Каго «выбіраем», дзе і навошта? 10 пытанняў пра Адзіны дзень галасавання


25 лютага ў Беларусі пройдуць выбары дэпутатаў у Палату прадстаўнікоў і ў мясцовыя саветы – упершыню ў фармаце адзінага дня галасавання. Без кандыдатаў ад апазіцыі, незалежных назіральнікаў, выбарчых участкаў за мяжой. Мы сабралі ўсё самае важнае, што трэба ведаць пра гэтае мерапрыемства.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

1. Каго выбіраем і куды?

Дэпутатаў у Мясцовыя саветы і Палату прадстаўнікоў.

Мясцовыя саветы дэпутатаў

Мясцовыя саветы дэпутатаў – гэта, паводле арт.117 Канстытуцыі Беларусі, орган, праз які грамадзянамі ажыццяўляецца кіраванне і самакіраванне.

У кампетэнцыі мясцовых саветаў дэпутатаў уваходзяць: зацвярджэнне праграмаў сацыяльна-эканамічнага развіцця, мясцовых бюджэтаў, усталяванне мясцовых падаткаў і збораў, вызначэнне парадку ўпраўлення камунальнай уласнасцю, прызначэнне мясцовых рэферэндумаў.

Мясцовыя саветы дэпутатаў падзяляюцца на тры ўзроўні: абласны (7 абласны і Менскі гарадскі саветы), базавы (10 гарадскіх (гарадоў абласнога падпарадкавання) саветаў, 118 раённых саветаў), першасны (14 гарадскіх (гарадоў раённага падпарадкавання) саветаў, 8 пасялковых саветаў, 1127 вясковых саветаў).

Выбіраюцца дэпутаты мясцовых саветаў тэрмінам на 4 гады. Сёлета плануецца абраць 12 514 дэпутатаў мясцовых саветаў. За апошнія гады колькасць дэпутатаў мясцовых саветаў зменшылася за кошт колькасці саветаў на першасным узроўні – у 2018 годзе іх было 18 111.

Палата прадстаўнікоў

Палата прадстаўнікоў складаецца са 110 дэпутатаў. Менавіта яны абіраюцца на выбарах.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Палата прадстаўнікоў.
Фота: housegovby / Telegram

Палата прадстаўнікоў у Беларусі абіраецца на 5 гадоў. Дэпутатам можа быць грамадзянін Беларусі, які дасягнуў 21 года. Ён не можа адначасова быць сябрам Савету Рэспублікі, чальцом ураду, дэпутатам мясцовага савету, займаць пасаду суддзі.

Асноўныя кампетэнцыі Палаты прадстаўнікоў: разгляд праектаў законаў, прызначэнне выбараў прэзідэнта, ухваленне кандыдатаў на пост прэм’ер-міністра, ацэнка працы ўраду.

2. Чаму «адзіны дзень галасавання»?

Адзіны дзень галасавання, у які адразу будуць абірацца і мясцовыя дэпутаты, і ў парламент, пройдзе ў Беларусі ўпершыню. Такую практыку шмат гадоў ужываюць у Расеі, з якой і бяруць прыклад беларускія ўлады.

«Наш ЦВК падрабязна вывучыў досвед Расеі», – казаў дэкан факультэту журналістыкі БДУ, палітолаг Аляксей Бяляеў.

Мэтазгоднасць правядзення двух выбараў у адзін дзень тлумачыцца зручнасцю для выбарцаў і эканоміяй рэсурсаў. Як заяўляў старшыня ЦВК Ігар Карпенка, сумяшчэнне выбараў дазволіць істотна заашчадзіць сродкі на іх. Адначасова прадстаўнікі кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» лічаць, што гэта «празмерна грувасткая сістэма для выбарнікаў».

На выбарах у адзіны дзень галасавання выбарнікі атрымаюць розную колькасць бюлетэняў у залежнасці ад месца пражывання – ад аднаго да чатырох. Найбольш бюлетэняў атрымаюць жыхары вёсак, бо яны будуць галасаваць за дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, а таксама трох узроўняў мясцовых саветаў: абласнога, раённага і вясковага.

Праз 60 дзён пасля Адзінага дня галасавання павінен правесці сваё першае паседжанне рэфармаваны Усебеларускі народны сход.

3. Хто ў кандыдатах?

У Палату прадстаўнікоў высоўвалі свае кандыдатуры 298 кандыдатаў, з іх 265 былі зарэгістраваныя. У мясцовыя саветы вылучаліся 18 999 чалавек, зарэгістравалі 18 802.

