэфекты. Міністэрства замежных справаў Літвы нават накіроўвала Міністэрству замежных справаў Беларусі ноту пратэсту і патрабавала не эксплуатаваць другі энергаблок, бо ядравая бяспека, экалагічныя стандарты і патрабаванні не выконваюцца.

У ліпені тэлеграм-канал «сПокойный Островец» паведамляў са спасылкай на ўласныя крыніцы, што другі энергаблок Беларускай АЭС быў запушчаны з больш як 12 500 дэфектамі.

Аб’ектыў
На будаванні БелАЭС ашчадзілі больш як 4,5 млрд долараў
2023.11.01 20:46

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў