Яраслаў Раманчук: гатовы хоць сёння прыступіць да аднаўлення беларускай эканомікі


Эканаміст Яраслаў Раманчук амаль знік з беларускай інфармацыйнай прасторы. Часцей сустракаюцца ягоныя ацэнкі і думкі наконт украінскае эканомікі. Пра сённяшняе жыццё, мінулае і планы на будучыню эканаміст расказаў у інтэрв’ю «Белсату».

Эканаміст Яраслаў Раманчук у Кіеве, Украіна. 26 лістапада 2023 года.
Фота: Белсат

– «Вікіпедыя» пра вас піша, што вы «ўкраінскі і беларускі эканаміст польскага паходжання», нарадзіліся ў Гарадзенскай вобласці, у пасёлку Сапоцкін. Ён сапраўды амаль 20 гадоў быў у складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, але ж гэта было яшчэ да вашага нараджэння…

– Так і ёсць. У Польшчы мае бацькі нарадзіліся, а я ўжо пры Саветах. Мама працавала на малаказаводзе, а бацька быў электрыкам і газаўніком. За сваю польскасць мама нават трапіла пад рэпрэсіі. Ёй гатовыя былі прапанаваць працу ў Горадні, але дзеля гэтага трэба было згадзіцца напісаць у пашпарце, што яна расейка ці беларуска, адмовіцца ад каталіцызму і не хадзіць у касцёл. Яна адказала катэгарычным «не». Таму я стоадсоткавы паляк: і па бацьку, і па маме, і па бабулі. Усе палякі. У мяне было напісана «паляк» у пятай графе савецкага пашпарту.

Дарэчы, я таксама за гэта пацярпеў. У 1984 годзе, калі я ўжо вучыўся ў «ін’язе», пасля першага курсу нас забіралі ў войска. Вайсковы камісар паглядзеў на мае дакументы і сказаў: «А, дык ты паляк, паедзеш да сваіх прадзедаў-дзядоў, бо ты вораг! Ты ж з «Салідарнасці», ты ж пачвара варожая, напэўна, схільны да шпіёнскай дзейнасці супраць савецкай Радзімы»… І я два гады адтрубіў у Сібіры.

Каментар
«Гэтаму няма апраўдання». МЗС Польшчы пракаментавала ціск на ўладальнікаў карты паляка ў Беларусі
2023.07.08 13:18

– Пасля вучобы ў Менскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце, так званым ін’язе, вы наважыліся змяніць спецыяльнасць і пайшлі на кафедру эканамічных вучэнняў БДУ. Расчараваліся ў першапачатковым выбары?

– Ды не, у «ін’язе» я быў першым пры размеркаванні, ленінскі стыпендыят. І ўжо наважыўся на аспірантуру, пачаў здаваць экзамены, але здарыўся гэты пераход ад «саўка» да незалежнай Беларусі, а з ім і поўная нявызначанасць. Заробкі былі слабыя, я жыў у інтэрнаце і трэба было нешта рабіць, каб больш-менш годна існаваць. Тады пачалася мая супраца з Беларускім саюзам прадпрымальнікаў. Я быў неблагім арганізатарам і мне там далі стаўку кіраўніка аддзелу вонкавых сувязяў. Там я папрацаваў два гады і атрымаў новую прапанову – узначаліць гандлёвае прадпрыемства з польскім капіталам.

Але праз два гады мне і там стала сумна. Якраз тады я пазнаёміўся з Леанідам Заікам і ён зацікавіў мяне эканомікай. Ён тады кіраваў школай мікра- і макраэканомікі для найвышэйшага кіраўніцтва Беларусі. Я яе скончыў і хутка напісаў дысертацыю. Мне вельмі дапамагло тое, што я мог чытаць літаратуру на англійскай мове.

У 1995 годзе Леанід Заіка і Толя Майсеня, заснавальнік і кіраўнік вельмі прэстыжнага цэнтру «Усход – Захад» (першы мазгавы цэнтр, што меў вялікае значэнне для кансалідацыі інтэлектуальных элітаў) запрасілі мяне да сябе. І я стаў памочнікам Станіслава Багданкевіча, які тады быў дэпутатам Вярхоўнага Савету. Гэта была мая першая сустрэча з вялікай беларускай палітыкай…

Эканаміст Яраслаў Раманчук чытае лекцыю для студэнтаў у «Доме з зоркай» у Кіеве, Украіна. 26 лістапада 2023 года.
Фота: Белсат

– Наколькі я разумею, цяпер вы ў Кіеве. Чым займаецеся, на што жывяце?

– На заробак. Я займаюся інфармацыяй, аналітыкай, эканомікай. Узначальваю Офіс простых рашэнняў і вынікаў у Кіеве. Працуем мы непасрэдна з органамі ўлады, са структурамі бяспекі дзеля таго, каб ім тлумачыць, што такое эканамічная бяспека. Цяпер вось кніжку напісаў «Новы Захад. Украінская мара», дзе прапаную інавацыйную мадэль для Украіны. Фармаванне цэнавай палітыкі, тлумачэнне, што такое эканамічная свабода, як стаць краінаю поспеху. Я ім паказваю, з якіх краінаў можна браць прыклад, а з якіх – не трэба. Проста робіш такія рэчы, потым рассылаеш іх, сустракаешся з рознымі кіраўнікамі, міністрамі, кіраўнікамі бізнесу, то бок такая актыўная, аналітычная, навукова-адукацыйная праца.

– Чаму вы, паляк, выехалі не ў Польшчу, а ва Украіну?

– Бо лічу, што гэтая дзяржава мае ўнікальную магчымасць першай стаць вольнай краінай і пазней дапамагчы нам перазагрузіць гэтую самую свабоду. Упэўнены, што калі атрымаецца ва Украіне, то атрымаецца і ў нас. На ўзроўні пасіянарнасці яны нам фору даюць, а вось з пункту гледжання ведаў глыбінных украінцы яшчэ на паверхні. Злучэнне такога вось навукова-аналітычнага падыходу з пасіянарнасцю ўкраінцаў можа даць добры вынік.

Дарэчы, я, калі прыехаў сюды, быў уражаны, якая колькасць чыноўнікаў хваліць беларускую мадэль. І ў прамысловай палітыцы, і ў аграрнай, і ў сацыяльнай. Я тут пісаў направа-налева і казаў: «Вы што, учадзелі? Якая беларуская мадэль? Вы ўвогуле разумееце, што там адбываецца?» «Не, не разумеем!» Ну і на гэтым размова скончаная. Гэта адбываецца, калі людзі ўсё вярхамі ды вярхамі: вой, стабільнасць, вой, там добрае прамысловае развіццё, там пенсіі плацяць і ўсё добра. Гэта на ўзроўні турыста, які прыехаў у краіну на некалькі дзён і нічога не бачыць акрамя таго, што вуліцы чыстыя.

Эканаміст Яраслаў Раманчук у Кіеве, Украіна. 26 лістапада 2023 года.
Фота: Белсат

– Вашая сям’я таксама ва Украіне?

– Не, сям’я ў Польшчы. Хлопцы мае, сыны, вучацца ў школе: старэйшаму – 11 гадоў, малодшаму – 8. Жонка працуе ў IT-кампаніі. Яна таксама пацярпела праз тое, што мае маё прозвішча. І дзецям у таталітарнай школе ў Беларусі было непажадана заставацца, бо рана ці позна яны былі б выкарыстаныя рэжымам Лукашэнкі супраць мяне. Яны выехалі амаль на год пазней за мяне. Спачатку думаў іх ва Украіну перавезці, але пачалася вайна. Самы няўтульны год, першы, што быў пераходным, яны ўжо прайшлі. Вывучаюць мовы, прыродазнаўчыя навукі. Закладаюць базу, а потым няхай абіраюць самі, куды пайсці. Яны актыўныя: у футбол гуляюць, у тэніс, у бадмінтон, ролікі ёсць, плаваюць, малодшы заняўся навучаннем музыкі на ўдарных інструментах.

– Тое, што вас няма ў Кабінеце Святланы Ціханоўскай, як патлумачыце?

– Я лічу самым вялікім правалам Кабінету татальную адсутнасць эканомікі ў ім. Ціханоўская ведае, хто я такі, ведае і Дабравольскі, і Лябедзька. І той факт, што яны не запрасілі і нават проста не паразмаўлялі, гаворыць пра тое, што ў іх не было задачы рабіць нармальную эканамічную палітыку і асветніцтва. Тое, што яны робяць, гэта нейкі піяр, выбіванне праектаў: маўляў, калі мы ўступім у Еўрапейскі Звяз, нам дадуць $ 3 млрд. Гэта поўная лухта. Ведаеце, я ў 1997 годзе працаваў у ценявым урадзе яшчэ Генадзя Карпенкі, Васіля Шлындзікава і Станіслава Багданкевіча, і я цудоўна ведаю, што гэта такое. Мы рабілі аналітыку, нейкія даклады, я пісаў альтэрнатыўныя пасланні, калі быў у апазіцыі. А тое, што яны робяць… Яны эканомікай не займаюцца ўвогуле. Я не ведаю, з якой прычыны, але я ўжо і Валеру Кавалеўскаму казаў, і ў розных выступах на тэлебачанні і ў YouTube-каналах. Ну, не хочуць, дык не хочуць. Мне нават украінцы кажуць: потым мы цябе не аддамо Беларусі (смяецца).

Аналітыка
«Сітуацыя трымаецца на валаску». BEROC ацаніў перспектывы беларускай эканомікі і інфляцыі
2023.11.15 11:01

– А для Беларусі ў вас ёсць нейкі план?

– Так, у 2011 годзе я зрабіў Антыкрызісны план для Беларусі, што не страціў сваёй актуальнасці. Тут я выпрацаваў праграму «Эканоміка ваеннага часу» і праграму развіцця для Украіны. Яны, гэтыя праграмы, на 95 % супадаюць з тым, што трэба рабіць у Беларусі. Таму я абсалютна гатовы да таго, каб пачаць рабіць рэформы.

Першыя 12–18 месяцаў мы здзейснім такія змяненні, якія дазволяць краіне максімальна хутка расці. Натуральна, прыватызацыя расцягнецца на пэўны час. Рэформа адукацыі, аховы здароўя, пенсійная сістэма. Гэта тыя рэчы, якія не робяцца за год. Але, прынамсі, ёсць дакладнае ўяўленне таго, што і як трэба рабіць. Таму хістанняў не будзе. Была б палітычная воля для пачатку. У свой час Саакашвілі, у якога я тут у 2021 годзе пачаў працаваць у Офісе простых рашэнняў і вынікаў, даў поўны карт-бланш Каху (Каха Бэндукідзэ, вядомы грузінскі рэфарматар і бізнесовец, дарадца ўраду Украіны ў 2014-м) рабіць эканамічныя рэформы. І той зрабіў. Тое ж самае мусіць быць і ў Беларусі. Ні Ціханоўская, ні Бабарыка, ні Лябедзька – ніхто з іх. Палітыкі мусяць займацца палітыкай, а эканамісты – эканамічнымі рэформамі і трансфармацыямі.

Эканаміст Яраслаў Раманчук у Кіеве, Украіна. 26 лістапада 2023 года.
Фота: Белсат

– Вы шмат стажаваліся ў амерыканскіх універсітэтах, канадскім… Ці былі прапановы там застацца?

– Былі, вядома. Нават у 2021 годзе была прапанова, калі я пераехаў ва Украіну, але я адмовіўся. Там магу быць госцем, але адаптавацца да таго асяроддзя – гэта не маё. У мяне інтэлектуальныя партнёры, я чалец міжнароднай сеткі «Atlas Network», гэта мазгавы цэнтр свету. Але мне не хапае гэткага духу, які ёсць ва Украіне, у Беларусі, у Польшчы – вось у гэтай частцы свету. Бо, калі шукаць пульс змяненняў, што за свабоду б’ецца, ён абсалютна тут. Гэта пярэдні край барацьбы. Калі мы пераможам рашыстаў-пуцінцаў, тады распачнецца самае цікавае.

– Многія за некалькі гадоў, а некаторыя адразу па выездзе пакутуюць ад настальгіі, ад нейкіх бытавых праблемаў. Іншыя – наадварот, аселі ўжо ў Літве, Польшчы, іншых краінах Еўропы з сем’ямі і вяртацца наўрад ці будуць. А вы – ці збіраецеся вяртацца ў Беларусь?

– Вядома ж. Самыя горкія ў мяне шкадаванні, што я не магу паехаць на магілы маці і бацькі. Вось кожнага 1 лістапада, калі ў нас Дзяды, у мяне вельмі сціскае сэрца, ледзь не да слёз з вачэй, што не магу быць на Радзіме ўжо два гады. Раней я кожны год быў там. Таты не стала ў студзені 2010 года, мамы – у 2018-м. Калі я паехаў вучыцца ў Менск у 1983 годзе, у нас як у каталіцкай сям’і самымі галоўнымі святамі былі Каляды і Вялікдзень. У гэтыя дні я заўсёды быў удома. Заўсёды! Мы ішлі ў касцёл, замаўлялі імшу. Цяпер усяго гэтага я пазбаўлены. Хаця, вядома, і ў Кіеве ёсць храмы, недалёка ад мяне грэка-каталіцкі касцёл і я заходжу…

Аб’ектыў
Яраслаў Раманчук: «Падставаў для таго, каб расла эканоміка няма»
2022.10.31 21:34

Аляксандр Пуціла belsat.eu 

Стужка навінаў