«Ні сумленныя, ні свабодныя». Як у свеце рэагуюць на «выбары» дэпутатаў у Беларусі


У Беларусі 25 лютага прайшлі так званыя выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і мясцовых Саветаў дэпутатаў. Лідарка дэмсілаў Святлана Ціханоўская адзначыла, што выбары не адпавядаюць дэмакратычным стандартам і нагадваюць ваенную аперацыю супраць уласных грамадзянаў. Яна заклікала міжнародную супольнасць не прызнаваць гэтыя выбары. «Белсат» даведаўся, якою была рэакцыя ў свеце. Часта гэта асуджэнне, але знайшліся і плакаты ў падтрымку Аляксандра Лукашэнкі.

ЦВК паказвае, як у Беларусі рыхтаваліся да «выбараў» 25 лютага 2024 года.
Фота: ЦИК Беларуси / Telegram

«Фальшывыя выбары ў Беларусі нікога не падманваюць»

АБСЕ падкрэсліла, што выбары «прайшлі ў атмасферы страху, у якой ні адзін выбарчы працэс нельга назваць дэмакратычным».

«Рэжым зноў не дазволіў АБСЕ назіраць за выбарамі. Мы заклікаем рэжым Лукашэнкі спыніць рэпрэсіі, вызваліць усіх палітычных зняволеных і пачаць дыялог са сваімі палітычнымі апанентамі. Беларускі народ заслугоўвае лепшага», – піша АБСЕ.

Дзярждэп ЗША назваў выбары фіктыўнымі.

«Рэжым па-ранейшаму ўтрымлівае больш за 1400 палітычных зняволеных. <…> Беларусы, якія знаходзяцца за мяжой, маглі галасаваць толькі ў выпадку вяртання ў Менск, дзе іх, хутчэй за ўсё, чакалі б рэпрэсіі. Гэтыя злоўжыванні фактычна замарозілі сапраўдную палітычную дзейнасць і палітычны дыскурс унутры Беларусі.

Злучаныя Штаты прызнаюць сілу, стойкасць і мужнасць грамадзянскай супольнасці і дэмакратычнага руху Беларусі, якія патрабуюць права голасу ў вызначэнні будучыні сваёй краіны», – піша прэс-служба Дзярждэпу.

Міністр Вялікай Брытаніі ў справах Еўропы Леа Дочэрці таксама выказаў асуджэнне.

«Напярэдадні выбараў назіралася абуральнае запалохванне і чарговая хваля рэпрэсіяў і арыштаў. Шакуе той факт, што пераследам падвергліся сем’і палітвязняў, якія ўжо перажылі траўму ад таго, што іх блізкія былі затрыманыя за ажыццяўленне асноўных свабодаў.

Рэжым здушыў сапраўдныя апазіцыйныя партыі і адмовіўся запрасіць незалежных назіральнікаў АБСЕ на выбары. Гэтыя дзеянні ідуць насуперак міжнародным абавязальніцтвам Беларусі і дэманструюць відавочнае імкненне пазбегнуць празрыстасці выбарчага працэсу», – заявіў Дочэрці.

Hавiны
Яўка на «бязвыбарах» у Беларусі аказалася самай нізкай за апошнія 24 гады
2024.02.25 21:55

Прэзідэнт Парламенцкай асамблеі NATO Міхал Шчэрба падкрэсліў, што рэжым Лукашэнкі спрабуе ў чарговы раз заглушыць жаданне і права беларускага народу выказаць сваю волю праз свабодныя і сумленныя выбары

«Фальшывыя выбары ў Беларусі нікога не падманваюць: яны бессэнсоўныя», – піша Шчэрба.

Шмат падтрымкі дэмсілаў і плакат за Лукашэнку

Дэпутат нямецкага Бундэстагу, сімвалічны «хросны» палітвязняў Ігара і Дарʼі Лосікаў Робін Вагенэр распавёў, што група «Дэмакратычная Беларусь» у Бундэстагу цвёрда падтрымлівае Святлану Ціханоўскую і дэмакратычныя сілы ў Беларусі.

«Псеўдавыбары, учыненыя дыктатарам Лукашэнкам 25 лютага 2024 года, гэтага не зменяць. Як і сфальсіфікаваныя прэзідэнцкія выбары летам 2020 года, гэтыя “выбары” не зʼяўляюцца ні сумленнымі, ні свабоднымі», – заявіў ён.

Ён таксама асудзіў рэпрэсіі і нагадаў, што напярэдадні выбараў у Беларусі ў зняволенні загінуў палітвязень Ігар Леднік.

Міністэрства замежных справаў Нямеччыны мяркуе, што рэжым Лукашэнкі баіцца.

«Мы рашуча асуджаем сістэмныя рэпрэсіі вакол выбараў у Беларусі. Рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае ўсе даступныя сродкі для задушэння дэмакратычных памкненняў народу Беларусі. Ён пераканаўся ў іх сіле – і гэтая сіла працягвае палохаць рэжым», – піша МЗС Нямеччыны.

Міністэрства замежных справаў Аўстрыі таксама асудзіла тое, што адбываецца ў Беларусі, і выступіла з падтрыманнем дэмсілаў:

«Мы працягнем працаваць дзеля свабоднай, незалежнай і квітнеючай Беларусі».

Затое ў Сербіі захацелі падтрымаць Лукашэнку, хоць выбары і парламенцкія. Гэта заўважыў аналітык Інстытуту новай Еўропы (Польшча) Якуб Белямовіч:

«У Бялградзе крайні правы “Кансерватыўны рух НАШЫ” развесіў плакаты ў падтрымку аўтарытарнага лідара Беларусі Аляксандра Лукашэнкі напярэдадні парламенцкіх “выбараў” у Беларусі, якія адбудуцца 25 лютага».

Тўіт Якуба Беламовіча. Скрыншот: Белсат

Не забыліся пра Беларусь і ва Украіне.

«Міжсеткавае абʼяднанне “За дэмакратычную Беларусь!” заклікае міжнародную супольнасць не прызнаваць легітымнасць так званых “выбараў” і выкарыстоўваць усе даступныя інструменты для таго, каб Лукашэнка апынуўся за кратамі», – распавяла дэпутат Вярхоўнай Рады Украіны Ірына Герашчанка.

А дэпутат парламенту Францыі Фрэдэрык Пэці назваў выбары ў Беларусі пародыяй і заклікаў МЗС Францыі не прызнаваць іх.

Hавiны
ЦВК абнародавала спісы дэпутатаў, якія прайшлі ў Палату прадстаўнікоў
2024.02.26 09:16

Арсен Рудэнка belsat.eu

Стужка навінаў