«Баяцца дыктатуры». Сотні тысяч грамадзянаў Ізраілю пратэстуюць супраць рэформы Вярхоўнага Cуда


Больш за 11 тыдняў у Ізраілі трываюць масавыя акцыі пратэсту супраць ініцыятывы ўраду зладзіць юрыдычную рэформу. Людзі перакананыя, што яна можа прывесці да дыктатуры, у сваю чаргу прэм’ер-міністр краіны запэўнівае: змены неабходныя, каб збалансаваць галіны ўлады. «Белсат» разбіраўся ў гэтым пытанні.

Тэль-Авіў, Ізраіль. 18 сакавіка 2023 года.
Фота: AA/ABACA / Abaca Press / Forum

Масавыя акцыі пратэсту ў Ізраілі працягваюцца больш за 11 тыдняў. Галоўнаю прычынаю для абурэння грамадзянаў краіны сталася тое, што ўрад ініцыюе рэформу, паводле якой парламенцкая большасць фактычна будзе прызначаць суддзяў Вярхоўнага Суда Ізраілю. Новаўвядзенне прадугледжвае, што суд таксама страціць магчымасць адмяняць рашэнні ўраду. Прэм’ер-міністр краіны Бэньямін Нэтаньягу пераконвае: ініцыяваная ім рэформа дазволіць збалансаваць галіны ўлады. Але грамадзяне мяркуюць, што змены прывядуць да страты незалежнасці і знішчэння існай у дзяржаве сістэмы ліберальнай дэмакратыі.

Hавiны
У Ізраілі адбылася адна з найбуйнейшых акцыяў пратэсту ў гісторыі краіны
2023.03.12 09:32

Схаваныя чыннікі пратэстаў

Палітолаг, былы дыпламат Міхаэль Пэлівэрт распавёў «Белсату», што ўва ўсёй гэтай рэформе існуюць моманты, на першы позірк схаваныя, але вельмі істотныя:

«Супраць некалькіх кіраўнікоў існай кааліцыі, супраць самога Нэтаньягу, супраць былога міністра ўнутраных справаў вядуцца расследаванні і заведзеныя крымінальныя справы за карупцыю. Адпаведна, узнікае канфлікт інтарэсаў, бо яны прымаюць рашэнні пра суд, у той час як ад суда залежыць іхная палітычная будучыня».

Пастановаў і адменаў законаў з боку Вярхоўнага Суда існая кааліцыя моцна баіцца. Паводле палітолага, адным з патрабаванняў артадаксальных партыяў, што ўваходзяць у кааліцыю, ёсць закон аб вызваленні вучняў рэлігійных школаў ад службы ў войску. Суд лічыць такое вызваленне неканстытуцыйным. А калі гэтая пастанова застанецца, то і кааліцыя можа разваліцца.

«У Ізраілі няма Канстытуцыі, няма эфектыўнага падзелу ўлады, бо выканаўчая і заканадаўчая ўлады зліліся ў адно. Няма ў нас двухпалатнага парламенту, прэзідэнта, таму апазіцыя і лібералы баяцца, што з часам рэформа суда можа прывесці ў выніку да дыктатуры кансерватыўна-рэлігійнага кшталту», – тлумачыць эксперт.

Гэтыя перасцярогі лібералаў і пратэстоўцаў абумоўленыя яшчэ і тым, што ў Ізраілі цяпер узнікае «дэмаграфічная» праблема. Рэлігійнае насельніцтва краіны расце нашмат больш хуткімі тэмпамі, чымся нерэлігійнае. У рэлігійных сем’ях цяпер па 6–7 дзяцей, у той час як у нерэлігійных бацькоў па двое дзяцей. Таму лібералы – у сітуацыі, калі яны застануцца меншасцю, а адзіны інстытут, які можа іх абараніць, – Вярхоўны Суд, тлумачыць Міхаэль Пэлівэрт.

Кааліцыя ў парламенце, якая зʼявілася толькі ў студзені сёлета, імкнецца правесці рэформу як мага хутчэй, адзначае суразмоўца «Белсату». Урад плануе да канца зімовай сесіі правесці гэтыя рэформы і пакуль не гатовы да перамоваў. Тым не менш, выказвае меркаванне палітолаг, розгалас, масавыя акцыі пратэсту, а таксама пазіцыя заходніх краінаў могуць паспрыяць таму, што закону пакуль не прымуць:

«Краіны Еўропы, ЗША выказалі занепакоенасць прапанаванымі рэформамі. Прэм’еру давядзецца прыслухацца да меркавання грамадзянаў і сусветнай супольнасці, але як ён гэта зробіць, пакуль не ясна».

Hавiны
Ізраільскае міністэрства дыяспараў назвала ТГ-канал «Жёлтые сливы» антысеміцкім
2022.01.31 17:07

Беларусы ў Ізраілі праводзяць свае паралелі

Акцыі пратэсту ў Ізраілі збіраюць сотні тысячаў чалавек, але носяць мірны характар. Падчас суботняй акцыі 18 сакавіка ўлады пачалі ўжываць вадамёты, пратэстоўцы перакрылі рух на галоўных дарогах Тэль-Авіву, распавядае карэспандэнт «Белсату» Барыс Сухадрэў:

«Пратэсты ўзмацняюцца, пачынаюць атрымліваць больш агрэсіўную форму, з боку паліцыі павінен быць нейкі кампраміс. Нэтаньягу моцна трымаецца за ўладу. Беларусы ў Ізраілі пачынаюць нават праводзіць некаторыя паралелі з пратэстам у Беларусі ў 2020 годзе. Я думаю, што мітынгі будуць працягвацца. Але як далёка яны зойдуць, складана сказаць».

Улады імкнуцца прыцягнуць паліцыю на свой бок, дзеля гэтага прапанавалі законапраект аб недатыкальнасці паліцыянтаў. Тым не менш, як распавядае Барыс Сухадрэў, палітыкі бачаць, што патрэбен нейкі кампраміс, бо расце ціск не толькі з боку грамадзянаў краіны, але і з боку міжнароднай супольнасці. Кааліцыя пачынае вагацца пад уплывам гэтых падзеяў.

Пратэсты ў Ізраілі.
Фота: Лілія Паўлава

Наш карэспандэнт у Ізраілі таксама дадае, што 25 сакавіка пратэсты ў Тэль-Авіве могуць перашкодзіць беларусам адзначыць Дзень Волі. Святкаваць беларусы будуць, але вядома, што вуліцы гораду ў звязку з масавымі акцыямі будуць перакрытыя, таму ў шмат каго ўзнікне пытанне пра тое, якім чынам пасля вярнуцца дадому.

Гісторыі
Ізраільцянін пра беларускіх сілавікоў: Цешуся, што яны марнуюць час на мяне, а не даймаюць сумленных беларусаў
2022.07.25 09:06

Мікалай Каткоў belsat.eu

Стужка навінаў