Скандалы ніколі не скончацца? «ByPol» назваў датычных да дыскрэдытацыі арганізацыі


Прадстаўнік «ByPol» Станіслаў Лупаносаў прэзентаваў расследаванне аб «інфармацыйнай спецаперацыі» супраць арганізацыі. Ён сцвярджае, што да дыскрэдытацыі датычныя палітолаг Дзмітрый Балкунец і Анатоль Котаў з Беларускага фонду спартовай салідарнасці. У каментары «Белсату» яны адкінулі гэтыя абвінавачанні.

Прадстаўнікі «ByPol» Аляксандр Азараў і Станіслаў Лупаносаў.
Фота: Белсат / bypol.org

Паводле версіі «ByPol», інфармацыйная кампанія супраць арганізацыі, ейнага кіраўніка Аляксандра Азарава і плану «Перамога» адбылася падчас расколу сёлета ў чэрвені. Мэтаю гэтай атакі, як заявіў прадстаўнік ініцыятывы Станіслаў Лупаносаў, было «выдаленне «ByPol» з палітычнай гульні і раскол у дэмакратычных сілах Беларусі».

«Атаку зладзілі беларускія і расейскія спецслужбы паводле стандартнай тэхналогіі: плёткі з маргінальнай крыніцы перакрыжавана рэпосцяцца ў афіляванай сетцы падобных рэсурсаў, а потым падхопліваюцца больш вядомымі каналамі», – сказаў Лупаносаў.

Сцвярджаецца, што ў «інфармацыйнай спецаперацыі» бралі ўдзел Telegram-каналы «Объединённый штаб сопротивления», «Алиса рассказывает», «OSINT “Феникс”», «Водители», «Минская Семибоярщина», расейскі «Brief», а таксама каналы палітолага Дзмітрыя Балкунца, палітыка Валерыя Цапкалы і расейскага палітолага Андрэя Суздальцава.

Паводле інфармацыі «ByPol», за каналам «Объединённый штаб сопротивления» стаіць беларус Андрэй Абозаў, які атрымаў палітычны прытулак у Эстоніі і жыве ў Талліне. Актывіст нібыта «пацвярджаў знаёмства і сувязі з Суздальцавым і Балкунцом».

Аўтар каналу «OSINT “Феникс”» – беларус Віталь Кандраценка, жыве ў Львове. «З ім мае кантакты звольнены супрацоўнік «ByPol» Уладзімір Жыгар, а таксама кіраўнік другога аддзелу пятага ўпраўлення ГУБАЗіКу Сяргей Ванагель. Менавіта Кандраценка апублікаваў фота расейскага пашпарта Валерыя Сахашчыка», – сказаў Лупаносаў.

Ён таксама заявіў, што з каналам «Минская Семибоярщина» звязаны колішні супрацоўнік адміністрацыі Лукашэнкі, кіраўнік міжнароднага дэпартаменту Беларускага фонду спартовай салідарнасці Анатоль Котаў.

«Паводле аператыўнай інфармацыі, да гэтага каналу мае дачыненне Анатоль Котаў, які мае шчыльныя кантакты з Дзмітрыем Балкунцом», – сказаў прадстаўнік «ByPol», звярнуўшы ўвагу на тое, што Котаў, Балкунец і Цапкала – сузаснавальнікі Форуму дэмакратычных сілаў Беларусі.

Разбор
Скандал у «BYPOL»: што вядома, чаму гэта важна і чаму вельмі кепска
2023.06.09 16:43

«Нічога, акрамя сумнай усмешкі, гэта не выклікала», – пракаментаваў «Белсату» Анатоль Котаў закіды з боку «ByPol».

«Напэўна, спадару Азараву з Лупаносавым няма чаго рабіць. Здаецца, гэта не расследаванне, а менавіта тая самая дыскрэдытацыя», – мяркуе Котаў. Ён не ведае, чаму менавіта да яго з’явіліся прэтэнзіі: «Гэта пытанне да аўтараў шэдэўру».

Датычнасць да «Минской Семибоярщины» суразмоўца «Белсату» не прызнае.

«Аніякіх доказаў, проста словы. Маглі б хаця б пацікавіцца, калі канал з’явіўся і што наконт аўтараў пісалі раней былыя калегі расследавальнікаў. А пішуць на канале цікава і шмат таямніц рэжыму выклалі», – падсумаваў Анатоль Котаў.

Анатоль Котаў у варшаўскай студыі «Белсату».
Фота: Міра Ляселішская / Белсат

Дзмітрый Балкунец у размове з «Белсатам» таксама адкінуў абвінавачванні ва ўдзеле ў дыскрэдытацыі «ByPol»:

«Я ні ў якай інфармацыйнай кампаніі не ўдзельнічаў, я аналізаваў факты яшчэ да гэтай інфармацыйнай кампаніі. Калі ў чалавека ёсць нейкія праблемы, і ён спрабуе перакласці сваю адказнасць за арышты ў Беларусі, то няхай кажа, што хоча. Гэтыя асобы мне ўвогуле не цікавыя, мяне цікавіць, чаму іхныя дзеянні вядуць да арышту людзей у Беларусі».

Палітолаг падкрэсліў, што даўно шукае адказы на пытанні, якія ў яго ёсць да плану «Перамога», і з’явіліся яны задоўга да расколу ў «ByPol».

«Тут галоўныя пытанні пра план «Перамога»: ці гэта авантура, ці гэта аперацыя беларускіх спецслужбаў. Ніводная з мэтаў плану не дасягнутая. Паводле звестак праваабаронцаў, арыштавана больш за 70 асобаў, людзі атрымалі тэрміны да 24 гадоў за тыя аперацыі, якія ладзіў Азараў», – сказаў Балкунец.

Палітолаг Дзмітрый Балкунец падчас праграмы «Двубой» у варшаўскай студыі «Белсату», Польшча. 24 студзеня 2023 года.
Фота: Саша Альтэр / Белсат

У верасні ён апублікаваў даклад пра «Перамогу». Аналітык сумняваецца, што персанальныя звесткі ўдзельнікаў плану надзейна захоўваюцца і не перадаюцца беларускім спецслужбам.

«Калі чалавек «пераводзіць стрэлкі», што гэта нейкая замова, – зразумела, што ён будзе зараз шукаць людзей, якія не так на яго глядзяць. Няхай раскажуць, чаму людзей у Беларусі арыштоўваюць? Якую шкоду гэта нанесла рэжыму Лукашэнкі? Невядома, дзе база захоўваецца, хто да яе мае доступ. Тут пытанне бяспекі звестак. Інфармацыі, што збіраюць ва ўдзельнікаў, дастаткова, каб ідэнтыфікаваць асобу», – заявіў Балкунец, прапанаваўшы Азараву, а таксама абранай прэзідэнтцы Святлане Ціханоўскай і кіраўніку НАУ Паўлу Латушку, якія заклікалі далучацца да «Перамогі», «сесці разам і расказаць, у чым сутнасць плану».

Разбор
«Наш адказ на план «Перамога». Разбіраемся, як сілавікі плануюць павялічыць свой уплыў
2022.12.12 15:42

Фота вокладкі: Белсат

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў