Беларусы абурыліся выкарыстаннем малюнка Уладзіміра Цэслера расейцамі. Мастак не супраць


Расейцы выкарысталі малюнак мастака Уладзіміра Цэслера для антываеннай акцыі ў Чэхіі. У беларускай дыяспары некаторыя абурыліся і сталі цікавіцца, ці атрымалі арганізатары дазвол на адаптацыю арыгінальнага твора. Сам Цэслер сказаў «Белсату», што не супраць: «Змагаемся за адное і тое ж».

Банер да антываеннай акцыі расейцаў у Празе.
Фота: Пражскі расейскі антываенны камітэт / Facebook

Бела-сіне-белай візуалізацыяй расейцаў у Чэхіі заклікалі на акцыю на гадавіну пачатку вайны ва Украіне. На банеры – адаптацыя малюнка беларускага мастака і дызайнера Уладзіміра Цэслера. Арыгінальны твор «Флаг – Плакат» ён апублікаваў у сваім Instagram у кастрычніку 2020 года.

Малюнак Уладзіміра Цэслера.
Фота: Уладзімір Цэслер / Instagram

Акцыю ладзіў Пражскі расейскі антываенны камітэт. Яна прайшла пад лозунгам «Перамога – Украіне, мір – Еўропе, дэмакратыя – Расеі». Аўтарства Цэслера было пазначана на Facebook-старонцы з запрашэннем на мітынг.

«Абразлівы прыклад апрапрыяцыі»

У беларускай дыяспары ў Чэхіі некаторыя абурыліся:

«Перафарбаванне бчб-сцяга для расейскай акцыі бачыцца абразлівым прыкладам апрапрыяцыі. Я лічу, што беларускія актывісты могуць аб’ядноўвацца з расейскім антыпуцінскім ды антываенным рухам, бо мэты ў нас часткова супадаюць. Але такі крадзеж страшна мяне абурыў.

«Не магу такой жа гісторыі ўявіць каб, напрыклад, расейцы ўзялі за аснову сцяг Украіны і пакінулі блакітны, а жоўты памянялі на белы – ім бы такога не дазволілі. Баюся, што потым будуць пісаць пра падабенства «сястры і брата» народаў Беларусі і Расеі, маўляў, у іх і сцягі амаль падобныя».

«Хай бы нешта сваё ўжо зрабілі. Лічу, расейцы павінны самі сваё прыдумваць і арганізоўваць».

«Яны ідуць нашым шляхам замест таго, каб абраць свой».

Праўда, ёсць і іншыя меркаванні:

«Гэта добра, што беларусаў капіююць».

«Асабіста ў мяне дыскамфорту не выклікае. Хутчэй наадварот: беларускі пратэст натхняе расейскі пратэсны рух, і гэта файна».

«Асабіста я не пакрыўдзілася б, калі б мой плакат ужылі без майго дазволу. Мне было б, наадварот, прыемна».

«Калі гэта было зроблена з дазволу аўтара, то ў мяне няма ніякіх прэтэнзіяў. Гэта ж добра, калі наш шлях натхняе іншых».

«Змагаемся за адное і тое ж»

Уладзімір Цэслер сказаў «Белсату», што даў дазвол на выкарыстанне свайго малюнка. Пра гэта ён дамовіўся з расейскім калекцыянерам, галерыстам і публіцыстам Маратам Гельманам:

«Я рабіў бел-чырвона-белы, а яны зрабілі бела-сіне-белы. Увогуле, паколькі мы змагаемся за адное і тое ж – няхай».

Цэслер адзначыў, што не бачыць тут нагоды для сварак: «Калі б гэта зрабіў Пуцін – гэта іншая справа».

Арганізатар акцыі ў Празе, расейскі палітык і журналіст Дзяніс Білуноў, запэўніў, што ўзгадняў дызайн банера з берлінскай групай антываеннага руху, якая, у сваю чаргу, атрымала дазвол ад аўтара.

Hавiны
Цэслеру – 70. Чаму вядомы дызайнер з’ехаў з Беларусі і не верыць у хуткія перамены
2021.04.30 14:22

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў