Крызіс у Ізраілі: Нэтаньягу замарожвае спрэчныя рэформы, але пратэсты пакуль не спыняюцца


Прэмʼер-міністр Ізраілю Бэньямін Нэтаньягу адклаў галасаванне па спрэчных занопраектах, якія прывялі да масавай забастоўкі. «Белсат» разам з экспертамі працягвае разбірацца, што адбываецца ў гэтай краіне і як падзеі могуць развівацца далей. 

Бэньямін Нэтаньягу.
Фота: netanyahu.org.il

Усю другую палову 27 сакавіка ізраільскія СМІ правялі ў чаканні афіцыйнай заявы прэмʼер-міністра Бэньяміна Нэтаньягу наконт далейшага лёсу юрыдычнай рэформы. У 20:05 ён зрабіў заяву: галасаванне ў кнесеце па спорных законапраектах у другім і трэцім чытаннях адкладваецца да летняй сесіі. З раніцы кіруючая кааліцыя праводзіла пасяджэнні і ўнутраныя кансультацыі аб тым, як менавіта рэформа будзе прыпынена. У лагеры Нэтаньягу наспявае раскол, найбольш радыкальныя прыхільнікі рэформаў пагражаюць выйсці са складу ўрада.

У той жа час, пратэсныя акцыі не сціхалі: пратэстоўцы зноў перакрывалі рух на важных транспартных магістралях, да ўсеагульнай забастоўкі далучыліся супрацоўнікі дыпламатычных устаноў, адвакаты, работнікі дзіцячых садоў, супрацоўнікі музеяў і тэатраў і нават аэрапорту «Бэн Гурыён». У спісе Усеагульнай арганізацыі прафсаюзаў «Гістадрут Клаліт» дзясяткі пунктаў: страйкуюць дзяржустановы, дзяржаўныя кампаніі, у тым ліку абаронныя, мноства прафесійных асацыяцый, прыватныя гандлёвыя сеткі, біржы, банкі, авіякампаніі. Спіс удзельнікаў «паралізуючай стачкі» усёахопны.

Прыхільнікі рэформаў таксама абвясцілі сваю «мабілізацыю». Лідары партый «Цыянут Датыт» Бецалель Смотрыч і «Оцма Іегудзіт» Ітамар Бэн-Гвір у сацыяльных сетках апублікавалі заклік, сэнс якога перадае фраза «настаў час, каб голас правых быў пачуты». Як паведамляюць ізраільскія СМІ, пад вечар прыхільнікі кіруючай кааліцыі пачалі сцякацца да комплексу ўрадавых будынкаў у Іерусаліме. У адказ паліцыя ўзмацніла меры бяспекі, паколькі ля будынку кнесету ўсё яшчэ працягвала знаходзіцца больш за сто тысяч супернікаў рэформаў. З гэтай нагоды Нэтаньягу зрабіў заяву і заклікаў ўдзельнікаў усіх дэманстрацыяў устрымацца ад гвалту.

Людзі выйшлі на вуліцы пасля таго, як прэм’ер-міністр Ізраілю Біньямін Нетаньяху адправіў у адстаўку міністра абароны. Тэль-Авіў, Ізраіль, 27 сакавіка 2023 года.
Фота: NIR ELIAS / Reuters / Forum

Палітолаг, прафесар універсітэту Бар-Ілан Зеэў Ханін у інтэрвʼю «Белсату» адзначыў, што замарожванне спрэчных рэформаў, верагодна, азначае, што больш да яе не вернуцца ў агляднай будучыні.

«Казалі першапачаткова, што разгляд і прасоўванне рэформы адкладаецца да святаў. Спачатку, што да Песаху, ён у пачатку красавіка. Потым – што да Дня незалежнасці, ён у канцы красавіка. Па ізраільскіх паняццях, дзе ўсё можа змяняцца імгненна, гэта азначае надоўга, калі не назаўжды».

Аднак палітолаг кажа, што кааліцыя і ўрад Нэтаньягу завагаліся занадта позна і толькі пасля таго, як у адказ на звальненне міністра абароны на вуліцы гарадоў выйшлі ўжо не проста арганізаваныя прыхільнікі апазіцыі, а звычайныя людзі, якім гэта ўсё надакучыла. Уначы 27 сакавіка была вялікая пагроза штурму рэзідэнцыі прэмʼер-міністра, калі пратэстоўцы стаялі ля самых дзвярэй.

«Калі б замарожванне рэформаў здарылася два месяцы таму, то гэтае рашэнне сустрэлі б апладысментамі, асабліва радавалася б кааліцыя апазіцыі, у вачах якой прэмʼер заслугоўваў бы ўхвалення. Месяц таму ўсе б паставіліся да гэтага як сурʼёзнага рашэння. Два тыдні таму гэта выглядала б як кампраміс у сітуацыі, калі ўжо ўсім няёмка. Пазаўчора гэта ўжо было б не тое, што людзі чакалі. Пратэсты б працягваліся, але на меншай хвалі, вуліца б пратэставала, але кааліцыя апазіцыі спрабавала б дасягнуць пагаднення і былі б дамоўленасці. Але сёння ўначы быў масавы спантанны пратэст. Пад раніцу сотні тысяч людзей выйшлі на вуліцы чатырох галоўных гарадоў краіны. І мусіць, толькі адэкватныя дзеянні паліцыі дазволілі пазбегнуць кровапраліцця. Але што б Бібі зараз не сказаў, будзе занадта позна, занадта мала».

Далейшае развіццё падзей магчыма па двух сцэнарыях. «Спакойны выхад – даць сітуацыі адстаяцца і пратэстоўцам супакоіцца, замарозіўшы літаральна ўсе звязаныя з рэформай законапраекты, нават тыя, якія ўжо ўдалося прыняць і якія выклікалі шмат рознагалоссяў».

У якасці прыкладу ініцыятывы, якія трэба замарозіць, эксперт прывёў закон, паводле якога вышэйшыя чыноўнікі і палітыкі могуць прымаць ахвяраванні для пакрыцця іх судовых і медычных патрэб. «Гэта можна назваць узаконенай карупцыяй, што ні ў якія вароты не лезе».

Была зроблена і спроба скасаваць камісіі суддзяў, якія ўдзельнічаюць у прызначэнні членаў суда. «Так, гэта не правільна, калі толькі суддзі прызначаюць суддзяў. Павінен быць баланс, але трэба неяк разам прымаць рашэнні». Спроба ж зусім пазбавіцца ўдзелу прадстаўнікоў прафесійнай судзейскай супольнасці ў прызначэнні суддзяў і выклікала пратэсты, людзі адчулі пагрозу таталітарызацыі. «Таму што гэта праходзілі ўжо ў многіх краінах і мы не хочам паўтарэння дрэнных прыкладаў», – растлумачыў Ханін.

Тысячы ізраільцян збіраюцца каля будынка Кнэсета, парламента Ізраіля, у Іерусаліме падчас дэманстрацыі супраць спрэчных судовых рэформаў. Іерусалім, Ізраіль. 27 сакавіка 2023 года.
Фота: AA/ABACA / Abaca Press / Forum

Ну і «вішанкай на торце» стала спроба заканадаўча замацаваць права студэнтаў ультра рэлігійных навучальных устаноў не служыць у войску, што наўпрост парушае адразу некалькі асноўных законаў. У Ізраілі няма канстытуцыі, галоўныя прынцыпы дзяржаўнага ладу і правы грамадзян сфармуляваны ў асноўных законах. «Такі законапраект стаў магчымы, таму што Бібі, як называюць у нас прэмʼера, трымаюць за гланды ягоныя ультра рэлігійныя саюзнікі па кіруючай кааліцыі. Ну і паколькі Вярхоўны суд запрацівіўся б такому закону, то спатрэбіўся закон, які адмяняе права вета суда на законы, прынятыя кнесетам. Усе прапановы, якія я пералічыў, сталі тымі «дровамі» з якіх і ўспыхнуў агонь пратэстаў. І гэта ўсё зараз трэба замарозіць», – распавёў палітолаг.

Дрэннае вырашэнне праблемы, утрыруе Ханін, гэта пачаць баявыя дзеянні, напрыклад, супраць Ірану. «Ізраіль разрозненая краіна і толькі знешняя пагроза абʼядноўвае нас», – рэзюмаваў палітолаг.

У сваю чаргу ў інтэрвʼю «Белсату» палітолаг і публіцыст Міхаэль Пеліверт так сфармуляваў сутнасць рэформы, якую прапаноўвала кіруючая кааліцыя: хацелі даць палітыкам паўнату ўлады прызначаць суддзяў, а суду забараніць адмену законаў, якія прымае парламент. Гэта небяспечна, паколькі сістэма стрымак і проціваг у Ізраілі яшчэ да канца не выбудавана. Выйсцем магло б стаць стварэнне Канстытуцыі, змяніць якую было б не так проста, як гэта атрымліваецца з законамі.

Пеліверт таксама адзначыў, што Бэньямін Нэтаньягу трапіў у даволі цяжкае становішча, паколькі яго кансерватыўныя ультра рэлігійныя партнёры па кааліцыі наўрад ці дазволяць яму праявіць дастатковую гнуткасць, «на якую ён сам па сабе здольны». Аднак відавочна, што дзеянні ўлады прывялі да каласальнага расколу ў грамадстве, і гэта Нэтаньягу не можа не ўлічваць.

Эксперт не выключае, што і далейшае супрацьстаянне з супернікамі рэформаў, і раскол кааліцыі ў выпадку замарожвання «юрыдычнай рэформы» могуць прывесці да адстаўкі прэмʼер-міністра.

«Галоўны заклад свядомасці ўлады – гэта яе змяняльнасць. На жаль, Бэньямін Нэтаньягу прэмʼер-міністр ужо больш за 13 гадоў. Ён ужо быў на гэтай пасадзе, калі я прыехаў у Ізраіль у 1997 годзе. Я думаю, што сам факт, што ён затрымаўся ва ўладзе, замінае яму адэкватна ацэньваць тое, што адбываецца».

Зеэў Ханін таксама ставіцца са скепсісам да ідэі «незаменнасці Нэтаніягу», якая абапіраецца на ўяўленні аб асаблівых адносінах цяперашняга ізраільскага кіраўніцтва з ЗША і палітыцы, якая прывяла да росту эканомікі.

Ізраільскія сілавікі спрабуюць перашкодзіць удзельнікам акцыі, якія сабраліся каля будынка Кнэсета, парламента Ізраіля, у Іерусаліме. 27 сакавіка 2023 года
Фота: AA/ABACA / Abaca Press / Forum

«З чэрвеня 2021 па кастрычнік 2022 у нас не было ва ўрадзе партыі «Лікуд» і прэмʼера не клікалі Бэньямін Нэтаньягу, і неба не ўпала на зямлю. Аказалася, што эканоміка развіваецца вельмі не дрэнна. Макраэканамічныя паказчыкі бліскучыя, крэдытны рэйтынг расце, эканоміка лопаецца ад грошай. Так, ёсць праблемы з бяспекай, але яны вырашаліся і мінулым ўрадам. Тым не менш, на хвалі незадаволенасці ростам цэн і  тэрарыстычнай пагрозы цяперашняя кіруючая кааліцыя прыйшла да ўлады. Ды цудаў не бывае. Тэрарыстычная небяспека па-ранейшаму расце, мы на мяжы трэцяй інтыфады. Судовай рэформай яны прывялі ў стан шоку эканамічны клас, які пачаў хутка перакідваць грошы. Калі кіруючая кааліцыя замарожвае сваю судовую рэформу, то ёй давядзецца займацца ўсім гэтым і адказваць на нязручныя пытанні», – растлумачыў Ханін.

Ці магчымыя новыя выбары, эксперты адназначна сказаць не могуць. Зеэў Ханін звяртае ўвагу, што сёння колькасць прыхільнікаў і супернікаў Нетаніягу прыблізна 50 на 50. Таму калі будуць абʼяўлены новыя выбары, ён зноў можа выйграць.

Міхаэль Пеліверт звяртае ўвагу на тое, што ў Нетаніягу даволі складаная асабістая сітуацыя – у дачыненні да яго расследуюцца тры крымінальныя справы, што дазваляе казаць аб канфлікце інтарэсаў і ставіць пытанне аб тым, на колькі можа прэмʼер у такой сітуацыі прымаць рашэнні аб прызначэнні суддзяў, на што прэтэндавала юрыдычная рэформа.

Эксперт таксама адзначае, што сітуацыя вельмі няпростая для ўсяго Ізраілю, існуе як мінімум тры небяспекі. Першая звязана з тым, што ў пратэстах сталі прымаць удзел рэзервісты, якія адыгрываюць вялікую ролю ў войску. Яны незадаволеныя спробамі даць права ўльтра рэлігійным студэнтам не служыць у войску. Другая небяспека – пагроза наймацнейшай палярызацыі грамадства і паслаблення салідарнасці грамадства. З двума першымі небяспекамі звязана трэцяя – гэта на руку ворагам, якія атачаюць Ізраіль з усіх бакоў, і могуць вырашыць, што Ізраіль зараз слабы, а значыць можна распачаць нейкія дзеянні. Напрыклад, Хезбала можа скарыстацца сітуацыяй і абстраляць поўнач Ізраіля.

Пеліверт лічыць, што тыдзень да другога красавіка будзе вырашальным. Калі за гэты час бакі не змогуць дамовіцца, то краіна ўвойдзе ў зону палітычнай турбулентнасці, якая працягнецца мінімум да канца 2023 года і можа скончыцца новымі выбарамі.

Мы таксама звязаліся з адной з ізраільцянак беларускага паходжання, якая зараз жыве ў Ізраілі. Карына Жэрох распавяла, што многія яе суседзі і калегі па працы лічаць, што менавіта ў карумпаванасці Нэтаньягу і яго міністраў справа. «Яны задумалі рэформу, каб прыбраць пагрозу турэмных тэрмінаў».

«Пакуль мы на сабе асабліва не адчуваем наступства гэтага крызісу, але бачым, як эканоміка і бяспека ляцяць у бездань. Сітуацыя проста катастрафічная. Кошты, вядома даўно растуць, але пачалося падзенне курса шэкеля, у навінах кажуць, што на біржы падаюць усе акцыі ў кошце. Біржа рэагуе па-свойму, людзі абараняюць свае грошы», – распавяла Карына.

На ўсіх адбіваюцца і забастоўкі. Пасля абʼяўлення аб тым, што да стачкі далучаюцца работнікі дзіцячых садоў «людзі зрываюцца з працы, каб забраць дзяцей і заўтра будуць сядзець удома, а не працаваць. У людзей знікаюць запісы да дактароў, запісы ў розныя ўстановы». Але, як лічыць, Карына нягледзячы на пэўныя нязручнасці «людзі настроены рашуча. Нэтаньягу ўжо дастаў. Ніхто не хоча тут другога Пуціна ці Лукашэнку».

Аналітыка
«Баяцца дыктатуры». Сотні тысяч грамадзянаў Ізраілю пратэстуюць супраць рэформы Вярхоўнага Cуда
2023.03.20 16:38

Антон Тачняк belsat.eu 

Стужка навінаў