Аб’ектыў
Хто ідзе ў дэпутаты: сталі вядомыя кандыдаты на выбары ў Палату прадстаўнікоў
2024.01.16 21:01

Напярэдадні выбараў былі ўведзеныя дадатковыя патрабавання да кандыдатаў – сярод іншага, цяпер ім забаронена мець грамадзянства замежнай дзяржавы, карту паляка ды іншыя «такія дакументы».

З 2021 года ў Беларусі былі зліквідаваныя ўжо сотні грамадскіх арганізацыяў і незалежных прафсаюзаў, а ў 2023-м надышла чарга і палітычных партыяў. На сённяшні дзень у Беларусі засталіся толькі 4 партыі і ўсе праўладныя: тры дзейныя (Камуністычная партыя, Ліберальна-дэмакратычная партыя і Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці) і адна наваствораная «Белая Русь».

Усе гэтыя абставіны, а таксама атмасфера запужвання і рэпрэсіяў у грамадстве ствараюць сітуацыю, калі сярод зарэгістраваных кандыдатаў – толькі праўладныя.

Аналітыка
Чым адзін адрозніваецца ад іншага? Пачалася агітацыя сярод праўладных кандыдатаў у дэпутаты
2024.01.31 20:03

Так, напрыклад, у дэпутаты ідуць шмат працаўнікоў з сістэмы Міністэрства ўнутраных справаў: следчых, пракурораў і вайскоўцаў. Бадай, найбольш вядомы – былы намеснік кіраўніка МУС, а цяпер памочнік Лукашэнкі па Менску Аляксандр Барсукоў. Ён асабліва запомніўся тым, што падчас мірных пратэстаў 2020 года асабіста праведаў затрыманых на Акрэсціна, каб спраўдзіць умовы ўтрымання, пасля публікацыі інфармацыі пра гвалт і катаванні ў засценках менскага Цэнтру ізаляцыі правапарушальнікаў.

Пра свае амбіцыі заявілі і былы прапагандыст Аляксандр Шпакоўскі, старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Міхаіл Орда, дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Вадзім Гігін і старшыня партыі «Белая Русь» Алег Раманаў. Таксама кіраўнік Беларускага Чырвонага Крыжа – Дзмітрый Шаўцоў, які ўжо адбыў падвойны тэрмін дэпутатам. Збіраюцца ў Палату прадстаўнікоў і цяперашняя міністарка працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч, а таксама Ігар Сергеенка, старшыня адміністрацыі Лукашэнкі.

4. Ці ўдзельнічае апазіцыя ў выбарах?

Сёлета ўпершыню за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі на выбарах у мясцовыя саветы і палату прадстаўнікоў апазіцыйных кандыдатаў не будзе праз прычыны, пералічаныя ў папярэднім пункце – знішчэнне грамадскай супольнасці і апазіцыйных партыяў, перманентны палітычна матываваны пераслед, рэпрэсіі, крымінальныя справы за грамадскі актывізм і ўдзел у апазіцыйнай дзейнасці.

Больш за тое, усе няўзгодненыя фігуры кшталту былога старшыні ліквідаванай партыі «Зялёныя» Дзмітрыя Кучука або арганізатара праўладных прабегаў Віталя Леановіча не былі дапушчаныя нават да першага этапу рэгістрацыі.

Апазіцыі не будзе таксама  сярод назіральнікаў, чальцоў выбарчых камісіяў.

«Гэта будзе вельмі стэрыльная кампанія, таму нецікавая», – лічыць палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі.

У 2016 годзе ў парламент прайшлі дзве кандыдаткі ад апазіцыі Ганна Канапацкая – сябра партыі АГП, і Алена Анісім – кіраўнічка Таварыства беларускай мовы.

5. Хто зможа галасаваць?

Паводле заканадаўства, прагаласаваць можа грамадзянін Беларусі, якому споўнілася 18 гадоў. Такім чынам, калі паўналецце прыпадае акурат на дзень галасавання – 25 лютага – можна прымаць удзел у выбарах, але нельга – у датэрміновым галасаванні.

Новый мост на Немиге в Минске
Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Сярод новаўвядзенняў бягучай выбарчай кампаніі – дазвол галасаваць асобам, якія ўтрымліваюцца пад вартай. Да іх будзе ўжывацца механізм так званага выязнога галасавання – найбліжэйшая ўчастковая камісія прыедзе да іх з урнай для галасавання.

6. Ці будуць выбарчыя ўчасткі за мяжой?

Цэнтрвыбаркам не будзе фармаваць выбарчыя ўчасткі за мяжой для выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў у 2024 годзе. Пра гэта яшчэ ў верасні 2023 года заявіў старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Беларусі Ігар Карпенка. З ягоных словаў, гэта «не парушае правоў грамадзянаў, якія выехалі з тых ці іншых прычынаў за мяжу».

У студзені для беларусаў, якія жывуць за мяжой і стаяць на консульскім уліку, вырашылі ўсё ж стварыць участак, аднак знаходзіцца ён у Менску, і каб аддаць на ім свой голас, трэба прыехаць у Беларусь. Па розных ацэнках, за мяжой пражываюць да 1,5 мільёнаў грамадзянаў Беларусі, якія будуць пазбаўленыя магчымасці ўдзельнічаць у выбарах.

Раней старшыня ЦВК заяўляў, што ў Беларусі разглядаецца магчымасць увядзення электроннага галасавання на выбарах, аднак пакуль што яе няма.

У Беларусі створана больш за 5,5 тыс выбарчых участкаў.

7. Ці будуць назіральнікі?

Акрэдытаваныя 27 790 нацыянальных назіральнікаў. Таксама, паводле ЦВК, па стане на пачатак лютага акрэдытаваныя 122 міжнародныя назіральнікі. Сярод іх – прадстаўнікі ШАС, Парламенцкай асамблеі АДКБ, Саюзнай дзяржавы. 22 студзеня распачала працу доўгатэрміновая місія назіральнікаў СНД, удзел у назіранні прыме дэлегацыя Дзяржаўнай думы РФ. Генеральны сакратар СНД Сяргей Лебедзеў атрымаў з рук кіраўніка ЦВК Беларусі пасведчанне назіральніка пад нумарам 1.

Аб’ектыў
Хто будзе назіраць за выбарамі ў Беларусі?
2024.01.09 20:41

Таксама ЦВК сцвярджае, што будуць назіраць індывідуальныя эксперты з Еўразвязу.

Сёлета беларускі бок вырашыў не запрашаць да назірання за выбарамі прадстаўнікоў АБСЕ, бо, маўляў, прадстаўнікі арганізацыі перадузята ставяцца да выбарчага працэсу ў Беларусі, якое яны нібыта прадэманстравалі на прэзідэнцкіх выбарах у жніўні 2020 года.

Кампанія «Праваабаронцы за свабодныя выбары» сёлета вырашыла адмовіцца ад назіральнікаў з меркаванняў бяспекі. Аднак на выбарах будзе працаваць экспертная камісія, якія будзе збіраць дадзеныя з адкрытых крыніцаў і праз ананімную форму паведамленняў аб парушэннях.

«Сёння ўдзел незалежных назіральнікаў на выбарах – гэта вялікая рызыка. Улады пазбавілі рэгістрацыі праваабарончыя арганізацыі, якія раней маглі легальна адпраўляць назіральнікаў на ўчасткі. Акрамя таго, некаторыя арганізацыя прызнаныя экстрэмісцкімі, за што могуць прыцягнуць да крымінальнай адказнасці», – тлумачыла юрыстка Святлана Галаўнёва.

8. Як будуць выглядаць участкі і што там будзе можна, а што – нельга рабіць?

Міністэрства ўнутраных справаў будзе прыцягваць да аховы парадку курсантаў ведамасных установаў адукацыі, сябраў БРСМ, ветэранскія арганізацыі не толькі органаў унутраных справаў, але і іншых праваахоўных органаў.

Да выбараў-2024 рыхтаваліся цягам двух гадоў: на базе Акадэміі МУС арганізоўваліся навучальна-метадычныя зборы з прадстаўнікамі дзяржаўных органаў і ГУУС-УУС. Супрацоўнікаў органаў унутраных справаў трэнавалі для адпрацоўвання дзеянняў у асаблівых умовах, у прыватнасці адпрацоўваліся захады супрацьдзеяння дыверсійна-разведвальным групам і незаконным узброеным фармаванням.

Меркаванні
Трывожныя кнопкі і відэакамеры замест выбараў
2024.01.17 14:02

Выбарчыя ўчасткі будуць забяспечаныя трывожнымі кнопкамі і ўладкаваць там відэаназіраннем. Выбарнікам у сваю чаргу афіцыйна забароненыя фота- і відэаздымку запоўненага бюлетэня.

