Як мы гэта робім. Унутраная кухня «Белсату» на фота


Ужо 15 гадоў мы робім «Белсат», штодня здымаем і выдаем для вас навіны. Гэта бывае цяжка і небяспечна, а бывае весела нават у няпростыя часы. Папрасілі супрацоўнікаў скінуць забаўныя здымкі. Паглядзіце, як мы працуем.

Кіраўнік рэдакцыі навінаў «Белсату» Ігар Кулей рыхтуецца весці перадачу ў новым аздабленні, а колераў выходзіць зашмат.
Фота: Белсат
«Белсат» цяпер: вось колькі чалавек трэба, каб зрабіць выпуск навінаў.
Фота: Белсат
Вольга Швед выхоўвае новае пакаленне тыктокераў. Яны ўжо ходзяць у школу.
Фота: Белсат
Напраўду, маленства «Белсату» выглядала так. Алесь Залеўскі, Вольга Швед і Аліна Коўшык рыхтуюць свой першы Новы год на «Белсаце», 2009 год.
Фота: Белсат
Сама Вольга Швед працуе як мураш перад Новым 2015 годам.
Фота: Белсат
«Белсат» спантанна бывае масава-паласатым.
Фота: Белсат
«Belsat News» адзначае 100 тысяч падпісантаў на Youtube. 2019 год. А хутка «Вот Так» будзе адзначаць 1 млн падпісантаў – канал ужо мае 985 тысяч.
Фота: Белсат
«Белсат» робіць прапанову тагачаснай амбасадарцы ЗША Джулі Фішэр. Прапанова была падключыць мікрафон.
Фота: Белсат
Аліна Коўшык бяжыць на эфір за хвіліну да пачатку. Цяпер колішняя вядоўца «Белсату» – прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінету па нацыянальным адраджэнні.
Фота: Белсат
Журналіст праспаў сваю змену. Замест яго паклікалі віцэ-дырэктара «Белсату» Аляксея Дзікавіцкага. А 6 раніцы «пасадзілі на тэлефон» – тэлефанаваць экспертам, што выступаюць у эфірах (злева). Потым паклікалі замест вядоўцы ў студыю весці эфір (справа).
Фота: Белсат
Часам Ігару Кулею даводзілася станавіцца перад гледачом на калені: ён занадта высокі для стала, за якім здымаецца дзённы выпуск навінаў. Вы гэтага не бачылі – мы паказвалі толькі верхнюю палову вядоўцы. Відэа: Белсат
Пячэнькі не ад Дзярждэпу, а ад BBC і «Белсату».
Фота: Белсат
Аліна Коўшык прынесла на працу гарачы пірог. 2017 год.
Фота: Белсат
Трансляцыя мітынгу-канцэрту на 100-ю гадавіну абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі, 2018 год.
Фота: Белсат
Асвятленне выбараў 2020 года, «карміліца» парталаў і сацсетак.
Фота: Белсат
«Белсат» у полі: Алесь Ляўчук і Мілана Харытонава здымаюць акцыю пратэсту («кармленне галубоў») у Берасці, 2019 год.
Фота: Белсат
«Гісторыя з мінулага жыцця»: Алесь Ляўчук распытвае мінакоў пра ўражанні ад таго, як у Берасці адміністрацыя падстрыгла дрэва. Адна дзяўчына згадала, што нешта падобнае бачыла ў музеі сексу. 2019 год.
Фота: Белсат
Алесь Ляўчук і Мілана Харытонава, 10 снежня 2020 года.
Фота: Белсат
«Чаканне дастала», 2018 год.
Фота: Белсат
Сентыментальная гісторыя ад Ганны Аземшы. Аператара Аляксандра Баразенку ў рэдакцыі часта называюць «коцікам». На Дзень Волі ў 2017 годзе яго затрымалі, асудзілі на 15 дзён арышту за журналісцкую працу. Паводле суду, ён мацюкаўся (на відэа бачна, што казаў толькі «Я журналіст»). Пасля суду Ганна паехала ў Таллін, а там у Старым горадзе прадавалі вярбу, якую ў Беларусі таксама называюць «коцікамі». Працяг на наступным здымку.
Фота: Белсат
Эстонскія «коцікі» прыехалі да нашага «коціка» проста пад вароты ізалятару на Акрэсціна. Фота інфармацыйнага агенцтва «БелаПАН», знішчанага беларускімі ўладамі ў 2021 годзе.
Фота: БелаПАН
Прыборка пасля ператрусу ў менскім офісе «Белсату» вясной 2019 года. Ужо тады Следчы камітэт ладзіў пагромы, як цяперашні ГУБАЗіК, канфіскаваў усю тэхніку. У выніку прыборкі знайшлося тое, чаго не адшукалі следчыя: шкарпэтка, велікоднае яйка, пяро паўліна, часопіс «Playboy» 1990-х гадоў, вядро з пластыкавымі малпамі, плюшавы Чабурашка… Дарэчы, канфіскаваную тэхніку нам не вярнулі, аддалі ў крамы канфіскату.
Фота: Белсат
Затрыманні, штрафы і арышты – неад’емны кампанент журналісцкай працы ў Беларусі. На здымку – журналіст Зміцер Лупач, якога раней затрымалі на тры дні. Калі прывезлі ў Глыбоцкі суд, у яго зашкальваў ціск. Яму выклікалі «хуткую» – мы настаялі, каб яго забралі ў лякарню. Але пазней ён адбываў астатнія «суткі». 11 траўня 2020 года.
Фота: Белсат
Але і падарожжы – таксама частка працы. На здымку: як ездзілі здымаць сюжэт пра жудасныя ўмовы жылля вяскоўцаў. Машына аператара захрасла ў снезе, прыйшлося выпіхваць рукамі з дапамогай. Пасярэдзіне – журналістка Алена Шабуня. Вёска Заронава. 24 снежня 2017 года.
Фота: Белсат
Алена Шабуня і Зміцер Лупач здымаюць сюжэт пра закінутыя дамы, якія развальваліся і былі не прыдатныя для жыцця, хаця пабудаваныя не так даўно. Усё парасло бур’яном. Судзілі не тых, хто давёў гаспадарку да такога стану, а журналістаў, якія пра гэта расказалі. Аграгарадок Казяны на Браслаўшчыне. Верасень 2020 года.
Фота: Белсат
2021 год. Арандавалі цэлую краму, каб зняць ролік пра «судовы канвеер» з непамернымі пакараннямі. Прымусілі супрацоўніцу зрабіць даўжэзныя пракурорскія пазногці: пакаранні нашым журналісткам патрабавала пракурорка з «сінімі пальцамі».
Фота: Белсат
2020 год. Асвятленне выбараў ноччу.
Фота: Белсат
2021 год. Інтэрнэт-рэдакцыя вучыцца аказваць першую дапамогу.
Фота: Белсат
2022 год. Мы яго перажылі, у Новы год ідзем з новым лагатыпам.
Фота: Белсат

belsat.eu

Стужка навінаў