Праект «Хуткая ўзаемадапамога» дае пераводзіць грошы наўпрост пацярпелым ад рэпрэсіяў. Гэта бяспечна?


«Хуткая ўзаемадапамога» не збірае грошай, а публікуе на сайце hutka.help гісторыі тых, хто просіць дапамогі з прычыны рэпрэсіяў, палітычнага звальнення ці ўцёкаў ад вайны, і дазваляе перавесці грошы ім наўпрост на карткі. У «Студыі «Белсату» пра «Хуткую ўзаемадапамогу» расказала менеджарка праекту Вольга Пруднікава.

Лагатып праекту «Хуткая ўзаемадапамога». Выява: hutka.help

Аляксей Павядайла – былы палітвязень, які адбыў два гады ў калоніі за тое, што меў «вадкасць, блізкую паводле складу да кактэйлю Молатава», а ў Польшчы перанёс аперацыю і не можа праз судзімасць знайсці працу паводле спецыяльнасці. Сняжана Шанюк была адлічаная з БДТУ, а ейныя бацькі былі звольненыя, ім пагражалі расправай – ім прыйшлося з’ехаць у Польшчу. Вячаслаў Цяліцын быў затрыманы і збіты АМАПам пасля выбараў, а потым звольнены з «Віцебскіх дываноў» за забастоўку – з пачаткам поўнамаштабнай вайны ва Украіне паехаў туды дапамагаць, але застудзіў ныркі…

На момант публікацыі на сайце «Хуткай узаемадапамогі» 58 такіх гісторыяў. З розных прычынаў, звязаных з рэпрэсіямі ці вайной ва Украіне, беларусы просяць дапамогі на сумы ў некалькі тысяч рублёў. Наведнікам сайту прапануюць перавесці на асабістыя рахункі пацярпелых 20, 50, 100 рублёў ці любую іншую суму.

На Instagram-старонцы і Youtube-канале праекту таксама публікуюць парады псіхолагаў аб тым, што рабіць, напрыклад, з адчуваннямі трывогі і бездапаможнасці.

Менеджарка праекту Вольга Пруднікава ў «Студыі «Белсату» расказвае, што пляцоўка працуе з 2020 года. З таго часу дзякуючы сайту фінансавую дапамогу атрымалі больш як 1200 чалавек.

Праз сайт збіраюць грошы былым палітвязням, тым, хто пацярпеў ад рэпрэсіяў, застаўся беспрацоўным праз палітычны пераслед, быў вымушаны эміграваць або ўцякаць ад вайны. Грошы збіраюць на экстранную дапамогу на першы час – таму праект і завецца «Хуткая ўзаемадапамога».

Улады Беларусі пераследуюць тых, хто дапамагае беларусам праз фонды накшталт «BYSOL». Ці бяспечна рабіць пераводы тым, хто застаецца ў Беларусі і просіць падтрымання праз «Хуткую ўзаемадапамогу»? Пруднікава адказвае: праект не ёсць фондам, а толькі звязвае тых, хто просіць дапамогі, і тых, хто гатовы дапамагчы, а грошы ідуць першым ад другіх на звычайны асабісты рахунак.

«Нібыта вы скідваецеся на піцу з сябрамі, дапамагаеце сябру, вяртаеце пазыку, – тлумачыць Пруднікава. – На сённяшні дзень мы не ведаем ні пра адзін выпадак, калі б чалавека выклікалі на размову праз тое, што ён рабіў пераводы праз «Хуткую ўзаемадапамогу».

То бок гэта адносна бяспечна? Пруднікава ўсміхаецца: разуменне бяспекі ў Беларусі цяпер «даволі размытае». Нельга на 100 % сказаць, што гэткія пераводы бяспечныя для тых, хто ў Беларусі, але гэта ўсё ж пераводы ад фізічнай асобы фізічнай асобе, а праект яшчэ не назвалі «экстрэмісцкім».

Праз санкцыі ёсць цяжкасці з пераводамі з-за межаў на рахункі беларускіх банкаў. Але, дадае Пруднікава, шмат беларусаў вымушаныя пакідаць радзіму – тады дапамога ад дыяспары становіцца тэхнічна прасцейшай.

Hавiны
КДБ патрабуе выкуп за ахвяраванні фондам салідарнасці? Спыталі «BYSOL», як могуць вылічыць і што рабіць
2023.02.13 20:13

belsat.eu

Стужка навінаў