Ягораў: Выбары ў Каардынацыйную раду могуць прайсці ў траўні. Ці аж у ліпені


Каардынацыйная рада падоўжыла свае паўнамоцтвы, бо пакуль не можа арганізаваць выбары новага складу. Праз сканчэнне паўнамоцтваў з КР сышла віцэ-спікерка, на ейнае месца ўжо прэтэндуе іншы чалавек. Што адбываецца, «Белсату» растлумачыў спікер КР Андрэй Ягораў.

Андрэй Ягораў, спікер Каардынацыйнай рады, выступае перад чальцамі Каардынацыйнай рады і журналістамі. Варшава, Польшча. 2 кастрычніка 2023 года.
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

Ян Рудзік паведаміў, што стаў віцэ-спікерам аўтаматычна пасля таго, як з Каардынацыйнай рады пайшла віцэ-спікерка Алена Жываглод. Ён спаслаўся на пункт 4.2.2 Статуту КР, які апісвае падобную, але не дакладна такую сітуацыю: ён стаў бы віцэ-спікерам, калі б спікер не мог выконваць абавязкі, а месца спікера заняў віцэ-спікер. Па словах Рудзіка, сакратарыят КР пацвердзіў яму, што ён стаў віцэ-спікерам.

Спікер Каардынацыйнай рады Андрэй Ягораў кажа «Белсату», што Статут нібы і прадугледжвае падобную схему, але калі чытаць Статут літаральна, то сітуацыя з зыходам віцэ-спікера там не апісаная, таму цяпер пра гэта ідуць размовы ў нарадзе фракцыяў.

«Я пакуль лічу гэтае пытанне невырашаным», – кажа Ягораў пра Рудзіка і пасаду віцэ-спікера.

Каментар
Віцэ-спікерка Алена Жываглод пайшла з Каардынацыйнай рады. Ейнае месца, магчыма, заняў Рудзік
2024.02.08 13:28

І на гэта накладваецца сітуацыя з тым, што 8 лютага мусілі скончыцца паўнамоцтвы дзейнага складу Каардынацыйнай рады. Але КР 8 лютага ўнесла змены ў Статут і працягнула свой мандат да першага дня агульнага пасяджэння наступнага складу. Як расказаў Ягораў, рашэнне аб гэтым прынялі на агульным галасаванні КР.

На думку Ягорава, варта было б правесці дадатковыя кансультацыі пра лідарства КР – а можа, нават правесці перавыбары спікера і віцэ-спікера. Але гэта пакуль толькі абмяркоўваюць.

Выбары ў КР, якія планавалася правесці ў лютым, пакуль не арганізавалі, дату і спосаб галасавання не назвалі.

«Зараз будзе арганізаванае канчатковае галасаванне па варыянтах выбарчай сістэмы, – расказаў Ягораў. – Пасля зацвярджэння рашэнне будзе накіраванае Святлане Ціханоўскай для зацвярджэння. У выпадку, калі не будзе гэтага зацвярджэння, будзе нейкая ўзгадняльная сітуацыя паміж Святланай Ціханоўскай і Каардынацыйнай радай.

Калі рашэнне будзе хутка прынятае, выбары могуць адбыцца да канца траўня. Калі гэтае рашэнне зацягнецца яшчэ на нейкі перыяд, супольнага рашэння яшчэ не будзе, гэта будзе залежыць ад таго, калі гэтае рашэнне будзе прынятае. Але па тэрмінах, якія мы разлічвалі, то дзесьці ліпень можа быць. Хаця я лічу, што такая сітуацыя была б вельмі кепская».

Першапачаткова выбары планавалі правесці прыблізна ў час сканчэння паўнамоцтваў дзейнага складу КР і супрацьпаставіць іх выбарам у лукашэнкаўскую Палату прадстаўнікоў.

Каментар
Каб супрацьпаставіць Каардынацыйную раду Палаце прадстаўнікоў, трэба вызначыць, навошта яна
2023.11.24 07:02

Рудзік жа казаў «Белсату», што не ўпэўнены ў тым, што выбары ў цяперашнім фармаце – добрая ідэя. Прапанова Аб’яднанага пераходнага кабінету правесці прамыя прапарцыйныя выбары паводле адкрытых спісаў яму падаецца «абсурднаю». Адпаведна, кажа Рудзік, ён не думае, што арганізацыю выбараў трэба прыспешваць – і што наогул гэтыя выбары варта праводзіць.

Ён абяцаў пракансультавацца з паплечнікамі з «Руху беларускіх нацыяналістаў», палітычнаю групаю палка Каліноўскага і з Зянонам Пазняком, якога называе сваім настаўнікам. Праз некалькі дзён Рудзік абяцаў сказаць, якія мае планы на Каардынацыйную раду і ці мае іх наогул.

Жываглод – не першая дэлегатка, якая пакінула Каардынацыйную раду: дзевяць дэлегатаў у снежні напісалі петыцыю за роспуск КР, восем з іх пакінулі КР. Акрамя таго, 8 лютага свайго дэлегата з КР адклікала Народнае антыкрызіснае ўпраўленне, усклаўшы адказнасць за крызіс у КР на спікера.

Каментар
Што не так з Каардынацыйнаю радаю? За месяц пайшлі васьмёра дэлегатаў, ёсць петыцыя за роспуск
2024.01.05 16:48

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў