Яраслаў Раманчук: «Падставаў для таго, каб расла эканоміка няма»


За што б ні ўзяўся – усё падае. Спрабуе абысці заходнія санкцыі і пераключыць гандлёвыя патокі на Расею ды Кітай – падае ВУП. Захацеў забараніць эканоміцы самой рэгуляваць кошты – атрымаў прагноз па далейшаму абясцэньванню рубля.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Загадаў плаціць пазыкі па еўрааблігацыях у рублях, якія ніхто не збіраецца прымаць, упаў і ўжо чацвёрты месяц не падымаецца крэдытны рэйтынг краіны:

«Маё даручэнне, што па даўгах трэба плаціць, але ў беларускіх рублях мы на асобныя рахункі залічваем гэтыя плацяжы. Паспеюць для таго, каб мы з імі разлічыліся, – калі ласка. Не паспеюць – што ж».

А тое ж, што паводле таго ж агенцтва Фіч асноўныя беларускія дзяржпрадпрыемствы эфектыўна працуюць на склады. Эксперты прагназуюць сусветнае зніжэнне цэнаў на энерганосьбіты, што ставіць пад вялікае пытанне эфектыўнасць адпаведнага беларускага экспарту. Займаць недзе грошы рэжыму будзе ўсё цяжэй. У тым ліку на азіяцкіх рынках, нават калі там ёсць нейкія асабістыя дамоўленасці. Паводле эксперту фонду Beroc Анастасіі Лузгіной:

«Вось гэтыя рэйтынгі, вядома, будуць аказваць уплыў на рашэнне станоўчае ці адмоўнае. І з другога боку гэта, вядома, уплывае на кошт такіх крэдытных рэсурсаў. То бок, такія рэсурсы будуць хутчэй за ўсё вельмі дарагімі».

Усё гэта яшчэ больш павялічвае пагрозу беспрацоўя і зніжэння ці затрымкі заробкаў у дзяржсектару, дэфіцыту тавараў ды паслугаў. Кажа Дзмітрый Балкунец:

«Гэта ўсё ў выніку прывядзе да падзення якасці жыцця насельніцтва, да падзення даходаў. Калі мы возьмем сістэму аховы здароўя, то я ўпэўнены, што ўжо цяпер у многіх больніцах і паліклініках людзі сутыкаюцца з элементарай адсутнасцю лекаў, абсталявання для дыягностыкі, гэта ўсё вось следства той палітыкі ізаляцыі, якую праводзіў Лукашэнка».

Яраслаў Раманчук дадае:

«Падставаў для таго, каб расла эканоміка няма. Магчымасцяў для падвышэння выдайнасці працы – няма. Інвестыцыяў таксама чакаць няма адкуль. Традыцыйныя рынкі заблакаваныя. Пагаршэнне сітуацыі відавочна. Гэта будзе такое загніванне сітуацыі, як у познім сацыялізме 80-х гадоў».

У сваёй справаздачы агенцтва Фіч узгадвае і спробы Лукашэнкі ўручную рэгуляваць кошты. Наступствы гэтага, відавочна, адчувае нават прыбліжаны бізнес. Напрыклад, той жа Еўраопт з першага лістапада зачыняе Е-дастаўку для многіх беларускіх рэгіёнаў. Эксперты кажуць, што рытэйлеры ўжо цяпер вымушаныя адмаўляцца ад другасных функцый, каб пакрыць страты ад цела рухаў рэжыму, што знаходзяцца па-за межамі эканамічнай логікі. Паводле Анастасіі Лузгіной:

«Гэта толькі пачатак, цяпер вось прыпыняецца нармальная праца гандлёвых сетак, іпэшнікі не ведаюць як працаваць, а сектар гандлю гэта таксама значная частка эканомікі. Тыя перашкоды, з якімі ён сутыкнуўся, ні да чаго добрага не прывядуць».

Яраслаў Раманчук кажа:

«Трэба рыхтавацца да таго, што нейкіх ужо тых рэчаў, паслугаў, тавараў да якіх прызвычаіліся людзі з сярэднім даходам у Беларусі – проста не будзе або яны будуць з кантрабанды. Так што самы час зрабіць нейкія сацыяльныя сеткі людзей, што будуць пастаўляць гэтыя тавары, мець на ўсялякі выпадак свайго валютчыка, да гэтых часоў трэба рыхтавацца».

Агенцтва Фіч таксама пацвярджае адсутнасць перспектываў для інвестыцый у Беларусь, спыненне структурных рэформаў, адмоўны ўплыў палітычнага чынніка на эканоміку ў цэлым. Адна ж з асноўных пагрозаў – няспыннае вымыванне кваліфікаваных кадраў з эканомікі. Спецыялісты працягваюць пакідаць краіну. Мінус 50-70 тысячаў чалавек штогод па ацэнках Яраслава Раманчука:

«Па-сутнасці, ствараюцца ўмовы для таго, каб тыя структуры, якія крышуюць, кантралююць, сталі яшчэ і камерсантамі. Лукашэнка, калі лепшых выганяе – застаецца нейкі другі эшалон ці трэці. Прыходзяць такія людзі, як Манілавы ці Астапы Бэндэры для таго каб убудавацца ў нейкі паток грашовы дзяржаўны, каб зарабіць сабе як мага хутчэй грошай і знікнуць».

Fitch прагназуе, што ў Беларусі працягнецца рост інфляцыі – на ўзроўні двухзначных паказнікаў. Дэфіцыт бюджэту сектара дзяржкіравання ў 2022 годзе ў агенцтве ацэньваюць у 4% ад ВУП. Гэта звязана ў тым ліку з неабходнасцю вылучэння дзяржавай сродкаў на праекты, якія раней фінансаваліся за кошт міжнародных фінансавых арганізацый.

Уладзіслаў Корсак, «Белсат»