YouTube-канал «Вот так» набраў мільён падпісчыкаў


Наш канал з навінамі, праграмамі і сюжэтамі на расейскай мове мае атрымаць залатую кнопку YouTube. Срэбную кнопку за 100 тыс. падпісчыкаў ужо маюць тры YouTube-каналы «Белсату».

Выданне навінаў «Вот так». У кадры вядоўца Аляксандра Шапаліна. 22 снежня 2022 года. Скрыншот: Вот Так / Youtube

26 снежня колькасць падпісчыкаў YouTube-каналу «Вот так» пераваліла за мільён. Колькасць праглядаў відэа на канале неўзабаве дойдзе да паўмільярда. 100 тыс. падпісчыкаў канал «Вот так» сабраў яшчэ ў 2019 годзе.

Гэта наш найбуйнейшы YouTube-канал. На ім выходзіць праграма «Вот так» – нашыя расейскамоўныя міжнародныя навіны, разлічаныя на постсавецкую прастору, дзе разумеюць расейскую мову (больш за 70 % гледачоў праграмы – не з Беларусі, а з Расеі, Украіны, Казахстану ды іншых краінаў). Таксама на гэтым канале мы публікуем асобныя сюжэты і гутаркі па-расейску з праграмы «ПраСвет» і расейскамоўныя праграмы, сярод якіх «Вечерний шпиль», «Лукавые новости» і «Ход мысли».

Другі паводле папулярнасці наш канал – асноўны беларускамоўны «Белсат News», які цяпер мае 480 тыс. падпісчыкаў. Яшчэ 105 тыс. мае канал «Белсат Life» з ток-шоу, людскімі гісторыямі і гумарыстычнымі праграмамі. Абодва гэтыя каналы маюць срэбную кнопку ад YouTube, і «Белсат News» стаўся першым беларускамоўным каналам з такой узнагародаю. Цяпер чакаем нашай першай залатой кнопкі.

Акрамя таго, мы маем каналы з кароткімі відэа «Вот Так Shorts», «Вот Так Now», «Белсат Now» і «Белсат Shorts» (адпаведна 97 тыс., 62 тыс., 53 тыс. і 19 тыс. падпісчыкаў), канал праекту «Жэстачайшый мульт» (55 тыс.), тэматычныя каналы «Белсат History», «Белсат Music» і «Белсат Doc» (адпаведна 26 тыс., 24 тыс. і 9 тыс.), канал па-польску «Biełsat PL» (45 тыс.) і канал па-англійску «Belsat English» (амаль 14 тыс. падпісчыкаў).

«Белсат» можна глядзець на нашым сайце, праз спадарожнік (інструкцыя тут), у мабільных праграмах «Belsat News» (для Android і iOS) і «Belsat Smart» (для Android і iOS) ды праз «SmartTV» (праграмы для тэлевізараў на Android). Асобныя відэа мы таксама публікуем у сацсетках Facebook, Instagram, Telegram і TikTok.

Глядзіце таксама: 

Што глядзець на беларускім YouTube? Вялізны гід па каналах: ад навінаў і гутарак да катоў і гародаў

Як мы гэта робім. Унутраная кухня «Белсату» на фота

belsat.eu

Стужка навінаў