Арышты святароў, ціск уладаў, душпастырства за мяжою: 2022 год у беларускім Каталіцкім Касцёле


Каталікі ўсяго свету адзначаюць Божае Нараджэнне. А з чым сёлета сустракае Каляды беларускі Касцёл? Як ён перажыў гэты год? Ці даваў рады ціску і рэпрэсіям з боку дзяржавы? Што можна назваць падзеяй года ў Касцёле? Якую ролю ён працягвае адыгрываць у грамадстве, у тым ліку сярод беларусаў за мяжою? Гэтыя пытанні мы абмеркавалі з каталіцкім вернікам, беларусам, які цяпер жыве ў Польшчы, Арцёмам Ткачуком.

Рождественская служба в Архикафедральном костёле Пресвятой Девы Марии в Минске, Рождество, Рождественское богослужение, священник, молитва
Каляднае набажэнства ў касцёле Найсвяцейшай Панны Марыі ў Менску, Беларусь. 24 снежня 2021 года.
Фота: Белсат

Затрымалі каля 10 святароў

– Арцём, як вы як вернік, заангажаваны ў жыццё Касцёлу, бачыце: якім гэты год стаўся для беларускай каталіцкай супольнасці?

– Перш за ўсё 2022 год адзначыўся ўзмацненнем рэпрэсіяў нават у параўнанні з 2021-м. Сёлета былі затрыманыя каля 10 святароў. Трэба згадаць арышт ксяндза Андрэя Вашчука, які атрымаў двойчы па 15 содняў – пакуль ніхто з каталіцкіх святароў не сядзеў больш. Пасля на яго завялі крымінальную справу, але дазволілі выехаць.

І гэта толькі вядомыя нам лічбы. А я думаю, што мы ведаем нават не большую частку таго, што адбывалася. Дакладна нам не вядома пра ўсе выклікі на прафілактычныя гутаркі ў рознага кшталту сілавыя ды ідэалагічныя органы.

Сёлета ў Касцёле працягнуўся трэнд 2021 года – узмацненне ролі апостальскай нунцыятуры [дыпламатычнае прадстаўніцтва (амбасада) Святога пасаду ў Рэспубліцы Беларусь. – Заўвага рэд.]. Пацверджаннем гэтага працэсу стаўся каментар прапагандысткі Гладкай, якая пісала пра касцёл у Солах, дзе цяпер ад святара патрабуюць замаляваць фрэску «Цуд над Віслай». У яе была такая фраза: «Сабранымі матэрыяламі мы падзелімся з апостальскаю нунцыятурай і Святым пасадам». То бок улады звяртаюцца наўпрост у апостальскую нунцыятуру, а ўсю мясцовую касцельная іерархію абмінаюць. Нават мітрапаліт Юзэф Станеўскі не стаў для іх фігурай у Касцёле, з якой бы яны хацелі размаўляць. Таму пытанні вырашаюцца праз апостальскую нунцыятуру, а яна ў сваю чаргу перадае нейкія сігналы біскупам ці святарам на месцах.

Прадстаўнікі дзяржаўных органаў прыходзяць у касцёлы слухаць казані

– Як гэта можна ацаніць, што ўлады ідуць наўпрост у нунцыятуру? Гэта кепска ці добра для Касцёлу і вернікаў?

– Па-рознаму. З аднаго боку, гэта не зусім добра, бо суб’ектнасць мясцовага Касцёлу прыніжаецца як у вачах уладаў, гэтак і Ватыкану. З іншага боку, калі б не было такога дэмпферу, невядома, як бы выглядала камунікацыя з мясцовым Касцёлам. Магчыма, мы б ужо мелі далёка не аднаго святара – вязня сумлення, а гісторыя з Чырвоным касцёлам была б не адзінкавая. Бо мы бачым, што прапаганда апошнім часам вельмі жорстка «праходзіцца» па Касцёле і сцвярджае, што каталікі – гэта нядобранадзейная частка насельніцтва.

У той жа час, нягледзячы на ўвесь ціск, Касцёл у гэтым годзе спрабаваў займацца сваім стандартным душпастырствам. Вярнуліся пілігрымкі, фэсты, нейкія мерапрыемствы. Хоць гэта ўсё рабіць нашмат цяжэй, чым раней, бо ўвага ўладаў беспрэцэдэнтная. Вядома, што прадстаўнікі розных органаў нават прыходзяць слухаць пропаведзі ў касцёлы. Але Касцёл спрабуе вытрымаць і працягваць працаваць у гэтай сітуацыі.

Рождественская служба в Архикафедральном костёле Пресвятой Девы Марии в Минске, Рождество, Рождественское богослужение, священник, молитва
Каляднае набажэнства ў касцёле Найсвяцейшай Панны Марыі ў Менску, Беларусь. 24 снежня 2021 года.
Фота: Белсат

Падзея года ў Касцёле – выданне Кодэксу кананічнага права на беларускай мове

– Якую падзею вы б маглі вылучыць як самую важную, падзею года ў беларускім Касцёле?

– Выданне Кодэксу кананічнага права на беларускай мове, прэзентацыя якога адбылася літаральна тыдзень ці два таму. Медыі абмінулі ўвагаю гэтую падзею, аднак адмыслоўцам відавочная яе важнасць. Яе ініцыятарам стаў апостальскі нунцый Антэ Ёзыч. На дыпламатычнай мове гэта падкрэсленне таго, што тут – асобны народ, асобная культура. Кодэкс кананічнага права – гэта збор юрыдычных нормаў Касцёлу. Сярод суседніх краінаў на мясцовую мову ён перакладзены толькі ў Польшчы, Літве і Расеі. І тут мы бачым, што ў краіне, дзе ўласныя законы па-беларуску амаль не выдаюцца, а большасць насельніцтва – расейскамоўная, Касцёл выдае асноўны збор законаў на беларускай мове. Мне падаецца, гэта вельмі важны сігнал.

– Чаму такога перакладу не выдавалі раней?

– Праз абмежаванасць рэсурсаў. Бо сам кодэкс у арыгінале на лацінскай мове. То бок патрэбныя знаўцы лацінскай, пры тым юрыдычнай мовы. Акрамя таго, трэба добра ведаць кананічнае права. Такіх спецыялістаў у Беларусі няшмат, пальцаў дзвюх рук хопіць, каб падлічыць. І яны не перакладчыкі. Таму пераклад быў няпростаю задачай. Але апостальскі нунцый падштурхнуў гэтую справу.

Сітуацыя з Чырвоным касцёлам – элемент гандлю паміж уладамі ды апостальскаю сталіцаю

– Арцёме, сапраўды, медыі абмінулі ўвагаю гэтую падзею, яна была зусім нягучная. З таго ж, што ўва ўсіх на слыху, падзеяй года ў Касцёле, напэўна, можна было б назваць гісторыю з Чырвоным касцёлам, які ўлады фактычна забралі ў парафіі. Што вы думаеце на гэты конт? Навошта ўладам спатрэбілася гэтая сітуацыя?

– Так, сапраўды, гэтая гісторыя вельмі медыйная. Але фактычна гэта чыста палітычная справа. Пакуль мы не можам зразумець, якая ў дзяржавы была матывацыя ствараць такую сітуацыю. Магчыма, гэта інструмент палітычнага ціску, элемент гандлю паміж уладамі Беларусі ды апостальскаю сталіцаю.

Канечне, няма нічога добрага ў тым, што ў вернікаў забралі касцёл, аднак істотна на Касцёл як супольнасць гэта не паўплывае, бо вернікі могуць збірацца ў іншых святынях. Галоўнае, што святары на волі і могуць выконваць свае абавязкі.

Католики празднуют Рождество Христово в Красном костёле в Минске, Костёл святого Симеона и святой Елены, богослужение
Каталікі святкуюць Божае Нараджэнне ў Чырвоным касцёле. Менск, 25 снежня 2021 года.
Фота: Белсат

Чаму Касцёл забараняе выказвацца сваім святарам?

– Якія настроі цяпер у вернікаў? Чаго яны чакаюць ад Касцёлу – большай ангажаванасці ў палітычныя справы ці, наадварот, каб Касцёл быў цалкам па-за палітыкаю?

– Як я гэта бачу, большасць разумее сітуацыю, якая цяпер склалася: найперш нам усім трэба захавацца. І што немагчыма ў гэтых жорсткіх жорнах рэпрэсіяў выказвацца публічна, бо фактычна ты нічога не зменіш, але атрымаеш моцную рэакцыю ў адказ. Цяпер ува ўсіх сферах, не толькі ў Касцёле, людзі замерлі, спрабуюць знайсці сябе і рабіць што магчыма. Хоць часам узнікаюць незадаволенасці, як, напрыклад, гэта было ў касцёле ў Дзятлаве, дзе на парафіяльным свяце арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч уручаў падзякі мясцовым уладам за супрацу з Касцёлам. Тады было шмат гнеўных каментароў. Хоць у іншы час гэта было нармальнаю шараговаю падзеяй. Бо насамрэч у рэгіёнах мясцовыя ўлады часта дапамагаюць Касцёлу ў побытавых пытаннях, маюць добрыя стасункі. Раней Касцёл часта дзякаваў ім. Сёння ж гэта ўспрымаецца як пэўная здрада.

– Апошнім часам Касцёл не толькі падзякі выдае рэгіянальным уладам, але і забараняе святарам выказвацца, як гэта адбылося з ксяндзом Вячаславам Барком. Ці не паўплываюць такія спробы балансаваць паміж вашым і нашым на рэпутацыю Касцёлу, ці не адштурхнуць вернікаў?

– Напэўна, у нейкім сэнсе паўплываюць. Але трэба разумець, што Касцёл сёння спрабуе не лезці на ражон з уладамі, але разам з тым не дазволіць убудаваць сябе ў ідэалагічную вертыкаль. Ён імкнецца заставацца на пазіцыях, агучаных у 2020 годзе, і пры гэтым не агучваць іх наноў. На маю думку, гэта рацыянальна і гэта трэба разумець. У Беларусі – 400–500 святароў, шмат іншых духоўных асобаў, і ты не перанясеш Касцёлу некуды з Беларусі.

Я лічу, што ўлады так і не здолелі за гэты гады прымусіць Касцёл ісці на саступкі, хоць нейкія вымушаныя крокі былі.

Ці можа Касцёл стацца рухавіком пераменаў у Беларусі?

– Яшчэ ў 2020 годзе былі чутныя меркаванні, што Касцёл можа і ў Беларусі стацца такім рухавіком пераменаў, як некалі ў Польшчы. Сёння Касцёл у Беларусі застаецца тым месцам, дзе пастаянна гучыць беларуская мова, дзе афіцыйныя дакументы выдаюцца па-беларуску. Ці можа ён паўплываць на свядомасць беларусаў, мець рэальны ўплыў на сітуацыю?

– Маё меркаванне, што Касцёл у 2020 годзе ды і сёння скача вышэй за галаву і свае магчымасці. Беларускае грамадства пераважна бязбожнае. Каталікі – меншасць у ім. Па самых аптымістычных падліках, 10–15 %. Адпаведны і ўплыў.

У 2020 годзе ўсе захапляліся службамі з удзелам біскупа Юрыя Касабуцкага. Але колькі людзей рэальна прыходзіла на тыя імшы? Калі паглядзець на здымкі, бачна, што касцёл няпоўны, звонку людзей не было. Так, людзям тады было прыемна чуць, што Касцёл выказваецца згодна з тым, што яны адчуваюць і да чаго імкнуцца. Але на гэтым медыйным мэсіджы ўсё і скончылася. За заахвочваннямі Касцёлу – маліцца, прыйсці ў храм і такім чынам праявіць салідарнасць – ішло вельмі мала людзей.

Не варта параўноўваць беларускую сітуацыю з Польшчаю, бо там Касцёл адыгрывае зусім іншую ролю ў грамадстве: там маштабы, ля якіх мы блізка не стаялі.

У нашай сітуацыі, калі грамадства сціхла, замерла, Касцёл не можа сказаць: а мы будзем змагацца. Касцёл можа падтрымаць людзей, выказацца, што маральна добра, а што кепска, у абарону пакрыўджаных, вязняў, супраць хлусні, але не можа заахвочваць на нейкія дзеянні. І так было і ў Польшчы. Пачынаецца ўсё з грамадства.

Рождественская служба в Архикафедральном костёле Пресвятой Девы Марии в Минске, Рождество, Рождественское богослужение, священник, молитва
Каляднае набажэнства ў касцёле Найсвяцейшай Панны Марыі ў Менску, Беларусь. 24 снежня 2021 года.
Фота: Белсат

Упершыню ў Польшчы з’явілася арганізаванае беларускае душпастырства

– Калі рэпрэсіі ўзмацніліся, за мяжу выехала ў тым ліку шмат беларусаў-каталікоў. Арцёме, вы самі жывяце ў Польшчы. Як выглядае сёння беларускае каталіцкае душпастырства за мяжою?

– Гэты год стаўся добрым працягам развіцця беларускага замежнага душпастырства, якое пачалося ў 2021-м найперш у Польшчы.

Сёлета беларускія службы з’явіліся ў Беластоку, Лодзі, пасля шматгадовага перапынку аднавіліся ў Кракаве. У Познані таксама пачынаюцца літургіі для беларусаў. Яшчэ з 2021 года дзейнічае душпастырства беларусаў-каталікоў у Вроцлаве, Любліне, Варшаве, Гданьску. На гэтае Божае Нараджэнне ўва ўсіх найвялікшых гарадах Польшчы будуць службы па-беларуску.

Я лічу, што гэта гістарычны момант, бо раней не было настолькі арганізаваных і пастаянных службаў, сустрэчаў беларусаў-каталікоў за мяжой. І ўсё гэта была ініцыятыва знізу. Каталікі, якія прыязджалі з Беларусі, шукалі магчымасць працягваць маліцца па-беларуску, захоўваць сваю тоеснасць.

костёл Святого Александра, месса, верующие, католики, Станислав Шушкевич, Варшава, Польша
У варшаўскім касцёле Святога Аляксандра. Варшава, Польшча. 8 траўня 2022 года.
Фота: Белсат

Але разам з тым, калі вяртацца да ролі Касцёлу ў развіцці беларускага грамадства, у Варшаве прыходзяць на службы ў нядзелю 100 чалавек, у Гданьску – да 100, у іншых гарадах – 40–50. А беларусаў у Польшчы дзясяткі тысяч. Калі беларусы так паважаюць ролю Касцёлу, хацелі б сябе атаясамліваць з ім, дзе ўсе гэтыя людзі? Я не хачу сказаць, што трэба станавіцца вернікам, але можна прыходзіць на сустрэчы беларусаў пры касцёлах – там людзі проста збіраюцца, каб папіць гарбаты, паразмаўляць, пабыць разам.

Тут можна паглядзець на палякаў замежжа. Далёка не ўсе тыя, хто там прыходзіць на службы, – вернікі. Але яны прыходзяць, бо ёсць нацыянальныя традыцыі, Божае Нараджэнне, калі калядкі можна паспяваць, ці Вялікдзень. Беларусы маглі б прыйсці ў касцёл у Дзень Волі і падумаць пра Беларусь. Ці падтрымаць батлейку. У Касцёле вельмі шмат робіцца рэчаў рэлігійна нейтральных. Але я не бачу, каб большасці беларусаў гэта было цікава.

Будучыня Касцёлу – актыўныя вернікі

– Вы назвалі столькі месцаў у Польшчы, дзе цяпер ідуць службы па-беларуску. Гэта столькі ксяндзоў выехала з Беларусі? Ці хто праводзіць службы?

– У большасці для беларусаў служаць палякі, якія некалі служылі ў Беларусі. Такіх некалькі дзясяткаў у Польшчы: у Гданьску, Познані, Кракаве, Беластоку, Любліне. Яны валодаюць беларускаю мовай. І гэтыя святары вельмі прыхільныя беларусам. Яны разумеюць беларусаў, наш менталітэт, нашае становішча.

– Арцёме, якім бы вы хацелі бачыць беларускі Касцёл у 2023 годзе?

– Надоечы арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч выдаў дакумент – бачанне Касцёлу ў 2023 годзе. Ён там піша пра ўзмацненне ролі свецкіх людзей, залучэнне іх у розныя функцыі, абапіранне Касцёлу на свецкіх асобаў. Такі Касцёл для мяне вельмі блізкі. Медыі звычайна канцэнтруюцца на касцельнай іерархіі: пасадзілі святара, біскуп нешта сказаў, некуды схадзіў. І гэта важна. Але духавенства – меншасць Касцёлу. Абсалютная большасць Касцёлу – свецкія людзі. І яны хочуць займаць сваё месца і ў Касцёле, і ў грамадстве. І іх трэба вучыць, узмацняць.

Я лічу, што 2022 год стаўся добры пачаткам на прыкладзе душпастырства замежжа. Бо ў абсалютнай большасці беларускія службы за мяжою былі арганізаваныя самымі людзьмі. Гэта не біскуп сказаў зрабіць беларускую службу, не святар сабраў людзей, а людзі самі шукалі адно аднаго і магчымасці зарганізаваць службы па-беларуску. Актыўныя вернікі – будучыня Касцёлу. У 2023 годзе я хацеў бы бачыць беларускі Касцёл такім – максімальна адкрытым, з вернікамі, напоўніцу залучанымі ў яго шматлікія справы.

Гісторыі
Чырвоны касцёл: як зачынялі раней і як забівалі яго святароў
2022.10.06 17:50

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў