Ціханоўская распачала візіт у Нямеччыну. Абмяркуе візы для беларусаў ды рэабілітацыю палітвязняў


Святлана Ціханоўская распачала свой двухдзённы афіцыйны візіт у Нямеччыну. На суботу і нядзелю 25 і 26 лістапада запланаваныя шэраг сустрэчаў з нямецкімі чыноўнікамі і абмеркаванне беларускіх пытанняў.

Святлана Ціханоўская выступае перад журналістамі пасля паседжання Аб’яднанага пераходнага кабінета. Варшава, Польшча. 2 кастрычніка 2023 года.
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

Пра свой візіт у Нямеччыну абраная прэзідэнтка Беларусі паведаміла ў сацсетцы Х.

«Сёння я пачынаю свой візіт у Нямеччыну, да моцнага саюзніка дэмакратычнай Беларусі. Я сустрэнуся з віцэ-канцлерам Робертам Габекам, міністрам замежных справаў Нямеччыны Аналенай Бэрбак і дзяржаўным міністрам Ганнай Люрман. Я таксама выступлю на канферэнцыі федэральных дэлегатаў BDK23 партыі «Зялёныя», – напісала Ціханоўская.

Запланаваныя таксама сустрэчы з дэпутатамі Бундэстагу і лідарам групы «За дэмакратычную Беларусь». З імі беларуская лідарка абмяркуе рэалізацыю рэзалюцыі Бундэстагу па Беларусі, візы для беларусаў, рэабілітацыю палітвязняў, прыцягненне рэжыму Лукашэнкі да адказнасці. У прамове на канферэнцыі партыі «Зялёныя» Ціханоўская плануе закрануць пытанні адносна еўрапейскай будучыні Беларусі, зялёную эканомікіу і ўстойлівае развіццё нашай краіны, а таксама ядравую зброю.

Hавiны
Ціханоўская прыдумала слова для лукашэнкаўскіх выбараў: «бязвыбары»
2023.11.24 20:31

27–28 лістапада дэмакратычная лідарка наведае Рыгу з афіцыйным візітам. У Латвіі нядаўна змяніўся ўрад, таму адной з мэтаў візіту будзе стварэнне новых сувязяў і ўмацаванне старых. Ціханоўская сустрэнецца з прэзідэнтам Латвіі, прэмʼер-міністрам, спікерам парламенту, міністрам замежных справаў, мэрам Рыгі і групай «За дэмакратычную Беларусь» у парламенце.

Святлана Ціханоўская плануе абмеркаваць праблемы беларусаў у Латвіі, выдачу візаў і мабільнасць для беларусаў, адмежаванне беларусаў ад расейцаў і рэжыму. Таксама плануецца распавесці пра сітуацыю з новым пашпартам, пра еўрапейскі выбар Беларусі, пра неабходнасць прыцягнення рэжыму да адказнасці за парушэнні правоў чалавека і ўдзел у расейскай агрэсіі супраць Украіны, пра ўмацаванне сувязяў паміж беларускім і латышскім народамі.

Hавiны
Ціханоўская падзякавала Латвіі за падтрымку імкнення да свабоды і дэмакратыі ў Беларусі
2023.11.18 15:22

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў