Азараў: Трансляцыя Ціханоўскай сарвала элемент плану «Перамога», прывяла толькі да затрыманняў


24 лютага ў Беларусі на экранах у публічных месцах паказалі выступ Святланы Ціханоўскай з нагоды «бязвыбараў» і другой гадавіны пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне. Акцыю зладзіў «BELPOL», у арганізацыі заяўляюць, што ніхто з датычных асобаў не быў затрыманы. Але іншая арганізацыя былых сілавікоў, «BYPOL», сцвярджае, што так быў сарваны элемент плану «Перамога» і што акцыя прывяла да бессэнсоўных затрыманняў.

Александр Азаров
Кіраўнік «BYPOL» Аляксандр Азараў у эфіры «Белсату». 26 лютага 2024 года. Скрыншот: Белсат

Калектыў «BYPOL» 26 лютага выпусціў зварот да абранай прэзідэнткі Святланы Ціханоўскай і Аб’яднанага пераходнага кабінету – прасіў правесці праверку ды пакараць вінаватых у тым, што шчылінай з доступам да публічных экранаў скарысталіся не так, як планавалася. Адказным за здзейсненае ў звароце называюць былога ўдзельніка «BYPOL», а цяпер прадстаўніка «BELPOL» Мацвея Купрэйчыка.

«Піяр даражэйшы за барацьбу, – абураецца кіраўнік “BYPOL” Аляксандр Азараў у каментары «Белсату». – Гэта значыць, “BELPOL”, ведаючы, што гэтыя інструменты павінныя выкарыстоўвацца ў межах плану “Перамога” для запуску самога плану, дзе быў адказным як раз Мацвей Купрэйчык, раней часу “спусцілі” гэты інструмент. Фактычна,”спалілі” яго перад рэжымам толькі дзеля свайго піяру».

Паводле Азарава, летам 2022 года «BYPOL» атрымаў доступ да ўнутранай сеткі IP-тэлебачання, і тады партнёры (якіх Азараў не называе) вылучылі IT-спецыяліста ў кібербяспецы. Адказнымі асобамі быў Купрэйчык, які ўваходзіў тады ў «BYPOL», і кіраўнік аддзелу кібербяспекі арганізацыі-партнёра.

Стратэгію плану «Перамога» прыйдзецца змяняць, скардзіцца Азараў. Ідэя была ў тым, што ў момант запуску плану Ціханоўская звернецца да беларусаў з публічных экранаў: «План запушчаны! Беларусы, выходзьце на вуліцы, выконвайце інструкцыі, пачалася рэвалюцыя!» Гэта было аперацыяй № 4 у плане.

На думку Азарава, акцыя прывяла толькі да арыштаў, але не да барацьбы з рэжымам Аляксандра Лукашэнкі.

«”BYPOL” цяпер выступае за бяспеку беларусаў, – падкрэслівае Азараў. – Не трэба праводзіць акцыі бескарысныя, якія могуць прывесці да арыштаў беларусаў. Мы зараз ствараем падполле, партызанскія ячэйкі. Ні ў якім разе нельга цяпер праводзіць акцыі, яны ні да чаго не прывядуць».

Раней, дадае Азараў, акцыі праводзіліся ў сувязі з пачаткам расейскага ўварвання ва Украіну. Беларускія «рэйкавыя партызаны», нагадвае ён, дапамаглі Украіне адстаяць Кіеў: расейскія цягнікі содні стаялі пад Смаленскам і не накіроўваліся ва Украіну. Таксама акцыя ў Мачулішчах з пашкоджаннем расейскага самалёта А-50 дапамагла Украіне, бо самалёт наводзіў ракетныя і бомбавыя ўдары, ад якіх гінулі сотні чалавек. А запуск роліку Ціханоўскай ні да чаго не прывёў, сцвярджае Азараў.

«BYPOL» цяпер не кантактуе з «BELPOL», распавёў Азараў. Таму і звярнуліся з адкрытым лістом да Ціханоўскай. Але ён не чакае публічнай рэакцыі – максімум, абяцанне разабрацца і «спуск на тармазах».

Офіс Святланы Ціханоўскай і «BELPOL» адказалі «Белсату», што не будуць даваць каментары пра ліст «BYPOL».

Hавiны
«BELPOL»: Ніхто з датычных да трансляцыі відэа Ціханоўскай не быў затрыманы
2024.02.26 15:19

Пасля расколу, які адбыўся летам 2023 года, «BYPOL» заяўляў, што кіраўнік «BELPOL» – дзейны супрацоўнік Камітэту дзяржаўнай бяспекі, а таксама абвінаваціў іншых асобаў у «інфармацыйнай спецаперацыі» супраць арганізацыі. «BELPOL» у сваю чаргу крытыкаваў вынікі аўдыту «BYPOL».

6 жніўня 2023 года Ціханоўская звольніла Азарава з пасады прадстаўніка Кабінету па законнасці і правапарадку. Гэтую пасаду дагэтуль ніхто не заняў. Але Азараў паабяцаў працягнуць працу над планам «Перамога» ў якасці каардынатара плану пры Кабінеце.

Hавiны
Азараў: Раскол у BYPOL быў праз супольную аперацыю з СБУ і надта жорсткі паліграф украінцаў
2023.07.27 18:40

Андрэй Сульжыц, Алесь Наваборскі / Авер belsat.eu

Стужка навінаў