Прабіць сувалкаўскі калідор. Ці здольная на гэта Расея?

Пагрозай прамога вайсковага ўмяшальніцтва Крэмль адказаў на абмежаванне транзіту ў Калінінград, якое ўвяла Літва. Пры гэтым намякнуў на «прабіванне сувалкаўскага калідора». Ці магчыма ажыццяўленне расейскай задумы і якія дзеля гэтага патрэбныя ўмовы?

Крыніца: скрыншот / google maps

Наяўнасць сувалкаўскага калідора дазволіла б Расеі злучыць Калінінград з Беларуссю і развязаць праблему адасобленасці анклава. Падобныя намеры не раз ужо агучвалі расейскія вайсковыя аналітыкі. Сам жа «калідор» ацэньваўся як найбольш слабае месца ў сістэме бяспекі Літвы і Польшчы.

Калідор не для маланкавай аперацыі

Сувалкаўскі калідор – гэта геаграфічная прастора працягласцю 80 кіламетраў, якая праходзіць ў месцы судакранання тэрыторыі Літвы і Польшчы і аддзяляе Рэспубліку Беларусь ад Калінінградскай вобласці.

Відавочна, што ў пытанні «прабівання» выключная роля адводзіцца Рэспубліцы Беларусь. Без яе прамога ўцягнення ў канфлікт ажыццяўленне гэтых планаў нават гіпатэтычна немагчымае. Аднак ёсць цэлы шэраг акалічнасцяў, якія зводзяць магчымасці ажыццяўлення расейскай задумы практычна на нуль.

Па-першае, гэты невялікі адрэзак, які пазначаецца на карце кароткай чырвонай лініяй, у рэчаіснасці забалочаная і лясістая прастора, на якой няма ніякіх прамых камунікацыйных сетак. Пераадолець гэтыя 80 кіламетраў па прамой проста немагчыма. Вядома, пры больш дэталёвым вывучэнні Google maps можна ўбачыць партызанскія сцежкі, але наўрад ці яны прыдатныя для маланкавай і бліскучай «вайсковай аперацыі».

Меркаванні
Польшча не марыць пра ўсходнія крэсы
2022.06.03 16:55

Google maps прапануе два магчымыя варыянты аўтамабільных злучэнняў ад найбліжэйшага больш-менш буйнога памежнага беларускага паселішча Калеты да калінінградскага Лясістае. Першы праходзіць праз літоўскія гарады Ладзіяй і Кальварыя (137 км), другі – праз тэрыторыю Польшчы (Сейны, Шыплішкі, 130 км).

Па-другое, калідор – гэта ж не проста ўмоўны захоп і кантроль адной аўтамабільнай ніткі (дарогі) ад Беларусі да Калінінграда. Гэта захоп, утрыманне і забеспячэнне функцыянавання шырокай 30-50-кіламетровай зоны, якая павінна гарантаваць стабільнае злучэнне. У прыватнасці, 30 кіламетраў – гэта прастора паміж польскімі Шыплішкамі і літоўскай Кальварыяй. Такім чынам, працуючы жыццяздольны калідор, які ў стане забяспечыць стратэгічныя задачы РФ, павінен уключаць у сябе прастору ў 130 км даўжынёй і глыбінёй як найменей у 30 км.

Крыніца: скрыншот / google maps

Расеі спатрэбіцца час на падрыхтоўку

Адразу ж узнікае пытанне: якія рэсурсы спатрэбяцца для ўтрымання і стратэгічнай абароны такога калідора, улічваючы, што ён будзе праходзіць ўнутры варожай прасторы, пад пагрозай прамых флангавых удараў? Думаю, што для адносна паспяховай рэалізацыі і завяршэння «спецаперацыі», абмежаванай толькі гэтай прасторай, неабходная сухапутная групоўка колькасцю 50-70 тыс.чалавек.

На дадзены момант Калінінградскі абарончы раён уключае да 15 тыс. асабістага складу сухапутных войскаў (у тым ліку марская пяхота), больш за тысячу адзінак вайсковай тэхнікі, ракетныя сістэмы (С-400 «Іскандэры») і нават ядзерную зброю. Ключавую ролю ў рэгіёне мае Балтыйскі флот, які базуецца ў гарадах Балтыйск (Калінінград) і Кранштат (Пецярбург), колькасць асабістага складу даходзіць да 25 тыс. чалавек і каля 50 караблёў.

Не выклікае сумненняў, што без прамога прыцягнення УС РБ аперацыя па прабіванні калідора немагчымая. Колькасць вайскоўцаў УС Рэспублікі Беларусь складае 45 тыс. чалавек. Аднак, з улікам агульнага стану і падрыхтоўкі УС РБ і РФ, нават калі ўсе наяўныя рэсурсы будуць накіраваныя на вырашэнне задачы, гэтага будзе недастаткова.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Жаўнеры брытанскага войска прымаюць удзел у вучэннях па абароне сувалкаўскага калідора на тэрыторыі Літвы. 17 чэрвеня 2017 года.
Фота: Ints Kalnins / Reuters / Forum

Адпаведна, перад пачаткам «аперацыі» Расея будзе вымушана пачаць перакідванне дадатковых сіл і засяроджваць іх на ключавых напрамках удару – як у Калінінградзе, так і Беларусі, што выключае «маланкавую вайну». Для ўзмацнення вайсковай групоўкі спатрэбіцца некалькі тыдняў, што, безумоўна, не застанецца па-за ўвагай з боку Польшчы, Літвы, а таксама NATO.

NATO ёсць чым адказаць

У сваю чаргу, варта адзначыць, што колькасны склад УС Літвы – 39 тыс., яшчэ 90 тыс. – рэзервісты. Тут жа на пастаяннай аснове знаходзіцца 1 тыс. амерыканскіх вайскоўцаў.

УС Польшчы – гэта 125 тыс. прафесійных вайскоўцаў і 30 тыс. у тэрытарыяльнай абароне. Яшчэ 1 млн чалавек знаходзіцца ў запасе. У ваенна-марскіх сілах краіны нясуць службу 7 тыс. чалавек, на ўзбраенні ў іх 11 ваенных караблёў. Таксама ў Польшчы размешчана 10 тыс. амерыканскіх вайскоўцаў.

Узброеныя сілы Польшчы і Літвы па колькасці і забеспячэнні цалкам могуць процідзейнічаць агрэсіўным задумам Расеі і Беларусі ў сувалкаўскай прасторы. Да таго ж, варта браць пад увагу той факт, што ўварванне немінуча прывядзе да рэакцыі з боку NATO ў цэлым.

Якім можа быць сцэнар аперацыі

Не выклікае ніякіх сумневаў той факт, што немагчыма правесці паспяховую лакальную аперацыю (абмежаваную прабіваннем калідора), г. зн. прайсці пераможным маршам ад мяжы Беларусі да Калінінградскай вобласці і грунтоўна замацавацца на гэтым участку.

Невялікае ўварванне, так ці інакш, будзе патрабаваць адкрыцця некалькіх франтоў (або стварэння пагроз для магчымых удараў), з мэтаю адцягнення сіл праціўніка і дасягнення стратэгічнай перавагі на зададзеным сувалкаўскім накірунку. Гэтымі франтамі могуць быць:

  1. Усходні, расейска-балтыйскі фронт (пагроза прамога ўдара па краінах Балтыі);
  2. Паўночна-заходні, расейска-польскі фронт (удар з Калінінграда па паўночных тэрыторыях Польшчы);
  3. Беларуска-польскі фронт (накірунак Беласток);
  4. Беларуска-літоўскі фронт (накірунак Вільнюс);
  5. Актыўныя дзеянні на Балтыйскім моры (падтрымка сухапутных сілаў, блакіраванне і нанясенне ўдараў па партовых гарадах Польшчы, Літвы, Латвіі, Эстоніі, Швецыі).

Толькі на дзеянні, якія адцягваюць увагу і падтрымліваюць удары, Расея разам з Беларуссю павінна мець вайсковую групоўку агульнай колькасцю каля 200 тыс. чалавек. Пры гэтым неабходна будзе стрымліваць контрнаступальныя дзеянні Польшчы і Літвы ў Калінінградзе і Беларусі. Да таго ж актыўную падтрымку ў адбіванні агрэсіі можа аказаць ўкраінская армія, якая будзе здольная нанесці ўдар па праціўніку з Поўдня.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Вучэнні па абароне сувалкаўскага калідора на тэрыторыі Літвы. 17 чэрвеня 2017 года.
Фота: Ints Kalnins / Reuters / Forum

Яшчэ адной вайны Расея не вытрымае

Зыходзячы з усяго згаданага, лакальная аперацыя Расеі і Беларусі асуджаная на паразу. Думаю, што ў такіх абставінах Расеі няма патрэбы затрачваць сілы на абмежаваныя дзеянні па захопу Сувалкаўскага калідора з незразумелымі мэтамі і вынікамі. Відавочна, што гэты канфлікт мае сэнс толькі як частка маштабнай вайны ў рэгіёне, якая прадугледжвае акупацыю краін Балтыі і наступ у Польшчы.

Не варта таксама забываць, што Расеі давядзецца весці паўнавартасную вайну на дзвюх велізарных прасторах, ва Украіне і ў Балтыйскім рэгіёне. Другой, нават вельмі маленькай вайны Расея не вытрымае, тым больш што ў гэтай вайне ўдзел усяго блока NATO гарантаваны.

Павел Усаў / Герон belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў