Данаты палітвязням: як дапамагчы без наступстваў?


Данаціць на рэчы, якія рэжым Лукашэнкі лічыць экстрэмісцкімі, з тэрыторыі Беларусі робіцца ўсё цяжэй. Сілавікі навучыліся высвятляць, куды менавіта пайшлі грошы. І выкарыстоўваюць гэта ў сваіх мэтах – каб распачаць супраць донара палітычны пераслед.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Квітанцыі пра ўсе плацяжы, якія вы рабілі на платформе «Facebook», застаюцца ў вашым асабістым акаўнце. На радасць сілавікам і на гора беларусам, якія рабілі ахвяраванні, у гэтых квітанцыях пазначана, куды канкрэтна пайшлі грошы: напрыклад, на падтрыманне палітычных вязняў.

Уласна выдаліць дадзеныя пра плацяжы з асабістага кабінету на «Facebook Pay» нельга. І кампанія «Meta», якой належыць платформа «Facebook», таксама адмаўляецца гэта зрабіць.

«Магчымасць доступу да квітанцыяў аб ахвяраваннях – ключавая функцыя прадукту “Meta Pay”, неабходная, згодна з палажэннямі і ўмовамі платформы… “Facebook Pay” – таксама паводле закону – абавязаны захоўваць запісы, якія пацвярджаюць зробленыя вамі ахвяраванні на працягу як мінімум 5 гадоў з даты ахвяравання, каб выканаць свае абавязкі ў барацьбе з адмываннем грошай», – такім быў адказ прадстаўніка кампаніі «Meta», які апублікаваў заснавальнік фонду «BYSOL» Андрэй Стрыжак.

У 2020 годзе «BYSOL» ладзіў 2 буйныя зборы грошай на падтрыманне рэпрэсаваных менавіта праз «Facebook». Цяпер беларусаў, якія данацілі, выклікаюць у КДБ і міліцыю.

«Але, улічваючы сітуацыю з Беларуссю, можна было б знайсці нейкія рашэнні, якія прадугледжваюць, што кампанія захоўвае гэтыя дадзеныя, а чалавек можа пазбавіцца іх, каб не быць у пагрозе. Вось якраз такі гэта і будзе нашай галоўнай ідэяй і задумай, якую мы хочам данесці да кампаніі», – кажа заснавальнік фонду «BYSOL» Андрэй Стрыжак.

Падставіць пад крымінальную адказнасць могуць данаты, зробленыя праз беларускую аплатную сістэму.

«Усе беларускія інструменты плацежныя, яны ёсць падкантрольнымі на сённяшні дзень, выдаюць інфармацыю для сілавікоў. Таму альбо наўпроставы данат з рукі ў рукі той сям’і палітзняволеных, якую вы ведаеце, альбо карыстацца крыптагаманцамі, якія лімітаваныя сэрвісамі, не звязанымі з беларускімі плацежнымі сістэмамі», – тлумачыць Андрэй Стрыжак.

Дзякуючы фонду «BYSOL» фінансавую дапамогу атрымала ў тым ліку сям’я былога палітвязня Віталя Жука. Мужчына адседзеў у калоніі паўтара года за нібыта абразу Лукашэнкі, у гэты час ягоная жонка Маргарыта адна даглядала чатырох дзяцей.

«І на маю дапамогу мы з дзецьмі проста б не выжылі, нам бы яе не хапіла нават аплаціць камуналку, купіць неабходныя прадукты. Бо дзяржава не зацікаўленая, напэўна, каб нам жылося добра. Таму я звярталася да фондаў па падтрыманне. І гэтая дапамога проста неабходная, бо пасылкі каштуюць вельмі дорага, перадачы ў калонію», – кажа жонка былога палітвязня Маргарыта Жук.

Паводле Віталя, задача ўладаў – зламаць палітвязняў не толькі маральна, але і фізічна. Ён сведчыць, што ў калоніях і турмах ствараюцца такія ўмовы, у якіх вельмі цяжка захаваць здароўе. І таму грашовая дапамога на перадачы – вельмі каштоўная і важная.

«Гэта проста ідзе чарговая помста, што саджаюць людзей за данаты, гэта помста. Усім зразумела, што гэта ніякі не экстрэмізм, гэта падтрыманне семʼям, тым бацькам і маткам, якія засталіся адны і іхны адзіны сын сядзіць у калоніі, адбывае пакаранне ні за што», – кажа былы палітзняволены Віталь Жук.

Людзям, якія данацілі праз «Facebook» у 2020 годзе, фонд «BYSOL» раіць або пакінуць Беларусь, або выдаліць свой Facebook-акаўнт. Зрабіць апошняе можна наступным чынам: спачатку перарэгістраваць акаўнт на пошту, якой вы не карыстаецеся і якой няма на вашых прыладах, і толькі пасля выдаліць сам акаўнт.

Аліна Скрабунова, «Белсат»