ААН: З пачатку вайны Расея без суда пакарала смерцю больш за 70 мірных жыхароў


У аўторак, 27 чэрвеня, апублікавалі справаздачу ААН «Затрыманне цывільных асобаў у кантэксце ўзброенага нападу Расейскай Федэрацыі на Украіну». Паводле яго, з пачатку поўнамаштабнай вайны Расея па-за судом пакарала смерцю больш за 70 мірных жыхароў акупаваных тэрыторыяў Украіны.

Фота мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: Радыё Свабода

Справаздача ААН ахоплівае перыяд з 24 лютага 2022 года да 23 траўня 2023 года. Маніторынгавая місія здолела пацвердзіць незаконныя затрыманні больш як 800 чалавек, здзейсненыя ў акрэслены адцінак часу.

«Мы задакументавалі смяротныя пакаранні ў агульнай складанасці 77 мірных жыхароў, незаконна затрыманых Расейскаю Федэрацыяй», – заявіла на брыфінгу ў Жэневе кіраўніца Місіі ААН у справе правоў чалавека ва Украіне Матылда Богнэр.

Пакаралі смерцю без судоў 72 мужчынаў і 5 жанчын. Згодна са справаздачай, як мінімум яшчэ адзін затрыманы памёр «у выніку катаванняў, негуманных умоваў утрымання і/ці адмовы ў неабходнай медычнай дапамозе».

ААН сцвярджае ў дакладзе, што і Украіна таксама парушала міжнароднае права, незаконна затрымліваючы цывільных асобаў, але ў значна меншых маштабах.

Агулам, паводле Упраўлення вярхоўнага камісара ААН у справе правоў чалавека, з пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расеі да 4 чэрвеня 2023 года ва Украіне загінулі 8983 і былі параненыя 15 442 цывільныя асобы.

У ААН зазначаюць: рэальная колькасць ахвяраў нашмат большая, бо атрыманне інфармацыі з некаторых месцаў, дзе трываюць баявыя дзеянні, адбываецца з затрыманнем, а акрамя таго, шмат паведамленняў яшчэ патрабуюць пацверджання.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

 

Стужка навінаў