9. Ці ўдзельнічаць у датэрміновым галасаванні?

Датэрміновае галасаванне пройдзе з 20 па 24 лютага ўключна.

На датэрміновае галасаванне звычайна пад прымусам накіроўваюць пэўныя групы насельніцтва: студэнтаў, дзяржслужачых, працаўнікоў дзяржаўных прадпрыемстваў, вайскоўцаў, супрацоўнікаў МУС і МНС, асобаў, якія жывуць на дзяржаўнай жылплошчы (напрыклад, інтэрнаты). Спосабы прымусу або запалохвання бываюць рознымі: звальненне, высяленне з дзяржаўнага жылля або адлічэнне. Паводле праваабаронцаў, датэрміновае галасаванне актыўна выкарыстоўваецца для фальсіфікацыі вынікаў выбараў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: AFP Photo / East News

«Ва ўмовах агульнага нізкага ўзроўню даверу да выбарчай сістэмы і органаў гэты від галасавання як ніякі іншы схільны да ўжывання рознага роду махінацыяў – ад няправільнага ўліку яўкі выбарнікаў і «загону» да маніпуляцый з бюлетэнямі. Яўка чамусьці перманентна завышаецца, а вынікі датэрміновага галасавання амаль ніяк не выдзяляюцца ад агульных вынікаў, – казаў юрыст Праваабарончага цэнтру «Вясна» Павел Сапелка. – Калі дапаможны, увогуле, від галасавання ахоплівае (калі браць тры апошнія кампаніі) на прэзідэнцкіх выбарах ад 28% (у 2010-м) да 36 % (у 2015-м), а на парламенцкіх выбарах – ад 35% (у 2012 г.) да амаль 47% у 2019 годзе ад тых, хто прагаласаваў, то ёсць падстава задумацца, па-першае, а ці законна гэта? А па-другое – навошта гэта настойліва прасоўваецца і навязваецца ўладамі?».

10. Што кажуць пра выбары апазіцыйныя палітыкі і незалежныя эксперты?

Яшчэ 24 лістапада 2023 года абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская апублікавала зварот, у якім заклікала не ўдзельнічаць у адзіным дні галасавання 25 лютага 2024 года, назваўшы лукашэнкаўскае мерапрыемства «бязвыбарамі».

Hавiны
Ціханоўская прыдумала слова для лукашэнкаўскіх выбараў: «бязвыбары»
2023.11.24 20:31

«25 лютага 2024 года ніякіх выбараў у Беларусі не будзе – ні парламенцкіх выбараў, ні выбараў у мясцовыя саветы, – заявіў у відэазвароце намеснік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, кіраўнік НАУ Павел Латушка. – З 2020 года ў Беларусі адсутнічае законная ўлада, якая мае паўнамоцтвы прызначаць якія-небудзь выбары або іншыя электаральныя кампаніі. Міжнароднага прызнання ні гэтай імітацыі, ні яе вынікаў – таксама не будзе.<…>. Рэжым Лукашэнкі і выбары – гэта ў прынцыпе несумяшчальныя паняцці».

Арганізацыя «Сумленныя людзі», наадварот, заклікае скарыстаць гэтую магчымасць і далучыцца да ініцыятывы «Актыўны байкот». То бок дасканала патлумачыць блізкім усе акалічнасці гэтае электаральнае кампаніі.

«Гэты перыяд трэба выкарыстоўваць як магчымасць. Усё роўна задача дэмакратычных сіл нават ва ўмовах вось такога моцнага аўтарытарнага рэжыму шукаць магчымасці будаваць грамадзянскую супольнасць унутры Беларусі», – абгрунтоўвае пазіцыю прадстаўнік арганізацыі «Сумленныя людзі» Алег Давыдчык.

На думку юрыста Міхаіла Кірылюка, у сённяшніх умовах «немагчымае волевыяўленне, агітацыя, публічная крытыка». Таму і казаць пра тое, што хтосьці з незалежных кандыдатаў можа паспрабаваць вылучыцца, не выпадае. Кірылюк раіць браць удзел у магчымых выбарах у Каардынацыйную раду, «бо пры ўсіх мінусах гэта адзіны больш-менш прадстаўнічы орган, дзе беларусы могуць свой голас заявіць».

Каментар
Ягораў: Выбары ў Каардынацыйную раду могуць прайсці ў траўні. Ці аж у ліпені
2024.02.08 15:12

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў